АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

За два гады беларускія ВПС страцілі семь лётчыкаў

З 30 жніўня 2009 года, даты першай катастрофы ў беларускай ваеннай авіяцыі з чалавечымі ахвярамі, пасля больш чым 12-гадовага перыяду ВПС і войскі СПА Беларусі страцілі семь лётчыкаў і чатыры баявыя машыны.

За два гады беларускія ВПС страцілі семь лётчыкаў
Як ужо паведамлялася, 29 лістапада 2011 года ў 19.45 падчас выканання планавых навучальна-трэніровачных палётаў пры заходзе на пасадку ў раёне аэрадрома Пружаны (Брэсцкая вобласць) адбылося крушэнне верталёта Мі-24 181-й баявой верталётнай базы. Тры члены экіпажа паветранага судна загінулі.
30 жніўня 2009 года падчас авіяшоў у польскім Радаме разбіўся Су-27 61-й знішчальнай авіябазы (Баранавічы). Яго пілатавалі лётчыкі-снайперы намеснік камандуючага Заходнім аператыўна-тактычным камандаваннем ВПС і войскаў СПА Аляксандр Марфіцкі і намеснік камандзіра 61-й знішчальнай авіябазы Аляксандр Жураўлевіч. Абодва пілоты загінулі.
21 красавік 2010 г. у раёне Ружан (Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць) у час ажыццяўлення планавага палёту ва ўмовах абмежаванай бачнасці, як паведамляла прэс-служба Мінабароны, пры выкананні манеўру павышанай складанасці адбылося сутыкненне у паветры двух самалётаў МіГ-29 927-й знішчальнай авіябазы . У выніку адна з машын была страчаная, лётчык катапультаваўся. Другі знішчальнік здолеў вярнуцца на аэрадром базавання.
23 верасня 2010 г у Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці пацярпеў катастрофу МіГ-29 61-й ЗАБ. Паводле звестак прэс-службы Мінабароны, экіпаж выконваў элементы пілатажу павышанай складанасці на малых вышынях. Загінулі лётчык 1-га класа, камандзір авіяцыйнай эскадрыльі падпалкоўнік Сяргей Каваленка і лётчык 2-га класа, намеснік камандзіра авіяцыйнага звяна маёр Аляксандр Жыгайла. Дарэчы, першы з іх двойчы выконваў адзін з самых складаных элементаў баявой падрыхтоўкі авіятараў - садзіў МіГ-29 на аэрадромны ўчастак дарогі.
Вынікі расследавання прычын гэтых катастроф не абнародаваліся.
З 1970 па 1997 гады ў ваеннай авіяцыі, якая дыслацыравалася на тэрыторыі Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, адбылося больш за 100 авіяцыйных здарэнняў, у якіх загінулі больш за 60 чалавек. Апошнімі ў гэтай чарадзе былі катастрофы Су-27 і Су-17 у раёне Баранавічаў 23 мая 1996 года і 19 мая 1997 года. У першай загінуў начальнік паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-й знішчальнай авіябазы падпалкоўнік Уладзімір Карват, стаўшы першым Героем Беларусі (пасмяротна). Гэта апошняе авіяздарэнне, вынікі расследавання якога сталі вядомыя грамадскасці. У другой катастрофе загінуў начальнік станцыі лётных выпрабаванняў 558-га авіярамонтнага завода падпалкоўнік Сяргей Паграбан. Па неафіцыйнай інфармацыі, пілот пераацаніў магчымасці самалёта і свае ўласныя.
Да ўжо пералічаных катастроф дзяржаўнай авіяцыі на тэрыторыі Беларусі можна дадаць крушэнне ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці 20 кастрычніка 2011 года верталёта органаў памежнай службы Беларусі AS 355NP Ecureuil. На борце знаходзіліся пяцёра чалавек: два члены экіпажа (Ігар Скварцоў 1965 г.н. і Андрэй Пякарскі 1979 г.н.) і здымачная група тэлерадыёаб'яднання "Саюз" (Юлія Шатэрнік 1983 г.н., Віталь Прачкоўскі 1974 г.н. і Сяргей Шамалаў 1972 г.н.). Усе яны загінулі. "Еўракоптэр" выконваў планавы палёт па ахове дзяржаўнай мяжы.











11:30 30/11/2011


Загрузка...
Загрузка...