АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Якая песня павінна быць гімнам Беларусі? (аўдыё)

Дваццаць гадоў таму, 19 верасня 1991 года, бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" сталі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі. Пасля таго, як у 1995 годзе гэтыя сімвалы былі замененыя на сённяшнія, яны зрабіліся сімвалам барацьбы за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.

Якая песня павінна быць гімнам Беларусі? (аўдыё)
Аднак парламент Беларусі прыняў сцяг і герб, але не прыняў новага гімна. З тых часоў у краіне ідзе пастаянная дыскусія пра тое, якая песня павінна быць гімнам Беларусі. Усе варыянты з аўдыё сабраў у сваім блогу на "Нашай ніве" Алесь Чайчыц.
Ваяцкі марш
Гімн Беларускай Народнай Рэспублікі ад 1918 г. рэгулярна выконваецца ў эміграцыі, і кандыдат нумар адзін у дзяржаўныя гімны незалежнай несавецкай Беларусі:

Гэтую песню, аднак, складана спяваць:
чалавек з шараговымі вакальнымі дадзенымі не заўжды выцягне высокія ноты («шчыльнымі рада-амі, на во-ольны родны свой прастор»), і таму для шырокага выкарыстання песня рашуча не падыходзіць.
"Магутны Божа"
(Словы — Натальля Арсеньнева, 1943 г.; музыка — Мікола Равенскі, 1947 год)
Гімн, які таксама набыў папулярнасць сярод пасляваеннае эміграцыі, а пасля распада СССР часта выконваецца ў Беларусі ў касцёлах і цэрквах.

Цудоўная песня, але для гімна надта мінорная і жалобная. Гэта выдатны духоўны гімн, але для нацыянальнага яму бракуе аптымізма і дынамікі.
"Пагоня"
Знакаміты верш Багдановіча спяваўся на матыў «Марсэльезы» яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя.

Праблема ў тым, што няма агульнапрынятай мелодыі, а ўсе, якія ёсць, мне здаюцца невыразнымі. Дарэчы, пры жаданні «Пагоню» можна пакласці і на мелодыю сучаснага гімна — паспрабуйце;). У 1993 г. уласную версію «Пагоні» (вядома, не гімнавую) выконвалі і «Песняры»:

"Жыве Беларусь"
(Музыка — Васіль Раінчык, словы — Леанід Пранчак)
Песня напісаная ў 90-я гады, нядаўна Уладзімір Някляеў сказаў, што быў суаўтарам ці аўтарам тэксту.

Гэты гімн, на маю думку, ідэальны: мажорная, не складаная, але прыкметная мелодыя, ад якой нязменна падвышаецца настрой. Выдатны тэкст з адсылкамі да іншых гістарычны гімнаў, пералічаных вышэй.
Мяне асабліва кранае радок «нас нядоля не здалела» — без перабольшання самы «беларускі» дэвіз.
 
Вось гэта твор, сапраўды дастойны быць гімнам Беларусі. Мой голас — за гэты гімн.
* * *
Сучасная дзяржаўная сімволіка, на маю асабістую думку, непрымальная не толькі з ідэалагічнага пункту гледжання як спадкаеміца сімволікі БССР. Яна цалкам непрымальная і з эстэтычных меркаванняў. Лепш бы пакінулі сімвалы БССР, як яны былі — з сярпом-молатам, альбо, скажам, паставілі на месца сярпа-молата якісь новы сімвал (хоць зорку, хоць крыж Еўфрасінні Полацкай).
Калі лукашэнкаўскі рэжым сарамліва садраў з сімволікі серп і молат, Беларусь атрымала негарманічны і асіметрычны з усіх бакоў сцяг, дзе пустая чырвань навісае над зялёнай стужкай. Таксама аб’ектыўна непрыгожы і герб з незразумелай плямай пасярэдзіне, у якім незнаёмы з Беларуссю чалавек не адразу пазнае контуры краіны па стане на сённяшні дзень. Абрыс краіны у якасці дзяржаўнага сімвала маюць толькі тыя, хто не мае гісторыі — альбо, як у нашым выпадку, не жадае яе мець, не хоча пераемнасці з гісторыяй беларускай зямлі і яе тысячагадовым сімвалам — «Пагоняй».
 
Але што тычыцца мелодыі гімна БССР — яна якраз мне здаецца добрай, гэта прыгожы велічны марш. Галоўнае, не пісаць да яго бязглуздыя словы.
Заўважыў, што чамусьці мелодыя вельмі зручна граецца на «мажорным» губным гармоніку. У пачатку 90-х менавіта гэтая мелодыя, без словаў, была гімнам Беларусі:

Ну і ў якасці «бонуса» рэлігійны гімн «Багародзіца», які ў Сярэднія вякі часта выконваўся перад боем і з афіцыйных нагодаў Вялікага Княства Літоўскага (паняцця «дзяржаўны гімн» тады не было). Вось ён у сучасным выкананні «Старога Ольсы»:
10:43 19/09/2011


Загрузка...
Загрузка...