АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Вялікая калoна мігрантаў ідзе па дарозе да польскай мяжы

Раніцай 8 лістапада ў сацыяльных сетках зьявіліся відэа, якія сьведчаць аб тым, як буйная група мігрантаў рукхаецца ў бок Польшчы ў раёне памежнага пераходу ля Брузгоў (Горадзенская вобласьць). Іх кантралююць узброеныя людзі ў вайсковай форме.

Вялікая калoна мігрантаў ідзе па дарозе да польскай мяжы
Памежны камітэт Беларусі паведаміў з гэтай нагоды:

«На гэты момант шматлікая група ўцекачоў з рэчамі рухаецца ўздоўж трасы да мяжы з Польшчай. Памежная варта Польшчы неаднаразова рапартавала аб тым, як тысячамі выцясняе мігрантаў да мяжы зь Беларуссю. На падобны крок роспачы ўцекачоў падштурхнула абыякавасьць і бесчалавечнае стаўленьне польскіх уладаў.

Беларускім бокам прымаюцца неабходныя меры для забесьпячэньня бесьперабойнага функцыянаваньня каналаў міжнародных паведамленьняў, а таксама бясьпекі людзей, якія рухаюцца па аўтамагістралі».

Пры гэтым на Брузгах няма пешага пераходу мяжы. Паводле інструкцый, пры перасячэньні мяжы там усе павінны сесьці ў машыну ці аўтобус.

Па стане на 11.30 узброеныя асобы зь беларускага боку перакрылі рух да памежнага пераходу. На онлайн-камэрах відаць, што каля самога пераходу нікога няма.

Цяпер там знаходзіцца каля тысячы чалавек, узброеныя людзі працягваюць іх суправаджаць. Як вынікае з апублікаваных у інтэрнэце відэа саміх мігрантаў і анлайн-трансляцый з камэр памежнай тэрыторыі, натоўп замежнікаў не накіраваўся ў бок памежнага пераходу Брузгі, а вымушана згарнуў у бок лесу за 200-300 мэтраў ад КПП.



11:37 08/11/2021