АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«Не магу прызнаць злачынства, якога не рабіў». Бабарыка выступіў у судзе з апошнім словам

24 чэрвеня на судовым пасяджэньні былы прэтэндэнт у прэзыдэнты і банкір Віктар Бабарыка выступіў з апошнім словам перад абвяшчэньнем выраку, які чакаецца 6 ліпеня. Дзяржабвінаваўца запрасіў для Бабарыкі 15 гадоў пазбаўленьня волі.

«Не магу прызнаць злачынства, якога не рабіў». Бабарыка выступіў у судзе з апошнім словам
1 из 2
Палітвязень Віктар Бабарыка, выступаючы ў судзе з апошнім словам, заявіў, што ня можа прызнацца ў злачынстве, якога не зьдзяйсьняў, перадае Свабода.

Бабарыка сказаў, што ён падтрымлівае тое, што гаварылі адвакаты, і спыніцца ў сваёй прамове «на чалавечай сытуацыі». Ён сказаў, што, пражыўшы кавалак жыцьця і знаходзячыся ў гэтай клетцы, яму ня сорамна за сваё жыцьцё перад сваёй сям’ёй.

«Мне ня сорамна, бо перад рашэньнем, прынятым у траўні, яны ведалі, што я не падманваю».

Паводле Бабарыкі, прызнаючыся ў злачынствах, якіх ён не рабіў, магчыма, ён меў бы нейкія матэрыяльныя выгады:

«Я не магу прызнаць злачынства, якога я не рабіў», — заявіў ён. Яму ня сорамна перад блізкімі, бо не было дапушчана процізаконных дзеяньняў і нават намёку на ўчыненьне процізаконных дзеяньняў. Яму ня сорамна перад работнікамі банку, бо быў зроблены найлепшы банк у краіне; перад тымі, хто разам сядзіць у клетцы і лічыць яго злачынцам.

Паводле Бабарыкі, за 25 гадоў працы яны не пачулі, што мусяць рабіць нейкія дзеяньні.

«Што б яны ні казалі, я ў гэта дагэтуль ня веру. Я ім нічога не казаў і іх не падманваў».

Яму не сорамна і перад кліентамі: «Не сорамна перад тымі, хто паверыў мне і стаў сябрам штабу», — сказаў Бабарыка.

Паводле яго, тое, што яны зрабілі, ацэньваецца ў мільёны даляраў, і яны за гэта нічога не атрымалі.

Ён сказаў, што сотні тысяч, хто паставіў подпісы, верылі, што можна пабудаваць краіну з агульначалавечымі каштоўнасьцямі. «Я сумленны перад імі», — сказаў ён.

Бабарыка сказаў, што яму складана даведацца пра ацэнку людзей, ці сорамна ім за яго, бо ён цягам году знаходзіцца ў СІЗА, у ізаляцыі, у яго няма доступу да інфармацыі, да яго даходзіла няшмат лістоў. Але ён разумее, што бальшыня сяброў штабу працягнулі пачатае.

Гэтыя людзі, паводле Бабарыкі, ахвяравалі матэрыяльнымі дабротамі, свабодай і жыцьцём.

«Я ўпэўнены, што быў сумленны і не зрабіў ніякіх дзеяньняў супраць законаў Беларусі», — сказаў ён.

Бабарыка таксама сказаў, што ня ведае меркаваньняў супрацоўнікаў банку, але тыя, хто выступаў, не казалі, што ім было сорамна працаваць. Ён сказаў, што ня ведае думак сяброў і блізкіх, але іх сваякі таксама не адчувалі непавагі да мяне:

«Я ведаю ацэнку, якую паставілі мне дзеці: за тату ня сорамна».

Паводле Бабарыкі, жыцьцё — маратон, і на гэтай дыстанцыі іншы раз даводзіцца рабіць выбар. Ён сказаў, што мы робім не для сябе, а для дзяцей. Ён пажадаў, каб «на гэтай дыстанцыі вы пачулі тую ж думку, што ім за вас ня сорамна».

Судзьдзя адзін раз перапыніў прамову, маўляў, Бабарыка гаворыць не па справе. У канцы прамовы прысутныя горача запляскалі ў далоні. Сеньня заля поўная, людзі перад пачаткам віталі Бабарыку, паказвалі яму рукамі сэрцайкі і знакі перамогі. Перад уваходам у залю быў наладжаны кантроль, людзей прапускалі праз мэталяшукальнік, правяралі зьмесціва сумак і абшуквалі, тэлефоны, дыктафоны і ноўтбукі патрабавалі пакінуць у адмысловых шуфлядках для захоўваньня. Пасьля выступу ВІктара Бабарыкі пачалі гаварыць свае «апошнія словы» іншыя абвінавачаныя.

Людзі ў двары суду дачакаліся адвакатаў Віктара Бабарыкі і сустрэлі іх аплядысмэнтамі.
21 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачаліся спрэчкі бакоў у справе Віктара Бабарыкі і іншых былых топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».

Выступы пракурора прадоўжыліся і 22 чэрвеня. У той жа дзень пракурор Сяргей Гіргель папрасіў пакараць былога банкіра 15 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму праз абвінавачаньне ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК).

Гэта максымальны тэрмін, які маглі запрасіць пры выстаўленых яму абвінавачаньнях. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, «віна знайшла пацьверджэньне цалкам».

Акрамя таго, для Віктара Бабарыкі пракурор патрабуе і штраф у памеры 5 тысяч базавых велічынь — 145 тысяч рублёў.

Астатнім фігурантам запрасілі ад 3 да 6,5 года пазбаўленьня волі:

Сяргею Шабану, Дзьмітрыю Кузьмічу — 6,5 года турмы,
Аляксандру Ільясюку, Сяргею Дабралёту, Кірылу Бадзею — 5,5 года,
Аляксею Задойку — 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову,
Віктару Кабяку — 3 гады калёніі.

На паседжаньні 6 красавіка Віктар Бабарыка заявіў аб сфабрыкаванасьці справы і адмовіўся даваць паказаньні. Ён не прызнае віны ні ў адным эпізодзе.

11:04 28/06/2021