АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

БСДП не будзе ўдзельнічаць ва «Усебеларускім народным сходзе»

Пра гэта гаворыцца ў заяве Прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, якую апублікаваў у сваім фэйсбуку старшыня партыі Ігар Барысаў.

БСДП не будзе ўдзельнічаць ва «Усебеларускім народным сходзе»
«Прэзідыум БСДП абмеркаваў запрашэнне з апарата Савета міністраў старшыні партыі Ігару Барысаву прыняць удзел у VI Усебеларускім народным сходзе і паведамляе наступнае:

Прэзідыум БСДП лічыць, што дадзены сход з’яўляецца кансультацыйным мерапрыемствам прыхільнікаў дзеючай улады, аднак не беларускага народа і не палітычных партый, якія дагэтуль не прызнаны суб’ектамі палітычных працэсаў унутры краіны.

Прэзідыум БСДП мяркуе, што пытанні па выхаду з палітычнага крызісу не могуць разглядацца на Усебеларускім народным сходзе праз неканстытуцыйнасць гэтага мерапрыемства і неўпанаважанасці яго ў пытанні прыняцця рашэнняў.

Гэты сход не будзе спрыяць адзінству і кансалідацыі беларускага народа, а толькі ўзмоцніць супрацьстаянне ўлады з народам», — гаворыцца ў заяве.


17:28 07/02/2021