АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Ідзі і глядзі

Віктар Марціновіч піша для budzma.by пра тое, чаму нашай абаронай мусіць зрабіцца памяць.

Ідзі і глядзі
Мы імкліва набліжаемся да часоў, калі адзіным запатрабаваным літаратурным жанрам будзе добра напісаны праклён. 

Бо словы журбы ўжо не кранаюць.

Спачатку яны адключалі ваду ў камерах ізалятараў, каб зняволеныя задыхаліся ад смуроду, цяпер яны ператварылі ў СІЗА цэлы мікрараён. Пацвярджаючы думку пра тое, што няважна, наколькі раскошныя ў цябе апартаменты, важна, што робіцца ў краіне за тваімі шыбамі. І так, выдатная ідэя спыняць для праверкі кожнага, хто спрабуе падвезці ваду ў гета. Выдатная, але не вельмі новая.

Самай дакладнай аналітыкай цяпер ёсць просты пералік падзеяў. Якія зрабіліся настолькі вар’яцкімі, што ніякіх тлумачэнняў не патрэбна. 

Ідзі і глядзі.

Чалавек выйшаў бараніць бел-чырвона-белыя стужкі ў свой двор і быў збіты да смерці. Тымі людзьмі, якія забыліся, што вартасць і павага да любога дзяржаўнага сімвала вымяраецца ў тым ліку жыццямі асобаў, што ахвяравалі сабой у яго абарону.

Суграмадзяне, якія панеслі кветкі ў гонар забітага і спрабавалі абараніць манумент, былі ўзятыя ў аблогу. Вы бачылі гэтыя шаломы? 

Спачатку забіць. 

Пасля забараніць ушаноўваць нябожчыка. 

Нарэшце, вымусіць тых, хто бараніў мемарыял, схавацца па сутарэннях і пад’ездах. І свяціць ліхтарыкамі, каб тыя сцішыліся і баяліся, гадзіну за гадзінай. 

Мая прабабуля хавала габрэя ў падпечку падчас вайны. Па вёсцы хадзілі ўзброеныя карнікі. Дарэчы, у вельмі добра прыгнанай форме. Мабыць, ганарыліся тым, якія яны страшныя. Бабулі, калі б яе выкрылі, пагражала смяротнае пакаранне. А што рабілі з тымі, каго выкрывалі на Плошчы Перамен? 

І гэтыя крыжы фарбай на вопратцы. Знак асаблівага стаўлення. І дарэмна спрачацца, ці ёсць беларуская мова адзінай падставай для з’яўлення такога крыжа. Гэта неістотна. Што важна — нават «палітычныя», то бок узятыя ні за што, за «не тыя» погляды, драбяцца па ступені ўласнай правіны. 

«Ты чаго борзы такі»? — гэта не «завязка» на раёне. Гэта апошнія словы, якія можаш пачуць у жыцці. Прычым таму, хто біў, нічога не будзе.

Дактары, якіх спачатку пакавалі з асаблівым клопатам, асуджалі не на штрафы, а на суткі. А потым высветлілася, што каранавіруса ніхто не адмяняў. І тыя дактары таксама маюць уладу. Але не ўладу скалечыць ці забіць. А ўладу выратаваць. Гэта, па сутнасці, сюжэт: вось у аддзяленне кавідных прывозяць пацыента. І апаратаў ШВЛ няшмат, а пацыент — з таго боку. Паспеў праявіць сабе. А ў доктара сястра тры дні без ежы ў чаканні суда. А папярэдне — дзесяць гадзін з далонямі на бляшаным плоце. І вось доктару трэба ратаваць. Ці ўспомніць ён пра клятву Гіпакрата? Што будзе ў яго на сэрцы? І які выбар ён, здольны выратаваць ці не выратаваць, зробіць?

Кожную нядзелю — прагляд спісаў. Вось гэтага ведаў асабіста. А гэтую за што? Якую пагрозу яна, крохкая, магла ўяўляць для спакою і дабрабыту? І думка: хто наступны ў жорны? 

Раней бралі за бел-чырвона-белы сцяг. Пасля — проста за тое, што выйшаў, калі абвешчаны пратэст і туды, дзе яны яго баяцца. Пасля — за белыя стужкі. Пасля — за кветкі. За кветкі, ну. І вось мы бачым, як «адказнасць» выйшла на ўзровень месца жыхарства. У вас тут сцягоў шмат? Шмат «борзых»? Ну дык вось вам тры прыбіральні з бел-чырвона-белай пазнакай — хадзіце ў іх. Пакуль сцягі самі не здымеце — будзе так. Яшчэ і цяпло можам рубануць. І нічога, што за яго, як і за ваду (як і за зямлю, на якой стаіць мікрараён, як і на ўтрыманне ўсіх тых, што «забараняюць» і «адключаюць»), заплачана. А вось цяпер — так. 

Ідзі і глядзі.

Адключыць цяпло і ваду. Адключыць інтэрнэт. Дзяржава ператвараецца з інструменту ўзаемадапамогі грамадзян у крыніцу праблем. Тых праблем, вырашыць якія можа толькі сама, бо іншым забаронена (вентыль пад аховай). Вось у вас ёсць камунальнікі, у вас ёсць правайдары, у вас ёсць нават нейкая там «кіраўнічая кампанія», і з усімі імі вы дамовіліся. Яшчэ ў вас ёсць сумленне і погляды. Але побач з гэтым — мы. І мы можам вам адключыць усё, пакуль вы «не прыдзёце ў саатвецтвіе». 

25 тысяч затрыманых. Амаль тысяча тых, хто пад крымінальнай справай. 

Такога не было ні ў Расіі Пуціна, ні ва Украіне Януковіча. У Польшчы часоў «Салідарнасці» за два гады, з 1981 па 1983, у астрогі кінулі 10 тысяч. Параўнайце! Што адбываецца тут? Ці можна прыгадаць хаця б нешта параўнальнае ў гісторыі Еўропы пасля 1945-га?

Мы ўпэўніліся, што нашых заклікаў не чуюць. Асноўнай нашай абаронай мусіць зрабіцца памяць.

17:50 18/11/2020