АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

“Улады жывуць сённяшнім днём, максімум – заўтрашнім, і не думаюць пра наступствы таго, што робяць”. Чаму IT-бізнэс бяжыць з Беларусі і да чаго гэта прывядзе

Улады не думаюць, што будзе з краінай праз некалькі месяцаў, тым больш праз год. А эканамічныя наступствы падзей апошніх двух месяцаў мы будзем адчуваць яшчэ доўга. Чаму IT-кампаніі хочуць з'ехаць з Беларусі і што чакае бізнес і беларускую эканоміку далей?

“Улады жывуць сённяшнім днём, максімум – заўтрашнім, і не думаюць пра наступствы таго, што робяць”. Чаму IT-бізнэс бяжыць з Беларусі і да чаго гэта прывядзе

4 кастрычніка украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб прыцягненні ва Украіну беларускіх IT-спецыялістаў. Новыя меры значна спросцяць бюракратычны працэс для беларускіх айцішнікаў, якія пажадаюць пераехаць сюды.

Украіна, як і Польшча, краіны Балтыі і Казахстан, уключылася ў барацьбу за беларускіх спецыялістаў, паколькі зараз усё больш IТ-кампаній імкнуцца з’ехаць з Беларусі ў іншую юрысдыкцыю.

Такое змаганне за беларускіх айцішнікаў не здзіўляе: IT-сектар да гэтага часу заставаўся ў Беларусі адным з самых перспектыўных, за апошнія гады Беларусь зарабіла рэпутацыю краіны з адной з самых дынамічных IT-галін ва Усходняй Еўропе з доляй больш за 6% ад ВУП. У 2018 годзе на долю IT-сектара прыходзілася больш за 2% усіх працоўных месцаў у краіне і амаль 15% ад новаствараемых.

Міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Круты прадказваў, што на працягу наступных некалькіх гадоў доля IT ад ВУП краіны можа вырасці да 10%. Аднак гэтыя надзеі і прагнозы праваліліся пасля падзей жніўня гэтага году, якія абнулілі ўсе дасягненні ў сферы тэхналогій апошніх дзесяці гадоў.

Чаму IT-кампаніі хочуць збегчы з Беларусі і што чакае бізнес і беларускую эканоміку далей? Пра гэта мы паразмаўлялі з дырэктарам гарадзенскай IT-кампаніі “Іквадарт” Глебам Койпішам.

- Наколькі Беларусь сапраўды – IT-краіна, і як сітуацыя змянілася пасля выбараў?

- Я б не казаў, што Беларусь – такая ўжо IT-краіна. Гэта перабольшванне. Тая самая Эстонія, якая меншая за нас, значна больш айцішная краіна, чым мы.

Яшчэ пяць год таму мы былі амаль што выключна сэрвіснай IT-краінай, то бок мы рабілі нешта для кагосьці. І толькі ў апошнія два гады пачаў развівацца прадуктовы бізнес.

З цягам часу айцішка ў Беларусі змяняецца. З’явіліся інвестары, гатовыя інвеставаць у беларускія прадукты. Канешне, гэта яшчэ не на такім узроўні, як, напрыклад, у ЗША ці Эстоніі, але тым не менш, сітуацыя развіваецца.

Прадуктовы бізнес патрабуе інвестыцый. Нават калі ты створыш топавы прадукт, без інвестыцый ты не зможаш яго развіваць і прасоўваць. Звычайна IT-прадукты накіраваныя на глабальныя рынкі, і каб атрымаць інвестыцыі для выхаду за межы Беларусі, патрэбны давер. Цягам апошніх гадоў гэты давер фармаваўся: на выступы і прэзентацыі стартапаў у Беларусь прыязджалі кампаніі з іншых краін, завязваліся знаёмствы. Паступова фармавалася структура, экасістэма прадуктовага рынку.

Усё гэта працягвалася да падзей жніўня гэтага года. Вядома, калі людзі не разумеюць, што адбудзецца заўтра, яны не могуць прыйсці і прынесці сюды свае грошы.

Сэрвісны IT-бізнес, у адрозненні ад прадуктовага, можа больш-менш існаваць і ў такіх умовах. Але нават тут – калі з-за адсутнасці інтэрнэта ты адзін раз не выканаеш свае абавязкі, другі раз, трэцяга ўжо не будзе – з табой разарвуць дамову і пойдуць да іншай кампаніі.

Паколькі ў маёй кампаніі зараз асноўны напрамак дзейнасці – сэрвісны бізнес, то на нас палітычны крызіс пакуль што ніяк не паўплываў. Да нас ужо склаўся пэўны давер, і мы зараз атрымліваем новых кліентаў, актыўна не прадуючы, па “сарафане”, які дастаткова добра працуе. Мы выбудоўваем з нашымі кліентамі партнёрскія адносіны, у нас заўсёды захоўваецца давер. Калі мы ў жніўні сышлі на 2 тыдні ў адпачынак, мы напісалі нашым кліентам лісты, у якіх пратлумачылі сітуацыю, і усе спакойна гэта ўспрынялі, нягледзячы на тое, што тэрміны праектаў пасунуліся.

Тое, што зараз адбываецца ў краіне, гэта наўрад ці нейкае лагічнае развіццё падзей. Мне здаецца, тое, што зараз робіць дзяржава – гэта хаэтычнае тушэнне пажараў кожны дзень.

- Твая каманда пасля выбараў сышла ў адпачынак на 2 тыдні – на забастоўку. Якая атмасфера была ў той момант у камапаніі і як прымалася рашэнне? Наколькі эфектыўнай ты бачыш такую форму пратэсту як забастоўка?

- У айцішцы каманда – гэта цалкам кампанія. Калі ты не клапоцішся аб сваёй камандзе, у цябе не будзе нічога.

Усе цудоўна разумелі, што адбываецца ў краіне. Я сабраў каманду, кожны выказаўся, што ён думае пра развіццё падзей у Беларусі. Я сказаў, што тое, што зараз адбываецца, гэта значна больш важнае за тую працу, якую мы робім. Таму калі вы хочаце нейкім чынам на гэта адрэагаваць ці адчуваеце небяспеку, вы можаце выбіраць: можаце працягваць працаваць аддалена – мы на той момант яшчэ выдалена працавалі пасля пачатку эпідэміі каранавірусу. Вы можаце таксама з’ехаць і працаваць з іншага горада ці нават краіны. Калі хочаце – можаце ўзяць безтэрміновы адпачынак і паехаць куды-небудзь. У выніку пакуль мы ўсе ў Гародні, працуем аддалена ці час ад часу не працуем.

Страйк – найбольш эфектыўны і правільны шлях мірнай барацьбы. Ён выключае праліццё крыві, збіццё людзей. Калі мы невялікай кампаніяй ідзем у адпачынак, плоцім менш падаткаў, гэта будзе не моцна адчувальна. Але мы падаем прыклад іншым. Калі ўсе будуць так рэагаваць і так супрацьстаяць – гэта на 100% эфектыўна. 

- IT-індустрыя стала адной з візітовак Беларусі і важнай часткай беларускай эканомікі. Як сумяшчаюцца аўтарытарызм і высокія тэхналогіі?

- Паспрабуй зарэгістраваць ІП, і ты зразумееш, якая мы насамрэч IT-краіна. Шматлікія бюракратычныя працэсы, якія існуюць у нас пры рэгістрацыі бізнеса, узаемадзеянне з органамі і шмат што яшчэ можна было б лёгка спрасціць пры дапамозе інфармацыйных тэхналогій. Але гэта не робіцца. У нас ёсць кампаніі, якія стараюць прадукты, але яны ствараюць іх за мяжу, і гэты патэнцыял ніяк не выкарыстоўваецца, каб стварыць IT-інфраструктуру ўнутры краіны. Дзяржава павінна інвеставаць у гэта. Ніхто не будзе працаваць задарма. Калі кампанія можа прадаць свае паслугі, нешта стварыць і зарабляць на гэтым, чаму яна мусіць задарма рабіць гэта для дзяржавы? Дзяржава павінна быць такім жа замоўцам, які плоціць грошы.

У нас жа сацыяльная дзяржава, у якой ствараецца шмат непатрэбных працоўных месцаў: ва ўсіх маленькі заробак, але нібыта ўсе занятыя. Дастаткова зайсці ў гарадзенскае ўпраўленне статыстыкі ды паглядзець: гэта сяміпавярховы будынак, дзе сядзяць спецыялісты, якія апрацоўваюць дадзеныя. Мне здаецца, гэта цалкам праца машын.

- Чаму Аляксандар Лукашэнка актыўна спрыяў стварэнню Парку высокіх тэхналогій у Беларусі? Дзякуючы гэтаму ў краіне ўтварыўся сярэдні клас фінансава незалежных ад дзяржавы людзей, якімі не пакамандуеш так, як сілавікамі ці чыноўнікамі.

- Проста з’явіліся бізнесоўцы, якія ўмеюць размаўляць з людзьмі ва ўладзе і якія дакладна расклалі, якія фінансавыя выгоды можа прынесці ідустрыя IT. Не думаю, што хтосьці задумваўся далей за эканамічны складнік, што можа з’явіцца праслойка незалежнага, вольнадумаючага грамадства. Тут ішлі разважанні выключна аб лічбах.

ПВТ – гэта па-першае спецыяльны падаткавы рэжым для развіцця IT-бізнеса. Ён дазволіў спыніць адток кампаній і спецыялістаў за мяжу, каб яны не рэгістраваліся ў суседніх краінах, якія на той момант прапаноўвалі досыць добрыя ўмовы. Па-другое, дэкрэт вырашаў тыя пытанні, якія паўставалі перад беларускімі кампаніямі, калі яны пачыналі супрацоўнічаць з замежнымі партнёрамі. То бок гэта звычайна дакументазварот, які павінен быў стаць электронным. У Беларусі раней была такая юрыдычная Terra Incognita: юрыдычныя стасунка паміж беларускімі і замежнымі кампаніямі-замоўцамі былі вельмі дзіўнымі. Сюды было вельмі праблематычна прыйсці інвестару, які быў бы гатовы інвеставаць грошы ў беларускі прадукт. Калі дэкрэтам дазволілі “ангелькае права”, гэтыя праблемы вырашыліся, умовы спросціліся.

Даведка. У 2005 годзе ў Беларусі быў створаны Парк высокіх тэхналогій, які называюць "Крамянёвай далінай Усходняй Еўропы". Ён аб'ядноўвае больш за 800 IT-кампаній і ўключае ў сябе льготны падатковы і прававы рэжым для IT-кампаній, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі. У 2017-м годзе быў прыняты "Дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі", які працягвае льготны рэжым для кампаній - рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій да 2049 года.

- Беларусы зараз паказваюць цуды самаарганізацыі і ўзаемадапамогі, і адным з лакаматываў гэтага працэсу выступілі IT-шнікі. Пасля выбараў яны пачалі актыўна тэхналагічна і фінансава падтрымліваць пратэстуючых. Гэта анлайн-інструменты, якія дапамагаюць паведамляць пра затрыманні, дапамога бастуючым і тым, хто згубіў працу, дапамога сілавікам, якія звольніліся, каб не выконваць злачынныя загады. Навошта айцішнікі, якія працавалі ў Беларусі ў даволі камфортных умовах, “упісваюцца” у палітыку?

- Жыццё не скончваецца ў межах твайго дома ці офіса. Звычайна ў айцішцы працуюць думаючыя людзі. Калі ў цябе ёсць пэўны прыбытак і ты можаш забяспечыць сабе базавыя патрэбы, ты ўжо пачынаеш думаць шырэй – як дапамагчы іншым. Шчасце ж не абмяжоўваецца тым, што ты можаш дазволіць сабе хадзіць у кавярні ці набыць машыну, ёсць іншыя людзі, пэўныя праблемы, якія ты можаш дапамагчы вырашыць. Таму айцішнікі выступаюць драйверам ініцыятыў дапамогі, якія зараз з’яўляюцца.

Людзям, якія працуюць на прадпрыемствах, цяжэй у гэтым плане. Шмат хто залежыць ад таго, ці атрымлівае стабільны заробак. Таму праяўляць ініцыятыву ім досыць складана з-за страху згубіць працу.

Пасля пачатку пратэстаў дзесьці сустрэў такую фразу: людзі, якія атрымліваюць заробак у 2 тысячы даляраў, выходзяць і змагаюцца за тых, хто атрымлівае 500 рублёў. Мне падаецца, айцішнікі зараз адчуваюць сябе гэтак жа, як і іншыя людзі ў краіне – у небяспецы. У нас няма недатыкальных. Зараз моцную ролю ў грамадстве таксама грае пачуццё несправядлівасці, тое, што чалавек у Беларусі не мае ніякіх праў і не можа нічога кантраляваць. Калі раней усе адчувалі, што адбываецца нешта не тое, але магчыма гэта было не так відавочна, зараз гэта ўбачылі ўсе.

Даведка. 12 жніўня больш за 2500 заснавальнікаў, інвестараў і супрацоўнікаў беларускіх IT-кампаній склалі адкрыты ліст, у якім заклікалі ўладу спыніць гвалт над мірнымі пратэстоўцамі і вызваліць палітвязняў. У іншым выпадку яны прыгразілі пакінуць краіну. Гэты працэс ужо адбываецца: па словах міністра лічбавай трансфармацыі Украіны Міхаіла Фёдарава, з пачатку пратэстаў у жніўні каля 2 тысяч беларускіх IT-спецыялістаў пераехалі ва Ўкраіну.

- Гарадзенская IT-супольнасць сваімі сіламі стварыла некалькі праектаў дапамогі пацярпелым падчас пратэстаў, сярод якіх – GrodnoHelp.

- Гарадзенская IT-суполка з’явілася з паведамлення-прапановы ў фэйсбуку. Сабралася каманда людзей, якая за тры дні зрабіла праект GrodnoHelp. Гэта сайт, дзе вы можаце знайсці прафесіяналаў, якія дабрачынна аказваюць падтрымку тым, хто апынуўся ў бядзе: пацярпеў ад гвалту сілавікоў падчас пратэстаў у Гродне, згубіў працу з-за сваёй пазіцыі і г.д. Там жа можна знайсці інфармацыю, як пісьменна арганізаваць страйк, ці прапанаваць сваю дапамогу.

У нас не было задачы зрабіць нешта прыгожае, галоўным было акамуляваць усю неабходную інфармацыю для дапамогі людзям, якія страйкавалі ці збіраліся страйкаваць, згубілі працу ці пацярпелі фізічна падчас пратэстаў.

- Актыўная пазіцыя айцішнікаў выклікала рэакцыю ўладаў: офісы шматлікіх IT-кампаній перажылі ператрусы і іншыя формы ціску і пераследу. Ці не піліць улада сук, на якім сядзіць? Наколькі дальнабачны крок “закручвання гаек” у гэтай сферы?

- У мінулым годзе Парк Высокіх тэхналогій зарабіў нешта каля двух мільярдаў даляраў. У маштабах ВУП усёй краіны гэта магчыма няшмат. Але трэба разумець, што IT – гэта высока маржынальны бізнес, ён утрымлівае супрацоўнікаў, якія атрымліваюць вельмі добрыя заробкі. Таму айцішка з’яўляецца вельмі моцным драйверам эканомікі.

Айцішінік жа не проста зарабіў дзве тысячы даляраў, а зарабіў і нешта сабе з гэтых грошай набыў, скарыстаўся нейкімі паслугамі. Гэта ўсё драйвіць беларускую эканоміку. Зараз жа з-за падзей апошніх месяцаў адбываецца адток айцішнікаў з Беларусі. Але палітычны крізіс і дзеянні ўлады ўплываюць не толькі на айцішку, а на ўвесь бізнес агулам. З’явіліся праблемы ў банкаўскай сістэме: фізічныя асобы не могуць атрымаць крэдыты на рухомаць ці аўто. Першыя, хто гэта адчуе на сабе, гэта тыя, хто будуе, прадае, здае ў арэнду нерухомасць, аўтадылеры. Потым адчуюць рэстарацыі і ўсе кампаніі, якія аказваюць паслугі.

Калі я летам глядзеў на тое, што адбываецца ў нашай краіне, мне здавалася, што ва ўладаў ёсць нейкі план. Былі нейкія абсурдныя дзеянні, і думалася, пэўна праз тыдні два мы даведаеся, што гэта было часткай плану. Але пазней разумееш – не, яны проста жывуць сённяшнім днём, максімум – заўтрашнім, і не думаюць, якія наступствы будуць ад таго, што яны робяць. Таму – так, яны сапраўды піляць сук, на якім сядзяць. Улады зусім не думаюць, што будзе з краінай праз некалькі месяцаў, тым больш праз год. А ў эканоміцы будзе вельмі цяжка, мы яшчэ доўга будзем на сабе адчуваць падзеі апошніх двух месяцаў. Але так будзе незалежна ад таго, чым скончацца пратэсты.

Калі дабро пераможа, разам з усімі цяжкасцямі будзе ўжо добры бізнес-клімат: патэнцыйныя кампаніі-інвестары будуць разумець, што хоць у Беларусі не вельмі добры эканамічны стан, але тут бяспечна і зразумелыя правілы гульні, таму яны могуць прынесці сюды свае грошы.

Даведка. За час пасля выбараў зачынілася мінскае прадстаўніцтва кампаніі Viber, пасля ператрусаў у сваім офісе супрацоўнікаў з Мінска пачаў вывозіць "Яндэкс", ператрусы таксама прайшлі ў мінскім філіяле кампаніі Uber. У офіс PandaDoc прышоў Дэпартамент фінансавых расследаванняў – у выніку чатырох супрацоўнікаў, уключаючы дырэктара, арыштавалі, супраць іх распачатыя крымінальныя справы. Кожнаму з іх пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

- Шмат беларускіх IT-кампаній думае зараз пра рэлакацыю. Іх гатовая прыняць Украіна, іншыя краіны. Масавы сыход IT з Беларусі – рэальная перспектыва?

- Пытаннем рэлакацыі насамрэч задаваліся не толькі айцішныя кампаніі, але бізнес агулам. Проста для IT-кампаніі з’ехаць кудысьці – пытанне некалькіх месяцаў. Распачаць працэс можна даволі хутка: напачатку перавезці каманду ў іншую краіну, затым – увесь бізнес. Калі ў цябе, напрыклад, вытворчае прадпрыемства, трэба перавезці ўсё абсталяванне. Па-першае, наўрад ці гэта магчыма, па-другое, сваёй выстворчасцю ты арыентуешся найперш на рынак Беларусі і хутчэй за ўсё рынак Расіі. Калі ты пераедзеш у ЕС, то наўрад ці зможаш прадаваць на гэтыя рынкі.

Трэба разглядаць кожную кампанію асобна. Калі для кампаніі жыццёва важна быць у міжнароднай даступнасці, на пастаяннай сувязі, то адключэнні інтэрнэта, якія ў нас практыкуюцца апошнім часам, становяцца проста катастрафічнымі. Калі кампанія такім чынам рызыкуе згубіць сваіх асноўных кліентаў, то канешне, такая кампанія хутчэй рашыцца на рэалакацыю.

Я разумею кампаніі, бізнес якіх завязаны на знешнія рынкі. Тым больш, калі гэта прадуктовы бізнес – большасць з іх вымушаныя з’ехаць. Ці можна застацца ў Беларусі фізічна, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, але вывезці бізнес і перадаць кіраванне прадуктам камусьці іншаму.

У прадуктовы бізнес уцягнутыя шматлікія гульцы. Ты робіш нейкі прадукт сваёй невялікай камандай – звычайна гэта сястра і бліжэйшы сябра. Калі нешта атрымалася і справа даходзіць да развіцця прадукту, людзі пачынаюць атрымліваць інвестыцыі. Да іх спачатку прыходзяць невялікія інвестары, бізнес-анёлы, якія дадуць невялікую суму на развіццё – 10-50 тысяч даляраў. То бок на гэтым этапе ты становішся адказным перад людзьмі. Ты развіваеш прадукт, пачынаюцца першыя продажы, у цябе пачынаюць верыць іншыя людзі – і ты пераходзіш на наступны ўзровень інвеставання. Тут ужо гаворка ідзе пра больш значныя сумы, пачынаючы ад 100 тысяч даляраў. Такім чынам, з кожным новым крокам і ўзроўнем ты атрымліваеш усё больш інвестыцый. І калі раптам паўстане пагроза знішчэння твайго бізнесу, а ты нічога не зробіш, каб яго выратаваць, гэта будзе неадказна перад тымі людзьмі, якія ў цябе паверылі і якія ў цябе інвеставалі. Бо калі ты згубіш бізнес, яны згубяць свае інвестыцыі.

Некаторыя IT-кампаніі з’ехалі, некаторыя ведаюць, як гэта зрабіць, і знаходзяцца “на старце” да першага інцыдэнта ў дачыненні да кампаніі ці яе супрацоўнікаў. На маю думку, фінальнага рашэння ў большасці кампаній і спецыялістаў пакуль яшчэ няма, усе яны зараз чакаюць. Усё змяняецца надта хутка. Трэба таксама разумець, што рэалакацыя – гэта не так лёгка. Пераехаць у іншую краіну азначае змяніць звыклы лад жыцця, зарэгістраваць кампанію ў іншай юрысдыкцыі – а гэта іншы падаткавы рэжым і гэтак далей. У Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі падаткі вышэйшыя, чым у нас.

Сам я не збіраюся нікуды з’язджаць. Гэта нашая краіна, наш горад. Бізнес можна і нанова пабудаваць, нават калі яго згубіш. Галоўнае – захаваць каманду.

- Што для цябе самае складанае ў цяперашняй сітуацыі?

- Спраўляцца з эмоцыямі мне дапамагае досвед кіравання бізнесам – калі ты не ўмееш кіраваць сваімі эмоцыямі, наўрад ці ў цябе нешта атрымаецца. 

Самым складаным для мяне было спалучаць усё, што адбываецца ў краіне, са сваёй сям’ёй. У маіх бацькоў не вельмі добра з сэцрам, і калі мне вечарам 10 жніўня падчас прагулкі разбіў галаву АМАП, бацькам, калі яны пра гэта даведаліся, стала кепска. Мне было цяжка сбалансаваць: каб у маёй сям’і было ўсё добра, і разам з тым каб выдаткоўваць час і энергію на краіну. 

Але я разумею, што тое, што мы робім, патрэбна рабіць. Вядома, можна было б сказаць – у мяне сям’я, кожнаму ёсць што губляць. Але нельга абмяжоўвацца толькі сабой і сваёй сям’ёй, трэба глядзець шырэй. 

- Якім ты бачыш далейшае развіццё падзей?

- Некаторыя ў жніўні думалі, што мы выйдзем на плошчы і за некалькі дзён пераможам. Для мяне было відавочна, што так хутка не будзе. Гэта не будзе як змаганне ў фінале Лігі чэмпіёнаў: прайшло 90 хвілін асноўнага часу, дадатковыя хвіліны, магчыма – пенальці, і ўсё – нехта перамог. Не. Хутчэй за ўсё гэтае супрацьстаянне і “арэлі” будуць працяглымі.

Для бізнесу надыходзяць вельмі цяжкія месяцы працы. Гэты перыяд можа зацягнуцца больш за год. Паколькі зараз наш бізнес завязаны на эканоміку Беларусі, у бягучым годзе больш за палову нашых кліентаў – беларускія, мы ў бліжэйшы час адчуем і на сабе гэтыя падзеі. Але мы ўжо прадумваем, што будзем рабіць у такой сітуацыі. Мы ў кампаніі разглядаем розныя сцэнары: што рабіць, калі да нас прыдуць ці калі я не буду мець доступ да кіравання кампаніяй, калі дзяржаўным кліентам забароняць працаваць з намі ці калі большасць кліентаў па аб’ектыўных прычынах не зможа плаціць грошы, у тым ліку па бягучых кантрактах. На кожны сцэнар ёсць план дзеяння. Але які сцэнар у выніку адбудзецца – ніхто не ведае.

З грамадзянскага пункту гледжання, нам трэба змагацца пры любым раскладзе, пакуль мы не пераможам.

20:15 09/10/2020