АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

"Наша ўлада баіцца жанчын" Аб'яднаны штаб заклікае ісці на выбары і галасаваць за Святлану Ціханоўскі


Штаб кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай 17 ліпеня дае супольную прэс-канфэрэнцыю разам зь ініцыятыўнымі групамі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, якім адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі.



"Наша ўлада баіцца жанчын" Аб'яднаны штаб заклікае ісці на выбары і галасаваць за Святлану Ціханоўскі
відэа: svaboda.org


Штаб кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай 17 ліпеня дае супольную прэс-канфэрэнцыю разам зь ініцыятыўнымі групамі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, якім адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі.

«Жаночая салідарнасьць» супраць «няверы ў перамогу»

Прадстаўніца штабу Бабарыкі Марыя Калесьнікава заявіла на пачатку прэс-канфэрэнцыі, што «галоўны вораг нашай перамогі — гэта не рэжым, гэта нявера ў тое, што ў нас нешта можа атрымацца». Кандыдатку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую яна назвала «галоўным героем».

Ціханоўская сказала, што аказалася ў ролі кандыдаткі ў прэзыдэнты празь каханьне да мужа, палітычнага зьняволенага Сяргея Ціханоўскага. Яна лічыць, што Ціханоўскі ў свой час аб’яднаў народ, таму і цяпер яна аб’ядналася са штабамі Бабарыкі і Цапкалы, хоць ня верыць у справядлівыя выбары — «толькі супольнымі сіламі мы можам абараніць галасы».

Вераніка Цапкала, жонка экс-прэтэндэнта ў кандыдаты Валера Цапкалы, расказала, што прычынай аб’яднаньня стала тое, што ўлады «бессаромным чынам зьнялі трох самых моцных кандыдатаў» — у іх яна залічвае ня толькі Бабарыку і Цапкалу, але і Сяргея Ціханоўскага, якому адмовілі яшчэ ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.

Цяпер, сказала яна, тры жанчыны дэманструюць жаночую салідарнасьць, бо «цяпер нашая ўлада баіцца жанчыны — баіцца Сьвятлану», а таксама каб адказаць на заяву Аляксандра Лукашэнкі пра «канстытуцыю не пад жанчыну». Сяргей Ціханоўскі, кажа Цапкала, закладнік у гэтай сытуацыі. Ейны муж Валер Цапкала, які не прысутнічаў на канфэрэнцыі, будзе актыўна ўдзельнічаць у кампаніі Ціханоўскай, дадала яна.

Дзьмітрыеў падтрымаў

Паводле Калесьнікавай, іншы кандыдат у прэзыдэнты, лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў ужо падтрымаў ініцыятыву аб’яднаньня штабоў. Будуць радыя і іншым, хто падтрымае ініцыятыву, пры ўмове выкананьня пяці асноўных прынцыпаў кампаніі, дадала Ціханоўская.

Гаворка не ідзе пра здыманьне кандыдатаў з выбараў, а пра аб’яднаньне высілкаў, дадала Цапкала.

Кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітрыеў правёў прэс-канфэрэнцыю па калена ў вадзе. ВІДЭА
Штабы аб’ядналіся не ў адзін, патлумачыла Калесьнікава, а маюць «гарызантальную герархію» і зоны адказнасьці, вырашаюць пытаньні ў працоўных групах.

Які плян

Днём раней штабы Бабарыкі і Цапкалы абвясьцілі аб’яднаньне сілаў са штабам Ціханоўскай і назвалі пяць супольных мэтаў:

заклікаць выбарнікаў прагаласаваць на выбарах 9 жніўня;
вызваліць палітычных зьняволеных і «эканамічных зьняволеных», даць ім права на перагляд спраў у незалежных і справядлівых судах;
правесьці паўторныя справядлівыя выбары пасьля 9 жніўня;
інфармаваць выбарнікаў пра спосабы абараніць свой голас;
заклікаць удзельнічаць у ініцыятывах за справядлівыя выбары, станавіцца назіральнікамі.
Галасаваць на выбарах 9 жніўня аб’яднаная каманда заклікае за Ціханоўскую.

На абнаўленьне кандыдацкай праграмы Ціханоўскай яшчэ спатрэбіцца час — да аб’яднаньня штабоў праграма ў кожнага была свая.

svaboda.org
14:08 17/07/2020