АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты. Ён і ягоны сын — палітвязьні

Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка цяпер не прызнаны вінаватым і не адбывае пакараньня, ён сабраў дастаткова подпісаў за вылучэньне і падаў карэктную падатковую дэклярацыю.

Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты. Ён і ягоны сын — палітвязьні
Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты: Андрэй Дзьмітрыеў, Аляксандар Лукашэнка, Віктар Бабарыка, Ганна Канапацкая, Сяргей Чэрачань, Валер Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская
Першай на паседжаньні разглядалі заяву аб рэгістрацыі Віктара Бабарыкі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прызнала, што ініцыятыўная група сабрала звыш 100 тысяч подпісаў. У дэклярацыі заўважылі дробныя недахопы: не пазначыў кэшбэк на 283,43 рубля і даход па ўкладах у 1263,99 даляра і 0,05 эўра. Таксама была памылка з даходам па аблігацыях Мінфіну — пазначылі на 65 даляраў менш, але на 95 эўра больш. Гэта менш за 20% гадавога даходу, памылка нязначная.

Але ў дэклярацыі не былі пазначаныя матэрыяльныя сродкі з замежных рахункаў, дадала Ярмошына. Камітэт дзяржаўнага кантролю сьцьвярджае, што «злачынная група» здабывала злачынныя даходы і незаконная дзейнасьць Бабарыкі як «кіраўніка злачыннай групоўкі» «пацьвярджаецца» канфіскаванымі матэрыяламі і допытамі падазраваных. Выявілі, што Бабарыка нібыта атрымаў незадэкляраваныя 350 тысяч даляраў ЗША. Пры тым суду ў справе Бабарыкі яшчэ не было і, адпаведна, ён не прызнаны вінаватым.

Ярмошына пажартавала, што «хабар у падатковай дэклярацыі не пазначаецца». Паводле яе, выявілі і іншыя неадпаведнасьці ў дэклярацыі.

Дзяржкантроль таксама сьцьвярджае, што Бабарыка незаконна выкарыстоўваў замежную фінансавую дапамогу падчас кампаніі — рэсурсы «Белгазпрамбанку», які на 99% належыць расейскім кампаніям. Некаторыя чальцы ініцыятыўнай групы працавалі ў гэтым банку і займаліся справамі выбарчай кампаніі ў працоўны час і з выкарыстаньнем працоўных сродкаў, сьцьвярджае Ярмошына са спасылкай на Дзяржкантроль, а гэта парушэньне Выбарчага кодэксу.

Ярмошына прапанавала адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі ў сувязі зь неадпаведнасьцю дэклярацыі фактычным даходам і ўдзелу замежнай арганізацыі ў ягонай кампаніі.

Прадстаўнік ініцыятыўнай групы, юрыст Максім Знак расказаў, што пра ліст КДК ня ведаў нават сёньня, а яшчэ ўчора ініцыятыўная група бачыла, што ўсе зьвесткі з дэклярацыі былі прызнаныя адпаведнымі. Ён адзначыў, што зьвесткі зь ліста — прадмет абвінавачаньня, якое ня толькі не было разгледжана ў судзе, але нават не прадстаўлена абароне для азнаямленьня. У лістах не пазначаны канкрэтныя факты незаконнай дзейнасьці, адзначыў ён, а паказаньні супраць Бабарыкі супярэчлівыя, у тым ліку ў сумах незаконна атрыманых грошай. На падставе неадпаведнасьці дэклярацыяў няма прычыны адмаўляць у рэгістрацыі, заявіў ён.

Максім Знак выступае пасьля прапановы Лідзіі Ярмошынай не рэгістраваць Віктара Бабарыку
Максім Знак выступае пасьля прапановы Лідзіі Ярмошынай не рэгістраваць Віктара Бабарыку
Што да ўдзелу супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку» ў выбарчай кампаніі, Знак адзначыў: большасьць чальцоў ініцыятыўных групаў недзе працавалі, і выкарыстаньне, напрыклад, службовага тэлефона ў мэтах кампаніі — дысцыплінарнае парушэньне, але не «фінансаваньне кампаніі замежнай арганізацыі». Прамога ці ўскоснага замежнага фінансаваньня кампаніі не даказалі, упэўнены ён.

За тое, каб адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі, прагаласавалі аднагалосна.

На паседжаньні заявілі, што на Tut.by нібыта яшчэ да рашэньня ЦВК было напісана, што Бабарыку не зарэгістравалі. Ярмошына адразу абвінаваціла найбуйнейшы незалежны партал у стварэньні фэйкаў. У гэты момант на Tut.by было напісана толькі, што «Ермошина предложила не регистрировать Бабарико кандидатом в президенты».

Як пачалася «справа Бабарыкі»

10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».

11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў паводле арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.

17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі. Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.

Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ, затрымалі таксама шэраг чальцоў ініцыятыўнай групы. Віктар Бабарыка, паводле сьледзтва, быў арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды ранейшых злачынстваў. Генэральная пракуратура пачала крымінальную справу паводле ч. 2 і 3 арт. 285 КК (стварэньне злачыннай арганізацыі ці ўдзел у ёй).
Дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў шэраг «расьсьледаваньняў» аб «справе Белгазпрамбанку». Адвакаты Бабарыкі адзначалі шэраг недакладнасьцяў і дзіўных момантаў у гэтых матэрыялах, казалі аб іх як аб «кіно, пра якое складуць песьні». Сам Бабарыка ня бачыў «расьсьледаваньня» — у момант, калі яго паказвалі, тэлевізар у камэры барахліў.

Хто прэтэндуе, а хто ўжо не

Раней ЦВК прызнала, што больш за 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата, сабралі ініцыятыўныя групы:

Аляксандра Лукашэнкі, дзейнага кіраўніка дзяржавы;
Віктара Бабарыкі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанку»;
Андрэя Дзьмітрыева, старшыні кампаніі «Гавары праўду»;
Ганны Канапацкай, былой дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў;
Сьвятланы Ціханоўскай, жонкі зьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага;
Сяргея Чэрачня, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).
Таксама здала больш за 100 тысяч подпісаў ініцыятыўная група былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалы, ды ЦВК адхіліла звыш паловы падпісных лістоў — засталося менш за 100 тысяч подпісаў. Штаб Цапкалы лічыць адхіленьне падпісных лістоў беспадстаўным.
Не здавалі подпісаў ініцыятыўныя групы Алега Гайдукевіча, Юрыя Ганцэвіча, Юрася Губарэвіча, Вольгі Кавальковай, Мікалая Казлова, Натальлі Кісель, Уладзімера Няпомняшчых, Алеся Таболіча.

Хто за кратамі

У зьняволеньні цяпер знаходзяцца прызнаныя палітвязьнямі Віктар Бабарыка, ягоны сын і кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка, чальцы ініцыятыўнай групы Бабарыкі Ўладзімер Дудараў, Алена Карагачава, Дзьмітры Карака і Сьвятлана Купрэева; чальцы ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Аляксандар Кабанаў, Зьміцер Фурманаў, Арцём Сакаў і Андрэй Новікаў.

Акрамя таго, палітвязьнямі прызнаныя зьняволеныя блогер Сяргей Ціханоўскі і палітык Мікалай Статкевіч (якім адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў), а таксама Павал Севярынец (зьбіраўся ў кандыдаты праз праймэрыз апазыцыі, зьняў кандыдатуру і заклікаў да байкоту) і іншыя.

svaboda.org
10:51 14/07/2020