АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«У новым фармаце». Апазыцыя расказала пра новую акцыю пратэсту супраць інтэграцыі

У Менску прадстаўнікі дэмакратычных партыяў і арганізацыяў з аргкамітэту кампаніі «Абаронім незалежнасьць разам» абвясьцілі плян 5-й акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй.

 «У новым фармаце». Апазыцыя расказала пра новую акцыю пратэсту супраць інтэграцыі
  Акцыю раней абвясьціў Павал Севярынец. Яго затрымалі за некалькі гадзін да нарады прадстаўнікоў апазыцыі.

Вырашана ад мітынгу і шэсьця адмовіцца, але правесьці жывы ланцуг цягам паўгадзіны. Пачатак 29 сьнежня а 15.00.

Плянуюць, што ланцуг расьцягнецца ад Галоўпаштамту да Кастрычніцкай плошчы.

Заплянавана некалькі пэрформансаў, у тым ліку каля Нацыянальнага банку.

На ўсім маршруце «жывога ланцуга» заплянаваны збор паштовак, якія пашлюць палітычным вязьням.

Таксама будуць зьбіраць подпісы пад зваротам да Міністэрства эканомікі з патрабаваньнем агучыць сьпіс дакумэнтаў аб інтэграцыі, узгодненых з Расеяй.

Паводле лідэра БСДП (Грамада) Ігара Барысава, «выбраны фармат акцыі найбольш бясьпечны для ўдзельнікаў».


Лідэр Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч паведаміў, што рашэньне зьмяніць фармат акцыяў пратэсту прынялі з улікам таго, што людзі ня вераць у падпісаньне ў бліжэйшы час дамовы з Расеяй. Палітык зазначыў, што ўлада захоўвае патэнцыял уплыву на насельніцтва, каб зьменшыць актыўнасьць пратэстоўцаў. Губарэвіч таксама сказаў, што зьмена фармату не азначае адмовы ад вулічных пратэстаў, але акцыі мусяць быць падрыхтаваныя. Вырашылі рыхтавацца да масавай акцыі ў «момант, калі будуць падпісаныя пэўныя дакумэнты аб інтэграцыі».
Палітык Анатоль Лябедзька лічыць, што трэба ўплываць і на тых, хто не ідзе на вуліцу з пратэстамі, але супраць уцягваньня Беларусі ў далейшую інтэграцыю. Ад заўтра на сайце АГП пачнуцца перадачы-дыскусіі на гэтую тэму. На першую праграму запрошаныя былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч, экспэрты-эканамісты Леў Марголін і Яраслаў Раманчук.

 «Задача — зрабіць так, каб кожны, каму баліць, мог бы выйсьці і выказаць сваю пазыцыю», — сказаў старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў.

Удзельнікі прынялі агульную заяву з патрабаваньнем спыніць рэпрэсіі супраць арыштаваных пратэстоўцаў. Гэта Зьміцер Урбановіч, Максім Вінярскі, Яўген Афнагель і Павал Севярынец, які быў сёньня затрыманы.

Дзясяткі людзей выклікалі ў міліцыю, яны стануць перад судом. Для салідарнасьці і падтрымкі ствараецца фонд дапамогі пацярпелым ад рэпрэсіяў, паведаміў Ігар Барысаў. Арганізатары «жывога ланцуга» разьлічваюць, што грамадзяне будуць ахвяраваць сродкі на дапамогу рэпрэсаваным. Ахвотных запрашаюць у офіс БСДП (Грамада) на вуліцы Кульман, 9.

У нарадзе бралі ўдзел прадстаўнікі БСДП (Грамада), аргкамітэту БХД, руху «За свабоду», «Маладога фронту», «Народнай грамады», «Моладзевага блёку», КХП-БНФ, АГП, Руху салідарнасьці «Разам», Беларускай партыі «Зялёныя» ды іншых арганізацыяў.

svaboda.org
16:11 26/12/2019