АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Былы міністр спорту Шамко знайшоў няпыльную працу

Звольненаму паўтара гады таму за правал у барацьбе з карупцыяй чыноўніку так і не прапанавалі высокапастаўленай пасады.

Былы міністр спорту Шамко знайшоў няпыльную працу
Як стала вядома "Беларускаму партызану", былы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях і міністр спорту Аляксандр Шамко з нядаўняга часу працуе першым намеснікам старшыні ГА "Беларуская федэрацыя шахмат".

Кіруе арганізацыяй - Анастасія Сарокіна, пляменніца знакамітага гросмайстра Віктара Купрэйчыка.


Алексанлдр Лукашэнка звольніў Аляксандра Шамко з пасады міністра спорту  ў лютым мінулага года, калі за шматлікія факты карупцыі быў затрыманы дырэктар Палаца спорту Сяргей Прановіч.

"Я не веру, што міністар пра гэта не ведаў", - заявіў тады кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка адкамандыраваў генерал-маёра ўнутранай службы ў роднае ведамства - МНС. Але надоўга Шамко там не затрымаўся.

У пачатку гэтага года хадзілі чуткі, што былога міністра могуць прызначыць новым генеральным дырэктарам "Мінск-Арэны". Але канкрэтных прапаноў заняць якую-небудзь высокапастаўленую пасаду чыноўнік так і не дачакаўся.

Прыход Шамко на працу ў Федэрацыю шахмат - прама скажам, далёка не самы прэстыжны від спорту ў краіне - не выпадковы. На пасадзе міністра ён дапамагаў Анастасіі Сарокінай ў арганізацыі турніраў і нават быў уключаны ў выканкам Федэрацыі.

Ужо некалькі месяцаў ён працуе яе першым намеснікам.
Валянцін Сялява, "Беларускі партызан"
14:27 23/10/2019