АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Севярынец больш не падае рукі Кастусёву, бо той з'ездзіў на гей-парад

Некаторыя беларускія апазіцыянеры дзеляцца гісторыяй пра тое, што пасля ўдзелу старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў гей-парадзе ў Літве з ім перастаў за руку вітацца сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

Севярынец больш не падае рукі Кастусёву, бо той з'ездзіў на гей-парад
 Ці праўда гэта? Высветліў «Беларускі партызан». 
Рыгор Кастусёў кажа, што з Паўлам Севярынцам апошнім часам рэдка сустракаецца.

— Да мяне таксама дайшла чутка, што Павел усё гэта вельмі негатыўна ўспрыняў, — кажа Рыгор Андрэевіч. — У яго ацэнка па такіх шуневіцкіх, зэкаўскіх законах. Павел чамусьці ўспрымае сітуацыю па паняццях.

Але я з ім асабіста на гэтую тэму не гаварыў, разборкі не ладзіў. Хоць мне многія распавядаюць пра тое, што гэта так. Але, мабыць, пра гэта лепш у самога Паўла спытаць.

Астатнія прадстаўнікі апазіцыі са мной за руку быццам бы вітаюцца (смяецца).

Я чытаў каментары і ў сацыяльных сетках, і на форумах, якія былі пад навінамі аб гей-парадзе ў Літве. Ясная справа, што ў самім парадзе я ўдзелу не браў, але прысутнічаў там крыху больш за гадзіну, назіраў, як фармавалася калона. Шчыра скажу: я ў шоку не ад гей-параду, а ад каментароў! Некаторыя прапануюць ледзь не забіваць людзей з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй! Прычым гаворыцца пра гэта зусім адкрыта. Я не чакаў такога. Гэта на самай справе страшна… 

Павел Севярынец сказаў «Беларускаму партызану», што сапраўды перастаў падаваць руку Рыгору Кастусёву.
— Калі кансерватар бярэ ўдзел у гей-парадзе і пры гэтым не перастае быць кансерватарам, то, хутчэй за ўсё, гэта фарысейства, — выказвае сваё меркаванне Севярынец. — Такім людзям у прынцыпе не варта падаваць руку…

— А раней вы віталіся, падавалі руку адзін аднаму?

— Так, віталіся. Але… Разумееце, на мой погляд, трэба выбіраць адно з двух: або ты ўдзельнічаеш у гей-парадах, або ты кіраўнік партыі БНФ.



13:48 25/06/2019