АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Упершыню за 30 гадоў у Менску ня будзе «Чарнобыльскага шляху»

Арганізатары Чарнобыльскага шляху сабралі журналістаў на прэс-канфэрэнцыю 25 красавіка, за дзень да меркаванай даты акцыі, і паведамілі, што вырашылі адмовіцца ад традыцыйнага шэсьця і мітынгу.

Упершыню за 30 гадоў у Менску ня будзе «Чарнобыльскага шляху»
Замест Чарнобыльскага шляху арганізатары прапануюць браць удзел у «Чарнобыльскім тыдні» — у іншых мерапрыемствах, лекцыях і прэзэнтацыях, перадает радыё Свабода.

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова адзначыла, што на Чарнобыльскі шлях падавалі заяўку, бо «калі не змагацца, нічога ня будзе». Але, як адзначылі арганізатары, улады спазьніліся з адказам на заяўку і не прадставілі дамову — «зрабілі ўсё, каб сарваць акцыю».

Як падкрэсьліў Вячаслаў Сіўчык з руху салідарнасьці «Разам», аргкамітэт адразу назваў непрымальнай пастанову аб аплаце паслугаў міліцыі, бо «яна ніколі не дазволіць беларусам пратэставаць». Ён мяркуе, што гэтай пастановай улады «ўзялі і забаранілі Чарнобыльскі шлях». 

Вольга Кавалькова ў тым ліку перадавала зварот міністру юстыцыі аб супярэчаньні тром артыкулам Канстытуцыі цяперашніх правілаў арганізацыі мітынгаў і аплаты паслугаў міліцыі. Яна падкрэсьліла, што і заезды раварыстаў, і забегі маратонцаў цяпер могуць стаць немагчымымі праз гэтыя правілы.

Прадстаўнік партыі «Зялёныя» Зьміцер Кучук сказаў, ён сам прыйдзе да Акадэміі навук, каб выказаць салідарнасьць з тымі, хто хацеў пайсьці на марш.

Сіўчык адзначыў, што будзе вітаць мужнасьць любога, хто выйдзе выказацца пра сытуацыю з Чарнобыльскай катастрофай і іншымі тэмамі акцыі (у ліку якіх будаўніцтва БелАЭС, акумулятарнага і цэлюлёзнага заводу). У той жа час арганізатары падкрэсьлілі, што не заклікаюць да несанкцыянаванага пратэсту.

Менгарвыканкам раней дазволіў шэсьце па звычайным маршруце і наступны мітынг: збор а 18:00 перад Акадэміяй навук, шэсьце ад 18:30 па вуліцы Сурганава да помніку ахвярам Чарнобылю і мітынг у Парку дружбы народаў.

Але арганізатары заявілі, што ня маюць грошай на аплату паслугаў міліцыі. Паводле нядаўняга закону, арганізатары мусяць сплаціць праваахоўнікам 7500 рублёў. Арганізатары прапаноўвалі зладзіць ахову самастойна (тым больш, да аховы Дня Волі былі прэтэнзіі праз выкраданьні ўдзельнікаў «людзьмі ў цывільным»), улады не пагадзіліся. Правілы яны называюць «сэгрэгацыяй па маёмасным прынцыпе».

Каб знайсьці выйсьце з сытуацыі, аргкамітэт спрабаваў наладзіць кантакт з гарадзкімі ўладамі і праваахоўнікамі, але пагутарыць зь імі ўдалося толькі а 10-й раніцы 25 красавіка — за дзень да акцыі.

Праваахоўнікі назвалі крыху меншую суму , чым чакалі арганізатары: 5737 рублёў. Прадстаўнік ГУУС адзначыў, што зусім вызваліць ад сплаты за ахову яны ня могуць.

Арганізатары не падпісалі дамову. Аднак згодна заканадаўству, міліцыя ўсё роўна выставіла б арганізатарам рахунак, плюс могуць аштрафаваць арганізатараў або пасадзіць на суткі за «парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства».

12:59 25/04/2019