АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Узламаць дэмакратыю: як Зяленскі стаў прэзідэнтам

Новыя тэхналогіі імкліва змяняюць нашу медыярэальнасць і нас саміх. Brexit, выбары прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і абранне прэзідэнтам Украіны Уладзіміра Зяленскага - усё гэта з'явы новай палітыкі, дзе велізарную ролю адыгралі сацыяльныя сеткі. Відавочна, што звыклыя палітычныя кампаніі і традыцыйныя метады агітацыі застаюцца ў мінулым. Як выглядаюць перадвыбарчыя кампаніі ў эру тэхналогій і валадарання сацсетак - мы запыталіся ў экспертаў.

Узламаць дэмакратыю: як Зяленскі стаў прэзідэнтам
21 красавіка ва Украіне абралі новага прэзідэнта. Гэтая выбарчая кампанія кардынальна адрозніваецца ад усіх папярэдніх кампаній, якія праводзіліся ў краіне. Эксперты і журналісты пакуль яшчэ вывучаюць сакрэты поспеху і эфектыўнасці кампаніі каманды непрафесійнага палітыка і акцёра Уладзіміра Зяленскага, аднак ужо сёння многія ставяць яго перамогу ў адзін шэраг з брытанскай кампаніяй па выхаду з Еўрапейскага Саюза (Brexit) і перамогай Дональда Трампа над Хілары Клінтан на выбарах у ЗША. Усе гэтыя палітычныя кампаніі аб'ядноўвае тое, што на дапамогу паліттэхнолагам і піяршчыкам прыйшлі сацыяльныя сеткі, уласцівае рэкламе паняцце як таргетаванне аўдыторыі і вау-эфект.

Віталь Мароз: Тэхналогіі інтэрнэту сталі каталізатарамі нянавісці і палярызацыі


"У мяне ёсць дакладнае адчуванне, што выбары Прэзідэнта Украіны 2019 былі "зламаныя". Нешта падобнае адбылося ў Брытаніі падчас рэферэндуму па Brexit і выбараў Прэзідэнта ЗША восенню 2016 года. Ва ўсіх гэтых выпадках выкарыстанне тэхналогій было спалучана з ужываннем папулізму. Каманда Зяленскага ўключыла рэжым "постпраўды" - праўда заўсёды прайграе на фоне ілжывых эмацыйных лозунгаў, як, напрыклад: Парашэнка вінаваты ў росце курсу даляра з 8 да 30 грыўняў", - распавёў у каментары "Беларускаму партызану" Віталь Мароз, кіраўнік праграмаў новых медыя у НДА "Інтэрньюс-Украіна", адной з ключавых медыйных грамадскіх арганізацый ва Украіне.

Віталь Мароз, фота ukrinform.ua

Паводле яго слоў, з дапамогай Інтэрнэту на гэтых выбарах паліттэхнолагі націснулі на цёмны бок выбаршчыкаў, накіраваўшы іх эмоцыі супраць кандыдатаў.

"Тэхналогіі інтэрнэту сталі каталізатарамі нянавісці і палярызацыі, бо карыстальнікі адчуваюць сябе менш адказнымі за свае словы ў Інтэрнэце. Палярызацыя на "мы" і "яны" у анлайне больш глыбокая, чым у рэальным жыцці. У Інтэрнэце не чуюць рацыянальных аргументаў, перад вачыма - пераважна мазаіка кароткіх эмацыйных пасылаў - усё тое, што гісторык Цімаці Снайдэр назваў "кіберфашызмам".

У сваю чаргу тэлевізійны фармат падмяніў рэальнасць дэмакратычнага інстытута выбараў. Каманда Зяленскага ператварыла усё палітычнае ў тэлевізійнае (спачатку адмова ад дэбатаў, пасля перанос дэбатаў на стадыён), а ўсе тэлевізійнае - у забаўляльнае. Выбары ва Украіне ператварыліся ў шоу, але калі шоў сканчаецца, сцэна становіцца пустой, і акцёр пасля заканчэння шоу нагадвае сваім гледачам - "я вам нічога не павінен", - адзначыў Віталь Мароз.

Простага рэцэпту супраць папулізму, па словах эксперта, няма, толькі паляпшэнне эканомікі краіны, рост сярэдняга класа.

"Новыя тэхналогіі - так, гэта пагроза, але тут вялікую ролю гуляюць тэхнічныя платформы, такія як Facebook, Google. Іх рэгуляцыя можа спрыяць супрацьдзеянню атакам на дэмакратычныя інстытуты", - рэзюмаваў Віталь Мароз.


Паўлюк Быкоўскі: Выбары ва Украіне 2019 - гэта першыя выбары, у якіх значную ролю адыграў Телеграм


Дэмакратычныя краіны, пачаўшы ўсведамляць пагрозу для дэмакратычных інстытутаў у выкарыстанні новых тэхналогій, сапраўды ўжо прымаюць меры, каб гэтыя пагрозы нівеліраваць.

"Пасля шумных выбараў у ЗША сацыяльныя сеткі сталі больш старанна сачыць за зборам персанальных дадзеных сваіх карыстальнікаў. З 2015 года Фэйсбук закрыў доступ іншым рэсурсам для збору персанальнай інфармацыі машыначытальным спосабам, гэта значыць ліквідаваў магчымасць робатам збіраць такую ​​інфармацыю або яе адкульсьці скапіяваць. У іншых сацсетках таксама прымаюцца пэўныя меры, у прыватнасці, нядаўна было некалькі хваляў знішчэння акаўнтаў, якія адміністрацыі сацсетак палічылі ботамі і якія маглі раней выкарыстоўвацца для палітычнай рэкламы, звязанай з выбарчымі кампаніямі ў ЗША. Цікавасць да гэтага была выказаная і ў іншых краінах.

Марк Цукербег зараз ездзіў па Еўропе і казаў на сустрэчах з прадстаўнікамі краін, што трэба паважаць нацыянальнае заканадаўства, што краіны маюць магчымасці і павінны кіраваць інтэрнэтам, гэта значыць ён заняў пазіцыю, цалкам процілеглую той, якую да гэтага часу выкарыстоўвалі евангелісты інтэрнэту, якія лічылі, што інтэрнэт - гэта нешта наднацыянальнае, куды нельга пускаць нацыянальныя ўрады, інакш яны ўсё забароняць. Напэўна, гэта рэакцыя Цукерберга як бізнэсмэна, які сутыкнуўся са штрафамі ў Еўропе і праблемамі ў ЗША, звязанымі як раз з палітычнымі кампаніямі, якія праходзілі ў яго ў сацсетцы", - адзначыў у каментары "Беларускаму партызану" беларускі медыяэксперт, журналіст Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі.

Першым выпадкам, дзе выкарыстоўваліся новыя тэхналогіі ў палітычных кампаніях, з'яўляецца Brexit. У значнай ступені дзякуючы таргетаванай рэкламе прыхільнікам Brexit ўдалося зрабіць адрасны асабісты зварот да выбаршчыкаў, якіх раней ніхто не ведаў і не бачыў, гэта значыць тых, хто быў страчаны ў палітычнай агітацыі ў Вялікабрытаніі.

"Сёння з дапамогай таргетаванай рэкламы можна ўплываць на фарміраванне прапановы таму ці іншаму карыстальніку, не ведаючы яго імя і прозвішча, але ведаючы, за ці супраць смяротнага пакарання ён выступае, за моцную дзяржаву ці ліберальныя каштоўнасці, ездзіць або не ездзіць ён за мяжу. Некаторы час таму ў Расіі быў скандал, звязаны з тым, што ў кабінеце Фэйсбука выкарыстоўвалася назва "здраднікі радзімы" для пэўнай часткі аўдыторыі, у якой апынуліся карыстальнікі, падпісаныя на ліберальныя выданні, якія бывалі за мяжой і валодаюць замежнымі мовамі. Па шэрагу пэўных характарыстык гэтыя людзі галасавалі б супраць Пуціна. Іх назвалі "здраднікі радзімы" і рабілі для іх спецыяльныя аб'явы.

Калі браць расейскія сацыяльныя сеткі, Вконтакте і Аднакласнікі, якія даволі папулярныя ў Беларусі, у іх забароненая палітычная рэклама, за выключэннем рэкламы выбарчых кампаній у Расійскай Федэрацыі. Пры гэтым пад "палітыку" ў гэтых сацсетках трапляе культура, грамадска-палітычныя выданні, то бок у іх даволі размытае паняцце, што такое "палітыка". Таму ў гэтых сацыяльных сетках выкарыстоўваюць не столькі рэкламныя кабінеты для прасоўвання палітычных кампаній, колькі звароты да адміністрацый суполак, такім чынам абыходзячы гэта абмежаванне", - распавёў медыяэксперт.

Паўлюк Быкоўскі

У сацыяльнай сетцы траціцца менш намаганняў на тое, каб перадаць інфармацыю канкрэтнай аўдыторыі, то бок  страляюць не па плошчах, страляюць нацэлена. Тут грае ролю эфект інфармацыйных бурбалак, у якіх варыцца большасць карыстальнікаў - яны бачаць толькі тое, што падабаецца ім, іх сябрам, што ім рэкамендуе глядзець разумная стужка Фэйсбука або Вконтакте. У выніку ім цяжка ўявіць, што ёсць людзі з іншым меркаваннем, іншым уяўленнем пра жыццё, адсюль іх выбар аказваецца не заўсёды інфармаваным. Гэта сапраўды сур'ёзная праблема.

"Сённяшні выхад на папулізм, распаўсюджванне фэйкавай інфармацыі: з аднаго боку, гэта сапраўды нешта новае, паколькі раней сур'ёзным абмежавальнікам распаўсюджвання фэйкаў былі СМІ - яны выбіралі, што перадаваць, а што не, сваім аўтарытэтам адказвалі за дакладнасць інфармацыі. З іншага боку, аўтарытарныя і таталітарныя рэжымы таксама выкарыстоўвалі СМІ для прапаганды, таму гэта не прынцыпова новая сітуацыя. Прынцыпова новае - гэта тое, што зараз кожны можа пачаць вяшчаць, і тэхналагічна нескладана зрабіць так, каб яго меркаванне, яго пазіцыя былі пачутыя. Раней, каб стаць такім вяшчальнікам, быў цэнз - прафесія, грошы альбо статус. Сёння гэта можа кожны. І гэта змяняе сітуацыю.

Калі паглядзець склад дэпутатаў Еўрапарламента, то там ёсць заўважная колькасць папулістаў і радыкалаў, якія прадстаўляюць палітычныя сілы, не прадстаўленыя ў парламентах сваіх краін. Выбары ў Еўрапарламент не такія значныя, як  нацыянальныя парламенцкія выбары ў кожнай краіне ЕС, таму туды атрымліваецца праслізнуць тым, хто гучней крыкне. І сацсетка для гэтага - лепшая трыбуна", - сказаў эксперт.

Па словах Паўлюка Быкоўскага, падчас выбарчай кампаніі ва Ўкраіне, мяркуючы па каментарах, якія зрабілі прадстаўнікі штаба Зяленскага, зразумела, што яны выкарыстоўвалі дастаткова шмат валанцёраў, сярод якіх спрабавалі знайсці лідэраў меркаванняў.

"Паколькі ва Украіне расійскія сацсеткі заблакаваныя, асноўная гульня праходзіла ў Фэйсбуку і месенджарах. Штабу Зяленскага ўдалося знайсці дастаткова уплывовых блогераў сярод маладых людзей, яны паспелі нарасціць вялікія групы ў Телеграме за даволі кароткі тэрмін. Калі верыць таму, што яны распавядаюць, то гэта першыя выбары, у якіх значную ролю адыграў Тэлеграм.

Агулам ва Украіне быў сумленны падлік галасоў, але досыць брудная выбарчая кампанія з абліваннем брудам, даставаннем кампрамату на ўсіх кандыдатаў. Паколькі пераможца выбараў практычна не даваў інтэрв'ю журналістам, акрамя саюзніцкага яму тэлеканала 1+1, паколькі на разнастайных сустрэчах ён не столькі абяцаў, колькі задаваў пытанні, то атрымалася досыць цікавая сітуацыя, калі ў масавай аўдыторыі мог фармавацца вобраз, які яна сама сабе прыдумала. У той час як Пётр Парашэнка вымушаны быў апраўдвацца і відавочна прайграваў у вачах сучасных карыстальнікаў сацсетак, паколькі яго выказванні былі доўгімі, не вельмі яркімі у параўнанні з тым, што прапаноўвалі прадстаўнікі штаба Зяленскага. Акрамя іншага, прадстаўнікі Зяленскага гулялі з мемамі, якія вельмі добра распаўсюджваюцца ў сацсетках, яны гулялі з такімі рэчамі, якія могуць спадабаецца публіцы, іх брэнд быў пазнавальны ў інтэрнэце.

Мяркуючы па каментарах, у гэтай кампаніі актыўна выкарыстоўваліся тролі з двух бакоў - Парашэнка і Зяленскага, але прадстаўнікі штаба Зяленскага сцвярджаюць, што ў іх троляў не было. Магчыма, крыху пазней мы даведаемся аб гэтай гісторыі больш. Але відавочна, што штабу Зяленскага ўдалося ўцягнуць у выбарчую кампанію тых, хто мог бы праігнараваць выбары па тых ці іншых прычынах, а таксама акумуляваць тых, хто стаміўся ад прэзідэнцтва Парашэнкі і вайны", - адзначыў эксперт.

На яго думку, у цэлым атрымалася кампанія, якая пакідала ўражанне пазітыву, і многія людзі, якія хацелі б змяніць нешта ў краіне, паверылі ў гэтую кампанію.

"Зараз мы можам назіраць, як штаб Зяленскага працягвае спрэчкі з камандай Пятра Парашэнкі, пры гэтым яны гавораць на розных мовах: адна каманда прасоўвае нацыянальна-арыентаваныя каштоўнасці, іншая - хутчэй пра камфорт, рашэнне бытавых праблем, хоць на самай справе яны не абяцаюць іх вырашаць, яны толькі кажуць на гэтыя тэмы. І гэта аказваецца бліжэй да таго, што масавая аўдыторыя сацсетак - Фэйсбука, Тэлеграма і Інстаграма - была гатовая ўспрыняць ва Украіне", - рэзюмаваў Паўлюк Быкоўскі.

Сёння палітычныя кампаніі сталі вельмі дынамічнымі і ўсё больш нагадваюць шоў з элементамі маркетынгу. Сацыяльныя сеткі, лідэры меркаванняў у інтэрнэце параўнальныя па ўплыву з вядучымі СМІ. Людзям далі прастору для выражэння - сацсеткі, але ніхто не патлумачыў рызыкі іх выкарыстання. Магчыма, нам варта задумацца пра пераацэнку ролі тэхналогій у нашым жыцці і задацца пытаннем, што з гэтым рабіць?

18:13 25/04/2019