АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Дзень волі-2019 Беларусь-Расія Выбары-2019 Праграма ураду Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

"БелГазету" працягваюць дзяліць: сайт не працуе, галоўрэд з'ехаў

На сайце "БелГазеты" з'явіўся артыкул "Абкладзены "ватай", падпісаны "калектывам рэдакцыі "БелГазеты".

"БелГазету" працягваюць дзяліць: сайт не працуе, галоўрэд з'ехаў
Яго аўтары дзеляцца меркаваннямі аб дзейнасці асноўнага ўладальніка газеты Кірыла Жываловіча, якую лічаць прычынай крызісу ў выданні. Акрамя іншага, там сказана, што на Жываловіча, якому належыць 75,6% акцый "БелГазеты", пададзена заява ва УБЭЗ.

Пасля таго як 28 студзеня на матэрыял звярнулі ўвагу беларускія СМІ, сайт "БелГазеты" стаў недаступны.

Што зараз адбываецца з выданнем і што будзе з нумарам, які павінен выйсці 29 студзеня?
"Сайт часова недаступны, гэта літаральна пытанне двух дзён. Гэта тэхнічныя праблемы, яны меліся і раней. Таму заўтра-паслязаўтра сайт адновіць працу. А ў крыху больш далёкай перспектыве — у абноўленым выглядзе", — запэўнівае Еўрарадыё Кірыл Жываловіч. Ён 28 студзеня знаходзіцца ў рэдакцыі "БелГазеты" — яму перадалі трубку гарадскога тэлефона, калі туды патэлефанавала наша журналістка.

Жываловіч лічыць, што пад тэкстам падпісалася не ўся рэдакцыя, а адзін канкрэтны чалавек. Праўда, асобу аўтара не ўдакладняе.

"Калі гэта сапраўды так [факт падачы заявы ў аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. — Еўрарадыё], то я не баюся зносін ні з УБЭЗ, ні з іншымі ведамствамі", — заяўляе ён.

Па словах Жываловіча, праца газеты ідзе поўным ходам, новы дырэктар выдання Юрый Карэтнікаў таксама знаходзіцца ў рэдакцыі. "БелГазета", як звычайна, выйдзе ў аўторак — 29 студзеня. Але ў заўтрашнім нумары ў якасці дырэктара будзе паказаны Андрэй Бандарэнка.

"У заўтрашнім нумары дапушчана парушэнне, і там не пазначаны не Карэтнікаў. Але вы можаце пераканацца ў тым, што менавіта ён дырэктар, самымі рознымі спосабамі — у рэдакцыі з ім сустрэцца, дакументы ў мяне паглядзець ці зрабіць запыт ва ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама. У наступным нумары дырэктарам будзе ўказаны Карэтнікаў", — сцвярджае Жываловіч.

Паводле яго слоў, галоўны рэдактар і другі заснавальнік "БелГазеты" Ігар Высоцкі хоча сысці ў адпачынак. Але афіцыйнай заявы з яго боку Жываловіч не бачыў.

Мы датэлефанаваліся да Высоцкага, але ён сказаў, што знаходзіцца не ў Мінску і не ведае, што адбываецца ў рэдакцыі.

Я прадбачу страту працы. Але і сама праца можа знікнуць”
Штатны супрацоўнік газеты Віктар Фёдаравіч абвяргае словы Жываловіча аб тым, што тэкст, апублікаваны на сайце газеты, зыходзіў ад аднаго чалавека.

"Я падпісваюся пад кожным словам, — кажа ён. — У гэтай сітуацыі я магу страціць працу, але гэта не самае страшнае. Праца сама можа знікнуць — я маю на ўвазе "БелГазету" як выданне. Запазычанасць па маёй зарплаце толькі за мінулы год склала некалькі тысяч беларускіх рублёў. Мяркую, што і за 2016-2017 гады былі запазычанасці. Ніякага аптымізму ў гэтай сітуацыі ў мяне няма.

У пачатку года я даведаўся, што рэдакцыю просяць вызваліць памяшканне на вуліцы Фабрычнай, што мы тэрмінова пераязджаем. Я ў свае немаладыя гады цягаў мэблю разам з Ігарам Высоцкім і Андрэем Бандарэнкам. Асноўнага сузаснавальніка, уладальніка, я так і не пабачыў. Для мяне гэта прыклад стаўлення чалавека да сваёй справы. Я на баку Ігара Валер'евіча Высоцкага. Ён мяне прымаў на працу, мы з ім дамаўляліся пра заработную плату".

"БелГазета" апынулася ў няпростай сітуацыі. Але мы спадзяемся, што гэтая сітуацыя не бязвыхадная. Рэдакцыя Еўрарадыё верыць, што "БелГазета" пераадолее крызіс і верне сабе ўстойлівыя пазіцыі на рынку беларускіх медыя.



17:54 28/01/2019


ссылки по теме