АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Дзень волі-2019 Беларусь-Расія Выбары-2019 Праграма ураду Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Ганьне Красулінай з АГП адмовілі ў задавальненьні скаргі, яна мусіць зьехаць зь Беларусі да паўночы

Прэс-сакратарка АГП зьбіраецца зьвярнуцца ў суд і пакуль ня мае намеру добраахвотна зьяжджаць.

Ганьне Красулінай з АГП адмовілі ў задавальненьні скаргі, яна мусіць зьехаць зь Беларусі да паўночы
Ва Ўпраўленьні ўнутраных спраў Менскага гарвыканкаму разгледзелі скаргу прэс-сакратаркі АГП Ганны Красулінай. Рашэньне аб яе высылцы пакінулі ў сіле, цяпер Красуліна мусіць пакінуць Беларусь да паўночы. Пра гэта прэс-сакратарка АГП сказала Свабодзе.

«Скарга разгледжана і пакінута без ухваленьня. Маўляў, рашэньне наконт мяне прынятае законна. Я ўдакладніла, ці маю я тэрмін, каб падаць у суд. Мне адказалі, што сёньня да 00:00 канчаецца мая магчымасьць добраахвотна выехаць зь Беларусі».

Цяпер Ганна Красуліна рыхтуе скаргу ў суд Маскоўскага раёну Менску, каб сёньня падаць яе ў суд. Па законе, калі скарга будзе накіравана сёньня, то на час абскарджаньня Красуліна можа застацца ў краіне.

«Добраахвотна пакуль зьяжджаць не зьбіраюся», — удакладніла Красуліна.

13 лістапада міграцыйная служба МУС паведаміла, што Ганну Красуліну высылаюць зь Беларусі ў «інтарэсах грамадзкага парадку».

Што важна ведаць пра высылку Ганны Красулінай?

Міграцыйная служба Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла 13 лістапада прэс-сакратарцы АГП Ганьне Красулінай пра рашэньне аб яе высылцы «ў інтарэсах грамадзкага парадку».

Прычынай для высылкі Красулінай сталі адміністрацыйныя правапарушэньні:

пікет падчас выбарчай кампаніі;
сустрэча з ізалятара затрыманых;
сплачаны на месцы штраф за неаплачаны праезд.
У АГП лічаць, што матывы дэпартацыі — палітычныя.

Тэрмін высылкі: 1 год.

Хто такая Красуліна?

Ганна Красуліна нарадзілася ў Расеі і мае расейскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства. Сваіх бацькоў Красуліна перавезла ў Беларусь.

Красуліна мае пасьведчаньне на жыхарства ў Беларусі да 30 студзеня 2019 году.

Каго яшчэ высылалі і дэпартавалі зь Беларусі?

У 2011 годзе беларускія ўлады дэпартавалі з краіны журналіста газэты «Маскоўскі камсамолец» Ігара Кармазіна, заявіўшы, што ён нясе пагрозу бясьпецы краіны.

У 2014 годзе ўлады пазбавілі віду на жыхарства і дэпартавалі на 3 гады праваабаронцу Алену Танкачову. Сёлета Танкачова атрымала дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі.

Карэспандэнта тэлеканалу НТВ Аляксандра Ступнікава ў 1997 годзе пазбавілі акрэдытацыі і выслалі зь Беларусі. У 2003 годзе прадстаўніцтва НТВ у Беларусі зачынілі, а яго кіраўніка Паўла Селіна дэпартавалі з краіны бяз права ўезду тэрмінам на 5 гадоў. У 2009-м зь Беларусі дэпартавалі журналістаў расейскай тэлекампаніі НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку, якія здымалі сюжэт пра зьніклых апазыцыянэраў.

У 2006-м дэпартавалі расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава.
13 сьнежня 2005 году карэспандэнтцы Польскага тэлебачаньня Агнешцы Рамашэўскай было адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь, нягледзячы на дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У чэрвені 2004-га за парушэньне «правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў» дэпартавалі ва Ўкраіну на 5 гадоў намесьніка рэдактара газэты «Время» Міхаіла Падаляка. 


16:48 30/11/2018


ссылки по теме