АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

У Беларусі ўдакладнілі парадак блакавання сайтаў

Чорны спіс рэсурсаў стане яшчэ больш закрытым, а разблакіроўка сайта можа ўскладніцца. Гэта вынікае з абноўленага парадку блакавання і разблакіроўкі сайтаў, апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.


У Беларусі ўдакладнілі парадак блакавання сайтаў
Дакумент называецца «Палажэнне аб парадку абмежавання (аднаўлення) доступу да інтэрнэт-рэсурсу». Яго зацвердзілі Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і Міністэрства інфармацыі. Пастанова ўступае ў сілу з 1 снежня 2018 года.

Раней парадак блакавання вызначаў аналагічны дакумент, прыняты ў 2015 годзе. У новай версіі змянілася ўсяго некалькі момантаў.

Чорны спіс стаў яшчэ больш закрытым
 
Спіс сайтаў, якія падлягаюць блакаванню, вядзе Дзяржаўная інспекцыя (БелДІЭ). Гэты спіс складаюць на падставе рашэнняў Міністэрства інфармацыі. Правайдары рэгулярна правяраюць спіс і блакуюць усе рэсурсы з яго.

Спіс гэты закрыты, бачыць яго могуць толькі правайдары, чыноўнікі і сілавікі. Раней доступ да спісу маглі атрымаць «іншыя дзяржаўныя органы і арганізацыі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй, вызначанай заканадаўствам» па ўзгадненні з профільнымі ведамствамі.

Зараз гэтую фармулёўку прыбралі. Паглядзець спіс могуць толькі супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, органаў, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, органаў пракуратуры і папярэдняга следства, органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, падатковых органаў, судоў і пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг.

Колькасць скаржнікаў абмежавалі
«Iншыя асобы» зніклі і са спісу тых, хто можа паскардзіцца на сайты з забароненай інфармацыяй, якія знайшлі ў інтэрнэце.

Раней зрабіць гэта маглі «іншыя дзяржаўныя органы і арганізацыі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй, вызначанай заканадаўствам», а яшчэ «іншыя арганізацыі» і фізічныя асобы. Па сутнасці, на знойдзеную ў Сетцы забароненую інфармацыю мог паскардзіцца хто заўгодна. Да прыкладу, інтэрнэт-энцыклапедыю «Луркамор'е» у Беларусі блакавалі па звароце з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У абноўленым дакуменце гэтага пункта больш няма. Рашэнне аб блакаванні прымае Мінінфарм (як і раней). Дадаваць новыя пункты ў спіс можа і БелДІЭ, але толькі сродкі абыходу блакаванняў - напрыклад, «ананімныя сеткі тыпу Tor».

Як разблакаваць сайт?
У мінулай версіі дакумента быў алгарытм дзеянняў для ўладальніка заблакаванага сайта, калі ён знаходзіцца ў нацыянальным сегменце інтэрнэту.

Уладальнік меў права пісьмова звярнуцца ў Міністэрства інфармацыі з заявай аб аднаўленні доступу. Міністэрства было абавязана на працягу месяца з дня атрымання заявы праверыць, што парушэнні ліквідаваны. Калі яны сапраўды былі ліквідаваны, ведамства прымала рашэнне аб аднаўленні доступу і сайт разблакавалі.

Больш такой інструкцыі няма. Магчымасць разблакоўкі ўсё яшчэ прадугледжана, але толькі па рашэнні Міністэрства інфармацыі - без удакладнення парадку і тэрмінаў разгляду заявы, піша 42.tut.by


11:16 09/10/2018


ссылки по теме