АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Уладзімір Някляеў: Ідзе працэс знішчэння Беларусі знутры

"Я ўсведамляю, што апазіцыя слабая, але калі я гляджу наперад і бачу беларускую пустэчу, я іду на плошчу і крычу - не, я на гэта не згодзен".

Уладзімір Някляеў: Ідзе працэс знішчэння Беларусі знутры
З Уладзімірам Някляевым мы сустрэліся ў Гродне, куды ён прыехаў на творчую сустрэчу з гарадзенцамі ў Цэнтры гарадскога жыцця.

- Добры дзень, Уладзімір Пракопавіч! Не магу паверыць, што сустрэла вас вось так проста! Іду на ваш творчы вечар, - падышла да нас на вуліцы, некалькі збянтэжыўшыся, але не хаваючы захаплення, жанчына гадоў сарака.

Сёння Уладзімір Някляеў сышоў з актыўнай палітыкі і больш займаецца творчасцю. Тым не менш, ён эмацыйна каментуе тое, што сёння адбываецца ў нашай краіне. Шпацыруючы па вузкіх гарадскіх вулачках, мы пагаварылі аб магчымых сцэнарах будучых выбараў, беларускай апазіцыі і што гэта значыць - быць паэтам у Беларусі.

- Шмат палітычных сілаў, напрыклад, “Гавары праўду”, сацыял-дэмакраты, ЛДП ужо заявілі, што будуць вылучаць сваіх кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах. Раней правацэнтрысты заяўлялі пра тое, што яны маюць намер правесці праймерыз і вылучыць адзінага кандыдата на выбары. Наколькі актуальны праект “адзінага кандыдата” зараз? Ці ў нас будзе парад кандыдатаў, як у 2010 годзе? 

Праект "адзінага кандыдата" ад пачатку нежыццяздольны. За час знаходжання ў тытульнай апазіцыі я пераканаўся ў тым, што яна не здольная дамовіцца ні па адным стратэгічнам пытанні. Таму што свае інтарэсы даражэйшыя за інтарэсы калегаў, а тым больш за нейкія абстрактныя інтарэсы народа, краіны. Гэта стала адной з прычын, чаму я сышоў з "Гавары праўду!" і актыўнай палітыкі.

Я не здолеў дамовіцца з імі ў 2010 годзе, чаго я дамагаўся з усіх сіл. Не было адзінства ў 2015 годзе, не будзе яго і на выбарах 2020 года.

Усе размовы пра тое, што Лукашэнка па сваёй волі ці па волі Крамля або Пуціна адмовіцца ад удзелу ў выбарах дзеля вышэйшай мэты...

- Ці калі яго прымусяць...

Ніхто яго не будзе прымушаць. Усе размовы пра тое, што на яго ціснуць, сыходзяць якраз не з Масквы, а з якой-небудзь нашай канторскай арганізацыі ці набліжанай да яе, якая стварае бачнасць небяспекі для гаранта.

- Але ціск, прынамсі ў інфармацыйнай прасторы, апошнім часам узацніўся. Успомніць хаця б тое, як на днях Цэнтр ваенна-палітычных даследаванняў МДІМА апублікаваў сцэнар у дачыненні да Беларусі: альбо сыход Лукашэнкі і перадача ўлады прарасійскаму пераемніку, альбо крымскі сцэнар.

Ніхто нікому ўладу не аддасць і не перадасьць, пакуль Лукашэнка жывы. Яго з улады можна будзе вынесці толькі наперад нагамі - кропка. Лукашэнка цалкам задавальняе Пуціна. І Захад зараз таксама задавальняе. У Лукашэнкі ёсьць карт-бланш. Калі раней яго падтрымлівалі толькі з Усходу, то цяпер яшчэ і з Брусэлю.


-  Многія лічаць, што 25-годдзе свайго кіравання Лукашэнка адзначыць рэферэндумам па змене Канстытуцыі, пасля якога прэзідэнцкіх выбараў можа ўвогуле не быць. Вы ведаеце Лукашэнку асабіста з тых часоў, калі ён яшчэ быў дырэктарам саўгаса. Ці можа ён пайсці на такое?

Ён будзе шукаць усялякія шляхі, каб застацца пры ўладзе, таму вельмі праўдападобна, што ён можа змяніць Канстытуцыю яшчэ раз. Падобны сцэнар выкарыстаны ў Арменіі – перадача рэальнай улады з прэзідэнцкага кабінету ў кабінет прэм’ер-міністра. У Арменіі гэта падавалася як дэмакратычная змена, і ў нас таксама можна так падаць. Маўляў, трэба дзяліцца ўладай, давайце перададзім яе ў рукі тых, хто рэальна кіруе гаспадаркай – гэта кабінет міністраў і прэм’ер. Давайце зробім як у некаторых дэмакратычных краінах, дзе  прэзідэнта абірае парламент. Лукашэнка можа рэальна скарыстацца такім варыянтам. 
Можа адбыцца рэзкая змена агульнай палітычнай сітуацыі. Напрыклад, у выпадку ўзнікнення амерыканскай ваеннай базы ў Польшчы адказам будзе расійская ваенная база на тэрыторыі Беларусі. Я перакананы, што гэта быў адзін з пунктаў перамоваў Лукашэнкі з Пуціным у Сочы. Пры эскалацыі сітуацыі ўнутры краіны і за яе межамі можа з'явіцца зусім іншы сцэнар, які будзе прадугледжваць адмову ад выбараў наогул.

- Вы адзначылі, што ў беларускай апазіцыі не было і не будзе адзінства. Яе раздробленасць сапраўды фатальная, яна не мае даверу ў грамадстве. Як вы лічыце, ці варта такой апазіцыі наогул перамагаць? Ці не стане адсутнасць адзінства крыжам на перспектывах нашай краіны? Уявіце, прыйдзе такая апазіцыя да ўлады, зноў перасварыцца і зноў аддасць уладу - у яшчэ горшыя рукі?

Гэта абсалютна фантастычная рэч - што апазіцыя ў Беларусі можа прыйсці да ўлады. У такім стане яна не прыйдзе да ўлады ніколі. Пакуль будзе Лукашэнка, ніхто іншы да ўлады не прыйдзе. Зараз усходні сусед будзе трымаць беларускі рэжым у больш калючых рукавіцах. Але ўсё роўна - рэжым будзе падкормлівацца і захоўвацца. Больш надзейнага васала, чым Лукашэнка, Пуцін больш нідзе не знойдзе. Нават у КДБ.

Мне вельмі шкада, што грамадская думка ў дачыненні да беларускай дэмакратычнай апазіцыі стала такой - гэта нявера ў сілы і магчымасць палітычнай перамогі плюс страта маральнага даверу. Гэта вельмі сур'ёзная праблема для ўсяго беларускага грамадства, таму што павінны быць маральныя аўтарытэты, тыя людзі, якім давяраюць незалежна ад таго, хто яны па сваіх палітычных перакананнях. Гэта разбурылася ў бясконцым раздрай і сварках паміж уладай і апазіцыяй і ўнутры самой апазіцыі. Засталіся нават не трэскі, а пыл, іх немагчыма ўжо зляпіць. Выправіць сітуацыю наўрад ці магчыма.

Шкада, бо апазіцыя першапачаткова многае зрабіла для краіны, людзі на самай справе змагаліся, сядзелі ў турмах, многае гублялі. І гэта не адзінкі, а тысячы людзей. Усе псіхалагічна стаміліся. Я напісаў пра гэта ў рамане "Вяртанне веры", пра тое, як назапашвалася ў людзях негатыўная псіхалогія няўдачнікаў, як яны расчароўваліся, адыходзілі ад актыўнай барацьбы.

Сёння яшчэ засталіся некалькі чалавек, якія стаяць на смерць за свае перакананні. Але калі яны знаходзяцца ўнутры нейкіх структур, або ўзначальваюць iх, то яны прадстаўляюць толькі саміх сябе, а не палітычную сілу, якую хацелі б. Гэта вельмі прыкра. Я не з тых людзей, каб крыўдзіцца на апазіцыю за тое, што яна зрабіла не так, як бы я хацеў. Для мяне пераважае агульны інтарэс. Ён якраз і палягаў у тым, што мы зможам дасягнуць агульнага паразумення і выглядаць прыстойна ў вачах людзей. Але гэтага не здарылася.

Гэта адна з балючых для мяне тым, бо я аддаў гэтаму гады жыцця. І выходзіць, што дарма?


- Адчуваецца ваша расчараванне ў палітыцы…

Калі я пайшоў у палітыку, то думаў, што буду вырашаць лёс нашай краіны. Шмат хто з маіх блізкіх казаў мне, што я згубіў 10 гадоў на тое, што не прынесла выніку. Насамрэч гэта так і ёсць. Бо палітыка – гэта барацьба за ўладу, не атрымаў ўладу, значыць, праіграў, астатняе не лічыцца. Але я праіграў як палітык, не як паэт. 

Тым не менш, я зараз застаюся ў Беларускім нацыянальным кангрэсе. З-за людзей, якія туды ўваходзяць, перш за ўсё гэта Мікалай Статкевіч. Калі ён выйшаў з турмы, ён прыйшоў да мяне, мы ўсю ноч прагаварылі, ходзячы па вуліцы, вось як мы цяпер. І я зразумеў, што калі яго не падтрымаю, ён застанецца адзін. Выйшаўшы з турмы, ён не разумеў, што адбываецца ў краіне і свеце, у турме наогул мяняецца ўяўленне аб рэальнасці, пра тое, што адбываецца за сценамі. Ён спадзяваўся, што апазіцыя зможа аб'яднацца вакол яго, таму я падтрымаў яго віртуальнае вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты ў 2015 годзе, каб дадаць яму палітычнай вагі. Маючы магчымасць выйсці з турмы, толькі падпісаўшы паперку, ён гэтага не зрабіў і адседзеў 5 гадоў. Ніхто з тых людзей, хто ў гэты час быў на волі, на такі ўчынак быў не здольны. Ён адзін быў здольны. На сённяшні дзень гэты чалавек стаіць на сваіх прынцыпах так жа непахісна.

Я падзяляю пазіцыю БНК: любыя перамовы з уладамі, круглыя ​​ці квадратныя сталы, бессэнсоўныя. Таму - ніякіх з імі перамоваў, сустрэч, абдымкаў за кубкам кавы. Толькі сыход рэжыму, гэтай улады, можа даць будучыню для гэтай краіны. Пры іх будзе тое, што цяпер - рэпрэсіі, турмы, ціск на грамадства, усё тое, што мы назіраем. Гэта невылечна і нязменна.

Кабінетная частка апазіцыі заклікае да "канструктыўных падыходаў", маўляў, выхады на плошчу і пратэстныя акцыі нічога не даюць. Даюць. Я ведаю сотні людзей, якія падыходзяць і кажуць мне "дзякуй". Уявіце сабе, што і гэтага няма. Тады што атрымліваецца? Усё выдатна. Усе падтрымліваюць - Захад і Усход, народ - вітае, ніхто на вуліцы не выходзіць. Так атрымліваецца, Лукашэнка - талковы хлопец?

Асяродак Лукашэнкі хоча абяліць яго, таму што калі ён малайчына, то і яны малайцы. Маўляў, вы такія дурні, паперліся на плошчу ў 2010 і 2015 гадах, а мы канструктыўна працавалі, ішлі стратэгічным напрамкам, які вы не здолелі зразумець. І ўсё добра: Захад прызнаў, з крамлёўскімі нармальна, мільярды ідуць. А на самай справе што было? Колькі людзей прайшлі праз гэта са зламанымі лёсамі. Зараз узяць і забыцца пра гэта?

Для мяне самае істотнае ў любой барацьбе - дух, тое, з чым я іду на плошчу. Я іду не таму што сябра нейкай партыі, а таму, што не магу не пайсці. Гэта абсалютна розныя рэчы.

- Вы нядаўна напісалі пост у Фэйсбуку, дзе сказалі пра тое, што асяродак Лукашэнкі, яго чынавенства вельмі баіцца змены ўлады. Але скрозь свой страх яны не заўважылі, што ўлада ўжо змянілася. Дык каму належыць улада ў Беларусі?

Улада ў Беларусі такая ж, што і ў Расеі - гэта ўлада КДБ. Гэта рэванш сілавых структур, якія ў выніку падзей часоў Гарбачова, Ельцына страцілі пазіцыі, а пасля знайшлі свайго чалавека, паставілі яго на валадарства і ўжо банкуюць другі дзясятак гадоў. Для мяне асабіста гэта відавочна. Ідзе працэс знішчэння Беларусі ўнутранымі сіламі. Я нагледзеўся на гэта знутры, калі быў у турме КДБ і бачыў гэтых людзей паблізу, ім даручана дзяржавай забяспечыць бяспеку і незалежнасць РБ. На самай справе яны служаць іншай краіне.

- Ёсць такое меркаванне, што да наступных прэзідэнцкіх выбараў у Расіі ў 2024 годзе Расея можа паглынуць Беларусь, каб Пуцін мог зрабіць легітымным свой новы тэрмін. На ваш погляд, ці магчымы такі сцэнар?

Наўпроставай анэксіі Беларусі пасля Украіны не будзе, гэта занадта небяспечна для Пуціна. Вядома, нічога нельга гарантаваць. Нельга прадбачыць, што можа здарыцца ў галаве чалавека, які зусім не ўсведамляе рэальную сітуацыю ў свеце. Ва ўмовах эканомікі, якая не складае і двух працэнтаў ад сусветнай, надзьмуваць шчокі і думаць, што вайсковым чынам можна нешта здабыць - гэта вялікая памылка.

Але гэта не вырашае пытанне Беларусі.


- Пісьменнік Яўген Еўтушэнка пісаў пра вас так: паэт у Беларусі - больш, чым паэт. Як вы разумееце гэтыя словы?

Калегі па літаратурным цэху папракаюць мяне ў тым, што я апусціўся да такога бруду як палітыка, калі ёсць высокае, нябеснае. Кшталту, яны такія алімпійцы, а я нейкі магільшчык, пад гарой стаю, капаюся ў гэтым брудзе. Я сам усё гэта разумею, не трэба мне нічога тлумачыць. Але я нічога не магу з сабой зрабіць. Я думаю пра маіх папярэднікаў, гэта Барадулін, Бураўкін, Караткевіч, Быкаў. Можна і далей паглядзець - Купала, Колас, Багдановіч. Літаратура - гэта тытанічная праца. Яна не дае ад сябе адпачыць ні днём ні ўначы. Яны аддавалі ёй свае лёсы і жыцці. І што ў выніку? У Гродне ў беларускамоўныя класы ў гэтым годзе пайшлі толькі тры чалавекі на 360 тысяч насельніцтва. У Магілёве - адзін чалавек. Гэтая сітуацыя адмяняе гэтых людзей, гэтых тытанаў, увесь дух беларускі, усю сутнасць беларускасці. І гэта робіцца рукамі людзей, якія тут кіруюць. Я зразумеў для сябе, што трэба нешта рабіць. Я ўсведамляю, што апазіцыя слабая, але калі я гляджу наперад і бачу беларускую пустэчу, я іду на плошчу і крычу - не, я на гэта не згодны.

Калі б я не верыў у Беларусь, я б не займаўся тым, чым займаюся. Улада знішчае беларускую мову, літаратуру, культуру, а яны жывуць. Так як з'яўляюцца людзі, якія змагаюцца за гэта, нягледзячы ні на што.

- У адным з інтэрв'ю вы казалі, што менавіта беларуская мова вярнула вас з эміграцыі з Фінляндыі.

Так, дадому мяне вярнула беларуская мова. Беларуская мова дала мне магчымасць стаць паэтам. Я ёй вінаваты. І я павінен зрабіць усё, каб яны жыла. Як інакш?

11:51 28/09/2018


ссылки по теме