АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

"Цяжар неэфектыўнасці перакладваецца": беларусы скінуцца для холдынга-даўжніка

Заплаціць за чарговую падтрымку дзяржпрадпрыемстваў давядзецца падаткаплатнікам. Прычым праз марнатраўства пацярпяць прыватны бізнес і ўзровень жыцця беларусаў.

"Цяжар неэфектыўнасці перакладваецца": беларусы скінуцца для холдынга-даўжніка
Мінаблвыканкам выпусціць аблігацыі на $91 млн і на 125 млн рублёў. Іх мусяць купіць Беларусбанк і Белаграпрамбанк. Грошы пойдуць на "павышэнне эфектыўнасці дзейнасці ўдзельнікаў холдынгу "Мясамалпрам".

Еўрарадыё даведалася ў эксперта, чаму прадпрыемства гэта не выратуе, а беларусы будуць жыць горш.
 

Аблігацыі Мінаблвыканкама, таму што ў яго ёсць грошы беларусаў

"Мясамалпрам" падтрымліваюць ужо не ўпершыню. Яшчэ ў 2016 годзе быў асобны ўказ №496 "Аб мерах па фінансавым аздараўленні юрыдычных асоб — удзельнікаў холдынгу "Мясамалпрам".

 
Кіраўнічая кампанія "Мясамалпрама" прымае гасцей з Венесуэлы / stelland.by

Тады Мінаблвыканкам таксама выпускаў аблігацыі "на суму, якая ўтварылася на 1 снежня 2016 года ва... удзельнікаў холдынгу "Мясамалпрам"... запазычанасці па асноўным доўгу і нявыплачаных працэнтах па крэдытах". Даўгі аказаліся перад Беларусбанкам і Белаграпрамбанкам. На 571,3 млн рублёў. Тэрмін пагашэння папярэдніх аблігацый заканчваецца якраз 31 снежня 2021 года, а падаць дакументы на новы выпуск Мінскі аблвыканкам павінен не пазней за 1 студзеня 2022 года.

Выпускае не сам "Мясамалпрам" таму, што нават пад гарантыі ўрада банкі не гатовыя даваць холдынгу грошы, лічыць кіраўнік праекта "Кошт Урада" Уладзімір Кавалкін.

— Гэтыя прадпрыемствы відавочна стратныя і знаходзяцца ў стане, калі не могуць абслугоўваць свае даўгі. Калі б яны маглі іх абслугоўваць, то самі выпусцілі б аблігацыі альбо схадзілі ў банк па крэдыт.

Калі бізнес-праект прыбытковы, банк з задавальненнем дае крэдыт. Тут банк, хутчэй за ўсё, ні пры якіх умовах не хоча крэдытаваць дзяржпрадпрыемствы проста таму, што дакладна ведае, што гэтыя грошы не вернуцца ніколі.

Затое банк гатовы купіць аблігацыі Мінскага аблвыканкама, які будзе разлічвацца грашыма, сабранымі з беларусаў.

 — Даўгі, назапашаныя прадпрыемствамі "Мясамалпрама", лягуць проста на бюджэт, то бок на падаткаплатнікаў, — працягвае Уладзімір Кавалкін.
 

"Кожны хацеў бы, каб гэтыя грошы пайшлі на медыцыну"
 

Грошы можна было накіраваць на абсталяванне або стажыроўкі для медыкаў / Еўрарадыё
Калі мінулым разам Мінаблвыканкамам выпускаў аблігацыі на пяць гадоў, то цяпер вяртаць грошы плануецца толькі ў 2036-м і ў 2042-м годзе.

Выходзіць, адкласці выплаты па даўгах "Мясамалпрама" ўлады разлічваюць на 14 і на 20 гадоў. Уладзімір Кавалкін адзначае, што амаль $140 млн маглі пайсці на паляпшэнне ўзроўню жыцця беларусаў. Але замест гэтага давядзецца заплаціць ім самім.

Бюджэтнікам гэта не спадабаецца: якой будзе бітва за бюджэт у 2022 годзе
— Гэта шмат для грамадзяніна, таму што кожны лічыць сваю капейку. Кожны хацеў бы, каб гэтыя грошы пайшлі на больш якасную медыцыну і на больш якасную адукацыю для іх дзяцей.

Але гэта мізер нават у рамках бюджэту Мінаблвыканкама, напрыклад. У апошнія гады ўрад набраў досыць шмат крэдытаў праз аблігацыі. І 100-150 мільёнаў ні на што не паўплываюць. Але мы разумеем, што гэтыя грошы ніколі не вернуцца ў казну. 

Эфектыўны бізнес атрымае менш магчымасцяў

Прывілеі для дзяржбізнесу выцясняюць магчымасці для развіцця прыватнага сектара. Бо свабодных грошай у банкаў робіцца менш.

— Гэта, безумоўна, адбіваецца і на дынаміцы росту ВУП, і на стварэнні новых працоўных месцаў, і на эфектыўнасці фінансавай стабільнасці рэальнага і фінансавага сектара. Атрымліваем доўгатэрміновыя негатыўныя эфекты.

Акрамя таго, калі аб'ём даступных сродкаў меншы, то і стаўкі па крэдытах вышэйшыя.

— Бізнес будзе ад гэтага пакутаваць. Гэта азначае зніжэнне інвестыцый, ніжэйшыя зарплаты і гэтак далей. Цяжар неэфектыўнага менеджменту дзяржава перакладвае на плечы, з аднаго боку, падаткаплатнікаў, таму што за іх кошт гэты банкет. А з іншага боку — на бізнес і патэнцыйных работнікаў гэтага бізнесу.
 

"Эканамічная эфектыўнасць не першарадная"


Чыноўнікі рапартуюць пра рост экспарту і поспехі, а "Мясамалпрам", які амаль напалову складаецца з прадпрыемстваў па вытворчасці знакамітай беларускай "малочкі", усё роўна праблемны.

— Там усё адна вялікая праблема, таму што ўсё рэгулюецца і кіруецца дзяржавай адначасова. Праблемы пачынаючы з калгасаў, якім дыктуюць закупачныя цэны. Праз гэта яны хранічна стратныя і назапашваюць даўгі.

Дыктуюць цэны перапрацоўшчыкам, каб дэмпінгаваць пры продажах ў Расію. У выніку далёка не заўсёды ўдаецца атрымаць нейкі прыбытак. Чыноўнікі навязваюць сваё бачанне бізнесу дырэктарам гэтых дзяржпрадпрыемстваў, — кажа Уладзімір Кавалкін.

Такі падыход прыводзіць да таго, што не ў дырэктара ёсць план па працы прадпрыемства, а чыноўнікі паведамляюць яму, якімі павінны быць паказчыкі.

— Навязваюць дзеянні, якія шкодзяць эфектыўнасці. Напрыклад, трымай работнікаў больш, чым трэба, таму што мы не можам дапусціць беспрацоўя. Або выпускай прадукты па нізкай цане. А гэта яшчэ і прадпрыемства дзяржавы, у якой не толькі бізнес-мэты, а яшчэ і сацыяльныя і палітычныя мэты. У тым ліку навязаныя былым прэзідэнтам. Атрымліваецца сітуацыя, калі эканамічная эфектыўнасць не першарадная, — рэзюмуе Уладзімір Кавалкін.

08:16 27/11/2021


Загрузка...
Загрузка...