АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Спадчына Чыжа: што на месцы заправак "Трайпла"

Запраўка "РОС-ВТС" у Мінску / Еўрарадыё

На месцы запраўкі збанкрутаванага "Трайпла" Юрыя Чыжа з'явілася запраўка "РОС-ВТС". Па звестках АДР, ТАА "РОС-ВТС" было заснаванае ў траўні 2020 года грамадзянінам Расійскай Федэрацыі.

Аднак гэта не даччыны праект якой-небудзь расійскай кампаніі, растлумачылі ў ТАА "РОС-ВТС".

Звесткі пра "РОС-ВТС" з Адзінага дзяржаўнага рэестра / Еўрарадыё

— Гэта занадта крутая здагадка. У нас беларуская арганізацыя, якая атрымала ліцэнзію на гандаль нафтапрадуктамі. Мы ўзялі запраўку ў арэнду ў "Трайпла" і пачалі працу. Спадзяюся, што ўсё будзе паспяхова, — адзначае суразмоўнік.

Заўважаем, піша Еўрарадыё, што лагатып "РОС-ВТС" і афармленне запраўкі практычна не адрозніваецца ад афармлення ранейшага брэнда.

— Паколькі запраўка ў арэндзе, а не ва ўласнасці, мы працуем з наяўнай каляровай гамай. Адпаведна, каб не было лішніх выдаткаў на пераабсталяванне, прыкладна так і пакінулі. Ніякай сувязі з "Трайплам" няма, — працягвае суразмоўнік.

Пакуль у "РОС-ВТС" адна запраўка, а пашырэнне толькі на стадыі задумкі, дзеліцца суразмоўнік.

Пры гэтым, як паведамляюць чытачы Еўрарадыё, запраўка "Трайпла" ў Жодзіне застаецца закрытай і прыкмет рэбрэндынгу там няма.

А што з Юрыем Чыжом?

Юрый Чыж / belgazeta.by

ТАА "Трайпл" прызнанае банкрутам 14 ліпеня 2021 года, а яго ўладальнік Юрый Чыж затрыманы ў сакавіку пасля таго, як ён вярнуўся з Расіі. Бізнесмен да гэтага часу знаходзіцца пад вартай. У дачыненні да "Трайпла" распачатая санацыя да 30 чэрвеня 2022 года.

Ва ўказе №326 ад 30 жніўня сказана, што "Трайпл" павінен вярнуць у бюджэт Мінска грошы за прэферэнцыі дзяржавы. Гэтыя прэферэнцыі былі дадзены кампаніі ў 2008 годзе Аляксандрам Лукашэнкам для будаўніцтва жылля і развіцця жыллёвай інфраструктуры.

Вяртанне сум, роўных прэферэнцыям, адносіцца да аб'ектаў, на якіх працавала кампанія Чыжа. Адзін у ваенным гарадку №69 "Уручча" (21 гектар), другі — у ваенным гарадку №31 "Шпіталь" (больш за 4 гектары).

Юрыя Чыжа затрымалі ўжо другі раз. Упершыню гэта адбылося ў 2016 годзе. Бізнесмена падазравалі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Тады Чыж выйшаў на свабоду, пакрыўшы шкоду.

08:01 30/09/2021


Загрузка...
Загрузка...