АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«У рэпрэсіўнай палітыцы можа існаваць толькі рэпрэсіўная эканоміка» - эканаміст Зьміцер Крук

Старшы навуковы супрацоўнік цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук адказвае на пытаньне Свабоды, ці могуць улады ўвесьці валютныя абмежаваньні, прагназуе, што будуць рабіць улады з бізнэсам, і тлумачыць, што сталася з «рэформамі» ўраду Галоўчанкі.

«У рэпрэсіўнай палітыцы можа існаваць толькі рэпрэсіўная эканоміка» - эканаміст Зьміцер Крук
— Апошнія тыдні зьявілася непацьверджаная інфармацыя, размовы пра тое, што ўлады могуць рыхтаваць пэўныя дзеяньні для абмежаваньня абарачэньня замежнай валюты ў Беларусі. Ці ёсьць нейкія эканамічныя падставы для такіх чутак і ці магчыма, што ўлады прымуць такія рашэньні?

— Падставы для такіх разважаньняў грунтуюцца перш за ўсё на тым, што за апошні год адбыўся вельмі істотны адток валюты з банкаўскай сыстэмы Беларусі. Расьце замежны дзяржаўны доўг, усё больш складана яго абслугоўваць. Таксама ёсьць пытаньні наконт стабільнасьці замежнагандлёвага балянсу, які за апошні год нават палепшыўся, але з красавіка гэтае паляпшэньне зьдзімаецца. Таму існуе даволі вялікая колькасьць рызык, якія могуць прывесьці да валютнага крызісу.

У такой сытуацыі зусім ня дзіўна, што ўладам прыходзяць у галаву ідэі ўвесьці пэўныя валютныя абмежаваньні. Дадатковы чыньнік — менавіта цяпер набываюць моц зьмены ў валютнае заканадаўства. Яшчэ год таму, калі яны прымаліся, некаторыя артыкулы ўспрымаліся як пэўная эканамічная лібералізацыя — напрыклад, пакінулі за Нацбанкам права ўводзіць пэўныя валютныя абмежаваньні. Усе гэта павялічвае хваляваньні, што ўлады могуць увесьці нейкі нярынкавы рэжым кіраваньня валютнымі апэрацыямі.

— Мы бачым, як нарастаюць рэпрэсіі ў грамадзка-палітычнай сфэры. Як гэта можа адбіцца на эканамічным жыцьці? Ці можа ў такіх палітычных умовах эканоміка заставацца некранутай гэтай хваляй рэпрэсіяў? Як палітычная атмасфэра можа адбіцца на эканамічным клімаце?

— Яна ўжо адбіваецца. Усё больш прадпрыемстваў задумваюцца і ажыцьцяўляюць рэлякацыю альбо фінансавую эміграцыю, мяняюць сваё юрыдычнае «грамадзянства». Некаторыя зьяжджаюць ці мяняюць дысьлякацыю празь нязгоду з палітычнымі падзеямі, некаторыя — праз патэнцыйны ўплыў санкцыяў альбо будучых магчымых рашэньняў уладаў, напрыклад, тыя ж валютныя абмежаваньні. Усе гэтыя працэсы непазьбежна адаб’юцца на агульным стане эканомікі.

На думку многіх ва ўладзе, прыватны сэктар вінаваты ў тым, што адбылося, вінаваты ў пратэстах. Таму і гучаць галасы пра адзяржаўліваньне, пра нацыяналізацыю.

— Часам кажуць, што наступныя пасьля журналістаў і праваабаронцаў — гэта бізнэсоўцы, прадпрымальнікі. Ці можна чакаць, што да бізнэсу прыйдуць з мэтай «раскулачыць»?

— Хутчэй мэта будзе не «раскулачыць», а «нармалізаваць». Яны хочуць бачыць бізнэс цалкам залежным ад улады. Толькі такі бізнэс, на думку ўладаў, мае права на існаваньне.

— Ужо прайшоў пэўны час пасьля ўвядзеньня эўрапейскіх санкцыяў і можна больш дакладна ацаніць іхны магчымы ўплыў. Калі аналізаваць толькі тыя санкцыі, якія ўжо ўведзеныя, — які эфэкт яны будуць мець для беларускай эканомікі?

— Пакуль санкцыі пакідаюць даволі шмат поля для манэўру, для спробаў неяк іх абысьці праз розныя бізнэс-схемы. Я думаю, у найбліжэйшыя месяцы гэта і будзе асноўным пытаньнем — ці ўдасца беларускім уладам пабудаваць такія схемы. Калі ж санкцыі будуць працаваць так, як абвешчана, найперш у калійнай і нафтавай галіне, то толькі гэта (не адразу, а з канца 2021-га — пачатку 2022 году) прывядзе да прасяданьня ВУП мінімум на 3 адсоткі. Натуральна, улады будуць шукаць нейкія пралазы, каб не дапусьціць такога эфэкту.

— Вы сказалі, што ў санкцыях пакінута «поле для манэўру». Гэта Эўразьвяз зрабіў для таго, каб можна было, у залежнасьці ад паводзінаў афіцыйнага Менску, альбо ўзмацніць, альбо аслабіць іх?

— Так, гэта відавочна. Эўразьвяз фактычна адкрытым тэкстам кажа, што ў выпадку пагаршэньня сытуацыі санкцыі могуць пашырыцца, перайсьці на фінансавы сэктар.

— Восеньню 2020 году беларускі ўрад прадставіў эканамічную праграму, якую ў іншай палітычнай сытуацыі можна было б расцаніць як дастаткова лібэральную. Што-небудзь з гэтага было ўведзена ў жыцьцё ці ўсё засталося толькі дэклярацыяй? Ці эканоміка проста ідзе ўсьлед за рэпрэсіўнай палітыкай?

— Вядома, у рэпрэсіўнай палітыцы можа існаваць толькі рэпрэсіўная эканоміка. Я ня бачу пэрспэктываў, каб нейкія прыгожыя пляны ці намеры, нават запісаныя ў праграмах, маглі б быць рэалізаваныя. Немагчыма сур’ёзна ставіцца да заяваў ураду пра нейкія «рэформы» у цяперашніх умовах. Гэта зусім іншая сытуацыя нават у параўнаньні з 2016-2017 годам, калі пачалася нармалізацыя адносінаў з Эўропай і гэта таксама рабіла ўплыў на пэўныя эканамічныя рашэньні. Цяпер гэтага ўплыву няма.

12:25 22/07/2021


Загрузка...
Загрузка...