АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Дырэктар «Амкадор-Пінск» у рэанімацыі на апараце ШВЛ


Дырэктар ЗАТ «Амкадор-Пінск» Міхаіл Бут-Гусаім знаходзіцца ў рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх у інфэкцыйным аддзяленьні Пінскай бальніцы. Гэтую інфармацыю карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі ў адміністрацыі прадпрыемства.



Дырэктару зрабілі тэст на каранавірус, але вынікаў яшчэ няма. Ён ужо тыдзень як хварэе, а ў лякарні з суботы.

«Калі ён выйдзе на працу, невядома, цяпер ён у стабільным стане, робяцца ўсе захады па яго лекаваньні».

Як паведамілі Свабодзе неафіцыйныя крыніцы, дырэктару стала дрэнна пасьля ўскладаньня кветак на 9 траўня. Хуткая на выклік не выяжджала, прыйшоў участковы тэрапэўт, паслухаў лёгкія. У суботу хвораму пагоршала, тэмпэратура паднялася да 41,5. Яго забралі ў лякарню і падключылі да ШВЛ, узялі тэст на каранавірус.

У адміністрацыі прадпрыемства не пацьвердзілі, што амаль усё кіраўніцтва цяпер на бальнічным. Аднак там сказалі, што сёньня закрыў бальнічны галоўны інжынэр прадпрыемства, але ў яго «была прастуда». У панядзелак ён выйдзе на працу.

У пятніцу на прадпрыемстве будзе прастой.

«Прастой — гэта выключна ўнутраны момант, гэта зьвязана зь несвоечасовай пастаўкай камплектуючых, бо стаіць уся Эўропа, але заказаў вельмі многа», — сказалі ў адміністрацыі «Амкадор-Пінск».

Там таксама кажуць, што на прадпрыемстве ніхто не хварэе на каранавірус: «Ніводнага пацьверджанага выпадку ў нас няма».

17:51 20/05/2020


Загрузка...
Загрузка...