АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Сяргей Чалы: Гэта паўнавартасны крызіс

Кіраўнік Беларусі 17 сакавіка правёў нараду аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за 2019 год і ацэнцы вынікаў пяцігодкі. Пра гэта паведамілі ў ягонай прэс-службе.

Сяргей Чалы: Гэта паўнавартасны крызіс
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, па выніках 2019 года «хваліцца асабліва няма чым». Ён адзначыў, што рэальныя наяўныя даходы насельніцтва выраслі на 6 %, дасягнуты нізкі ўзровень інфляцыі ў цэлым па краіне – 4,7%, на траціну выраслі золатавалютныя рэзервы і трошкі знізіўся вонкавы доўг. З іншага боку – не дасягнутыя чатыры з сямі найважнейшых паказнікаў: нарошчванне экспарту, прыток замежных інвестыцыяў, рост прадукцыйнасці працы і павелічэнне ВУП.

«Прырост 1,2%, мякка кажучы, – вельмі сціплы вынік», – заўважыў кіраўнік Беларусі.

Таксама, рост заработнай платы ўжо трэці год запар значна апярэджвае рост прадукцыйнасці працы. Агулам, сказаў Лукашэнка, «эканоміка не дасягнула такой ступені ўстойлівасці, каб упэўнена супрацьстаяць уплыву звонку: палітычным настроям, вонкавым шокам і іншага роду ўзрушэнням».

Адзначым, што, паводле апошніх звестак Белстату, за студзень – люты 2020 года аб’ём ВУП у бягучых цэнах склаў Br 19,5 млрд, або ў супастаўных цэнах знізіўся на 0,6 % да ўзроўню студзеня – люты 2019 года.

«Паўнавартасны крызіс»

У каментары belsat.eu беларускі эканаміст Сяргей Чалы адзначыў, што падзенне эканомікі ў 2020 годзе з’яўляецца наступствам «рукатворных справаў» Аляксандра Лукашэнкі – нафтавага канфлікту з Расеяй. Паводле суразмоўцы, калі канфлікт не вырашыцца, спад будзе працягвацца.

Не будзе спрыяць росту ВУП Беларусі таксама запавольванне сусветнай эканомікі праз каронавірус і падзенне цэнаў на нафту. Сяргей Чалы чакае і скарачэння попыту на беларускія тавары ў Расеі ды іншых краінах, што прывядзе да скарачэння валютнай выручкі.

«Так, паўнавартасны крызіс. І простых выйсцяў адсюль няма», – адзначыў Сяргей Чалы.

Параметры, якія закладваліся ў бюджэт на 2020 год, ужо даўно крытычныя: і курсы беларускага ды расейскага рублёў, і цана на нафту. Моцна ўпаў экспарт нафтапрадуктаў і дагэтуль няма кантрактаў з Кітаем па калійных угнаеннях. І падобна, што хутка іх не будзе, лічыць эканаміст.

«Бачна, што для ўлады важнейшыя пытанні эканамічнага росту, чым наступствы каронавіруса для насельніцтва. Развітыя краіны гатовыя ахвяраваць вельмі сур’ёзна эканамічным ростам і даходамі кампаніяў, каб запаволіць распаўсюд віруса. А мы лічым, што ў нас усё ў парадку. Нам важней, каб усё працавала», – заявіў суразмоўца.

На яго думку, ужо зараз беларускаму бюджэту патрэбная карэктаванне.

МГ belsat.eu

21:49 17/03/2020


Загрузка...
Загрузка...