АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Пётр Руднік перадумаў падаваць на журналістаў іск больш як на 5 мільёнаў еўра

Калі напрыканцы студзеня гэтага года пачаліся затрыманні па “цукровай справе”, некаторыя СМІ распаўсюдзілі інфармацыю, што нібыта ў ліку тых, каго знялі з самалёта і затрымалі, быў былы кіраўнік Магілёўскага аблвыканкама, а зараз генеральны дырэктар ААТ «Магілёўхімвалакно» Пётр Руднік. Адным з першых непраўдзівую інфармацыю распаўсюдзіў блогер NЕХТА, а затым яе падхапіў і шэраг медыярэсурсаў.

Пётр Руднік перадумаў падаваць на журналістаў іск больш як на 5 мільёнаў еўра
Пазней стала вядома, што затрыманы не Пётр Руднік, а Мікалай Пруднік – дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбіната.

“Рэакцыяй у адказ на распаўсюджванне такой інфармацыі стане заява ў суд з патрабаваннем кампенсацыі маральнай і рэпутацыйнай шкоды”, – паведамілі праз нейкі час на прадпрыемстве “Магілёўхімвалакно”.


Таксама стала вядома, што за публікацыю недакладнай інфармацыі, здольнай нанесці шкоду рэпутацыі прадпрыемства і аўтарытэту яго кіраўніка, са СМІ, якія яе распаўсюдзілі, хацелі спагнаць 5,2 мільёна еўра на карысць мадэрнізацыі вытворчасці прадпрыемства.

“На сёння няма ніякай інфармацыі, што Руднік падаў на мяне ў суд, – паведаміў “Народнай Волі” блогер Сцяпан Пуціла (NЕХТА). – Ва ўсялякім выпадку спецыяльна пра гэта ніхто не інфармаваў”.

Дарэчы, днямі ў шоу “Морква” на “Белсаце” Сцяпан так пракаментаваў той факт, што на яго канале з’явілася непраўдзівая інфармацыя: “Наіўныя гэтыя чыноўнікі, якія хацелі паўмільёна долараў адсудзіць ці колькі там… Гэта не б’е па іх рэпутацыі, гэта ж лукашэнкаўскія чыноўнікі!..

Я з гэтай нагоды не перажываю. Яму (Пятру Рудніку) хапіла нахабства не вырашыць сітуацыю палюбоўна, а сказаць, што будзе адсуджваць паўмільёна – ці колькі там. Наіўныя беларускія чыноўнікі, што з іх узяць…

Іх абсалютна не шкада. Чыноўніка не шкада, шкада толькі свайго іміджу, калі памылкі будуць здарацца часта…”

Як паведаміў “Народнай Волі” намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы, кіраванні персаналам і сацыяльных пытаннях “Магілёўхімвалакна” Віталь Зянькоў, “кіраўнік прадпрыемства Пётр Руднік не падаваў у суд на журналістаў”.

“Пётр Міхайлавіч сказаў, што працы вельмі шмат, таму ў яго няма часу хадзіць па судах”, – дадаў наш суразмоўца.

10:21 13/03/2020


Загрузка...
Загрузка...