АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Паліва для БелАЭС маглі б пастаўляць і ЗША

У Вашынгтоне лічаць, што Літва і Беларусь павінны весці дыялог і дамаўляцца ў спрэчных пытаннях вакол атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Пра гэта заявіла намеснік міністра энергетыкі ЗША Рыта Барануол, піша Interfax.by.

«ЗША заклікаюць Літву і Беларусь працягваць зносіны і захаваць празрыстасць. Я б сказала, што рэактары, падобныя з усталяванымі на БелАЭС, бяспечна працуюць у свеце. У будучыні паліва збольшага маглі б пастаўляць і амерыканскія кампаніі. Гэта ўжо робіцца на некаторых электрастанцыях у свеце», – сказала Рыта Барануол агенцтву BNS.

Раней міністр энергетыкі ЗША Рык Пэры адзначыў, што Літва павінна мець зносіны з МАГАТЭ і Беларуссю з нагоды БелАЭС у Астраўцы, а ЗША не будуць удзельнічаць у перамовах вакол гэтай справы.

«Ёсць МАГАТЭ, і роля гэтага агенцтва – забяспечыць, каб такія аб’екты адпавядалі міжнародным стандартам», – адзначыў Рык Пэры.

БелАЭС будуецца ў Астраўцы, прыкладна за 50 км ад Вільні і менш чым за 30 км ад мяжы Літвы. Першы энергаблок БелАЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю да канца бягучага года, другі – у 2020 годзе. Літоўскі ўрад кажа, што пры будаўніцтве БелАЭС не выконваюцца патрабаванні да бяспекі і ахове прыроды. Беларусь такія прэтэнзіі катэгарычна адхіляе.

19:22 07/10/2019


Загрузка...
Загрузка...