АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Ва Украіне назвалі краевугольную праблему аднаўлення суднаходства з Беларуссю

Для аднаўлення суднаходства паміж Беларуссю і Чорным морам праз тэрыторыю Украіны рэчышча рэк мяняць не трэба. Але гэта не асноўная праблема ў гэтым пытанні.

Як заявіла ў каментары belsat.eu намесніца міністра інфраструктуры Украіны Аляксандра Кліціна, рэчышча Прыпяці і Дняпра змяняць не будуць.



«Толькі будзе разглядацца магчымасць забеспячэння глыбіні 2,65 метра ад ніжняга пункту Ніжнія Жары [Брагінскі раён Гомельскай вобласці Беларусі. – Рэд. belsat.eu] да Кіеўскай ГРЭС. Украіна гатовая гарантаваць гэтыя глыбіні, але пры падрыхтоўцы адпаведнага экалагічнага рашэння і тэхніка-эканамічнага абгрунтавання», – заявіла намесніца міністра.


Яна адзначыла, што давядзецца праводзіць частковае паглыбленне рэк на тэрыторыі Украіны, але гэта «непрынцыповыя выдаткі для ўкраінскага боку».

«Каб паўнавартасна забяспечыць развіццё суднаходства з Беларуссю, нам неабходна таксама мадэрнізаваць наш каскад шлюзаў, што з’яўляецца дастаткова дарагой інвестыцыяй. Мы зараз разглядаем магчымасць фінансавання з міжнароднымі банкамі развіцця. І ў гэтым перадусім краевугольны камень», – падкрэсліла Аляксандра Кліціна.



26 верасня кіраўнік Беларусі ў размове з украінскімі журналістамі заявіў, што для аднаўлення суднаходства неабходна паглыбіць рачное дно на ўкраінскай тэрыторыі, «каб усюды па Дняпры маглі прайсці суда «рака-мора»».

У Беларусі плануецца будаўніцтва порта «рака-мора» на глыбакаводнай участку Дняпра ў раёне вёскі Ніжнія Жары Брагінскага раёну, які знаходзіцца практычна на мяжы з Украінай. Мяркуецца і паглыбленне фарватару ракі на ўчастку паміж портам і Кіеўскім вадасховішчам.



09:56 04/10/2019


Загрузка...
Загрузка...