АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«Віця-сьвінец». 5 фактаў пра бізнэсоўца Лемяшэўскага

Інфармацыю пра затрыманьне ўладальніка скандальнага акумулятарнага заводу каля Берасьця 28 чэрвеня апублікаваў партал TUT.BY.

«Віця-сьвінец». 5 фактаў пра бізнэсоўца Лемяшэўскага
Свабода сабрала некалькі фактаў пра Віктара Лемяшэўскага.

1. Мае мянушку «Віця-сьвінец»

Такую мянушку Віктару Лемяшэўскаму далі праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу каля Берасьця. Лемяшэўскі, які напачатку сам зьяўляўся на прэс-канфэрэнцыях перад журналістамі, перастаў гэта рабіць, калі супраць будаўніцтва заводу разгарнулася актыўная кампанія. Свабода ня раз спрабавала атрымаць камэнтар Віктара Лемяшэўскага, а таксама зьвярталася з афіцыйным запытам аб інтэрвію, але кожны раз атрымлівала адмову.

Паводле праціўнікаў будаўніцтва заводу, спадар Лемяшэўскі пазьбягаў кантактаў са СМІ менавіта таму, што не хацеў непрыемных для сябе асацыяцый. Пры гэтым ён пэрыядычна зьяўляўся на заводзе і нават асабіста выходзіў да актывістаў, якія ўдзельнічаюць у «сьвінцовай варце». Па іх словах, спадар Лемяшэўскі спрабаваў давесьці, што ягонае прадпрыемства не пагражае навакольлю.

2. Жыве каля акумулятарнага заводу

​Пра гэта Віктар Лемяшэўскі сказаў на сустрэчы з журналістамі ў студзені 2018 году. «Я зь Пінску. Мой дом разьмешчаны за 500 мэтраў ад заводу, — казаў Віктар Лемяшэўскі. — У мяне там растуць дзеці, і я там жыву. Я што, дрэнна выглядаю? Падобныя прадпрыемствы ў Эўропе разьмяшчаюцца і за 100 мэтраў ад дамоў».

Праціўнікі будаўніцтва заводу ў Берасьці адзначаюць, што на пінскім прадпрыемстве няма поўнага цыклю вытворчасьці. Фактычна, там акумулятары толькі зьбіраюць, што значна менш шкодзіць навакольнаму асяродзьдзю, чым выраб батарэй з нуля.

3. Займаецца вытворчасьцю акумулятараў 20 гадоў

Віктару Лемяшэўскаму належаць профільныя прадпрыемствы ў Пінску і Белаазёрску. Прадукцыю з прадпрыемстваў Лемяшэўскага пастаўляюць у Расею на канвэеры заводаў Volkswagen. Па словах бізнэсоўца, ён зьбіраўся будаваць акумулятарны завод у Расеі ці Літве, але з патрыятычных меркаваньняў выбраў берасьцейскую пляцоўку.

Акрамя акумулятарнага бізнэсу, Лемяшэўскі мае актывы ў сфэры будаўніцтва, жывёлагадоўлі, транспарту і вытворчасьці кампанэнтаў для прамысловасьці.

4. Увайшоў у абноўленую Раду па разьвіцьці прадпрымальніцтва — кансультатыўны орган пры кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку

Кіруе Радай першы намесьнік прэм’ер-міністра Турчын. Акрамя Віктара Лемяшэўскага, у Радзе яшчэ 18 буйных прадпрымальнікаў.

5. Уваходзіць у лік 60 самых уплывовых бізнэсоўцаў краіны

Паводле вэрсіі выданьня «Ежедневник», у рэйтынгу за 2018 год Віктар Лемяшэўскі займаў 57 радок (у 2017 — толькі 158-ы), апярэджваючы, напрыклад, уладальніка партала TUT.BY Юрыя Зісера (60 радок).

20:44 28/06/2019


Загрузка...
Загрузка...