АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Беларусь гатова падаць на Расію ў суд з-за бруднай нафты

Пытанне кампенсацыі страчанай выгады Беларусі з-за бруднай нафты ў выпадку, калі не ўдасца дасягнуць дамоўленасці з Расіяй, будзе вырашацца праз суд.

Беларусь гатова падаць на Расію ў суд з-за бруднай нафты
Пра гэта заявіў 28 чэрвеня ў парламенце віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка. Намеснік кіраўніка ўрада таксама паведаміў, што з-за паставак з Расіі "бруднай" нафты на Мазырскім НПЗ сапсавана абсталяванне на 20 мільёнаў долараў, перадае карэспандэнт Еўрарадыё.

Пазней, адказваючы на пытанні журналістаў, Ляшэнка адмовіўся называць канкрэтную суму прэтэнзій Беларусі ў частцы ўпушчанай выгады. Паводле яго слоў, у выпадку падачы пазову пазоўнік павінен спачатку паведаміць пра суму адказчыку, таму зараз называць яе журналістам ён не мае права. "Скажу толькі, што яна многалічбавая і значная", — паведаміў віцэ-прэм'ер Беларусі.

Расійская нафта з павышаным утрыманнем хлорарганікі стала паступаць у Беларусь з тэрыторыі Расіі ў сярэдзіне красавіка. У выніку прапампоўку нафты па нафтаправодзе "Дружба" ў Еўропу давялось на некаторы час прыпыніць. У беларускі трубаправод і далей на Захад трапіла некалькі мільёнаў тон забруджанай нафты.

Па стане на 26 чэрвеня, як праінфармаваў сёння Ляшэнка, з тэрыторыі Беларусі з трубы выцеснена больш за 705 тысяч тон "бруднай" расійскай нафты.

12:46 28/06/2019


Загрузка...
Загрузка...