АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

«Капейкавы» рост: цэны на бензін павялічваюцца штотыдзень

Праз тыдзень пасля апошняга падаражэння кошты на беларускіх запраўках узняліся зноў… На ўжо прадказальную суму – адну капейку.

«Капейкавы» рост: цэны на бензін павялічваюцца штотыдзень
 Да тактыкі паступовага росту коштаў на паліва аўтаўладальнікі прызвычаіліся яшчэ летась, але ці заўважылі – сёлета «Белнафтахім» у паўтара разу часцей змяняе лічбы на заправачных шчытах. Цягам няпоўных пяці месяцаў паліва падаражэла ўжо на 8,45 %.

Без зменаў гэтыя лічбы пратрымаліся тыдзень. І зноў – кожны від паліва падаражэў на капейку.

«На капейку – яно нібыта і не адчуваецца», – кажуць жыхары Менску.

«Яно даражэе, але я ў гэтым не пабачыў для сябе нейкіх істотных выдаткаў», – адзначаюць яны.

«Павелічэнне паліва на 1 капейку не так моцна б’е па бюджэце як калі б яго павялічылі рэзка. Праўда я не ведаю на колькі падаражалі нафта і наколькі кошты выраслі адносна нафты», – гавораць мінакі.

«Невядомасць! Узялі б узнялі адэкватна. Зразумела, што ідзе прывязка да долара – то ўздыміце адразу, навошта рабіць пакапейкава?» – адзначаюць менчукі

«Нічога страшнага. Па 1 капейцы гэта незаўважна», – мяркуюць апытаныя.
Уздымаючы кошты на паліва то раз, то тры разы на месяц і за кожным разам толькі на капейку – «Белнафтахім» заблытаў спажыўца. Ніхто ўжо не ў стане ацаніць – ці значна мяняецца цана.

«Урад баіцца народу, што калі павысіць за тыдзень кошты адразу на 20 цэнтаў, то будуць нейкія хваляванні. Яны ж і былі некалі, памятаеце, калі кіроўцы выязджалі на праспект і калонамі ехалі, сігналізуючы супраць павышэння цэнаў», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Акцыі «СТОП бензін» улетку 2011-га году – гэта адна з усяго некалькіх пратэставых хваляў, арганізаваных пры дзейнай уладзе. Тады кіроўцы адрэагавалі на 30-адсоткавы скок коштаў на запраўках. Дзяржава высновы зрабіла, але не ўздымаць коштаў на нафтапрадукты – не можа. Праз падатковы манеўр Масквы ад пачатку года расце кошт на расейскую нафту, якую купляе Беларусь.

«Калі раней экспартнае мыта заставалася ў распараджэнні Беларусі, то бок мы атрымлівалі расейскую нафту без экспартнага мыта, перапрацоўвалі і прадавалі прадукты і сырую нафту ўжо з экспартным мытам. Прадавалі на сусветным рынку і амаль усю мыту пакідалі сабе», – гаворыць Леанід Злотнікаў.

Гэтае мыта складала амаль палову кошту літра нафты Urals. Перамовы аб кампенсацыі Масквою гэтых стратаў зацягваюцца, расце падатак на здабыванне нафты, і прыбыткі «Белнафтахіму» упалі ад пачатку года. Разам з сённяшнімі зменамі коштаў на чарговую капейку, канцэрн супакойвае: «Кошт беларускага маторнага паліва захоўваецца на больш нізкім узроўні, чымся ў сумежных дзяржавах, апроч Расеі, якая мае дастаткова ўласнай вуглевадароднай сыравіны».

Кошт бензіну і дызельнага паліва ва Украіне на 40-48% адсоткаў вышэй, а ў Прыбалтыцы і Польшчы – на 58-80% большы, чым у нашай краіне.

Праз чатыры з паловаю гады Беларускія НПЗ будуць набываць нафту ў Расеі па сусветных коштах і канкураваць з Захадам на сусветным рынку не змогуць – лічыць Леанід Злотнікаў.

Свае страты дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» часткова ўраўнаважыць за кошт падаражэння на ўнутраным рынку. Летась цэны на паліва раслі – у сярэднім на 2 капейкі ў месяц. Сёлета ў першыя 5 месяцаў – ужо на 3 капейкі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»


20:42 27/05/2019


Загрузка...
Загрузка...