АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

За зліў забруджанай нафты ў трубаправод "Дружба" ў Расіі затрыманыя 4 чалавекі

У Расіі затрыманыя 4 чалавекі па крымінальнай справе аб забруджванні нафты ў трубаправодзе "Дружба", паведамляе ТАСС са спасылкай на міністра энергетыкі Аляксандра Новака. Паводле яго слоў, выяўлена група кампаній, якія здавалі нафту з выкарыстаннем у звышнарматыўнай колькасці хлорарганічных злучэнняў.

За зліў забруджанай нафты ў трубаправод "Дружба" ў Расіі затрыманыя 4 чалавекі
Па інфармацыі Следчага камітэту Расіі, са жніўня 2018-га да красавіка 2019-га года шасцёра падазраваных здзейснілі крадзеж нафты на суму не менш за 1 расійскіх мільён рублёў:

"Па версіі следства... шасцёра падазраваных, сярод якіх генеральны дырэктар ТАА "Нефтеперевалка" Святлана Балабан, намеснік генеральнага дырэктара ТАА "Нефтеперевалка" Рустам Хуснутдзінаў, генеральны дырэктар ТАА "Петронефть Актив" Уладзімір Жогалеў, намеснік дырэктара ТАА "Магистраль" Сяргей Баландзін, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі злачыннай групоўкі, здзейснілі шматразовыя крадзяжы нафты на суму не менш за 1 мільён рублёў. Акрамя таго, у сакавіку-красавіку 2019 года, каб схаваць крадзяжы, у вузел зліву нафты... быў дастаўлены прадукт, які не адказвае патрабаванням ДАСТ, з дабаўленнем у яго склад злучэнняў з хлорам.

Далей забруджаная нафта патрапіла ў нафтасховішча, размешчанае ў вёсцы Лапаціна Волжскага раёна, а затым у сістэму магістральнага трубаправода, у выніку чаго 8 рэзервуараў парку "Лопатино" былі прыведзены ў непрыдатны для эксплуатацыі стан".

Пры гэтым міністр Аляксандр Новак заявіў, што на аб'ём здабытку і экспарт нафты сітуацыя не паўплывала, паколькі патокі былі аператыўна перанакіраваныя. Міністр лічыць, што якасць нафты для здачы ў трубаправоды трэба кантраляваць штодня, і што ў бліжэйшы час варта чакаць адпаведных зменаў у заканадаўства.

Таксама Новак дадаў, што ў другой палове траўня сітуацыя з якасцю нафты будзе цалкам нармалізаваная.

Транзіт нафты па трубаправодзе "Дружба" прыпынілі напрыканцы красавіка пасля таго, як Беларусь заявіла пра паступленне "бруднай" нафты з Расіі.

Расійская "Транснефть" прызнала збой, абвінаваціўшы ў "махлярстве" прыватную кампанію "СамараТрансНефть-тэрмінал". Кіраўніцтва самарскай кампаніі не згоднае з абвінавачваннем. Яно падкрэслівае, што кампанія з'яўляецца толькі спажыўцом нафты.

13:11 07/05/2019


Загрузка...
Загрузка...