АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Хадаркоўскі патлумачыў, чаму ў Беларусь маглі паставіць забруджаную нафту

Прычынай можа свядомае выкарыстанне хлорарганічных злучэнняў для павелічэння аддачы парафіністай нафты з пластоў.


Былы ўладальнік расійскай нафтавай кампаніі «ЮКОС» Міхаіл Хадаркоўскі выказаў у сябе ў фэйсбуку меркаванне з нагоды паставак няякаснай нафты па нафтаправодзе «Дружба», у выніку чаго было пашкоджанае дарагое абсталяванне на беларускіх заводах. Праблема, як мяркуецца, паўстала на добра вядомай Хадаркоўскаму ўрэзцы ў магістраль у Самарскай вобласці («Самаранефтегаз», былы «ЮКОС», цяпер «Раснафта»).

Бізнэсмэн нагадаў, што ў маі 2012 года міністр энергетыкі РФ Сяргей Шматко адмяніў забарону на выкарыстанне хлорарганікі для павышэння нафтааддачы пласту. «На самарскіх радовішчах з парафіністай нафтаю хлорарганіка можа даць салідную прыбаўку», — адзначае ён.

Міхаіл Хадаркоўскі выказаў здагадку, што ў тым раёне «на хлорарганіку нафту не правяраюць». «На вузле ўліку ў Самары (маленькім і сельскім) могуць прагапіць заход нафты з вялікай доляй прымешак, а могуць прыняць наўмысна, бо спрачацца з сечынскімі сабе даражэй. Кампаніі выгадна не да канца ачысціць свідравінную вадкасць, бо ўлік ідзе па аб'ёме», — піша Хадаркоўскі.

У той жа час ён засцерагае, што зарана нешта сцвярджаць, пакуль няма вынікаў расследавання.

Бізнесмен мяркуе, што рэпутацыі расійскай экспартнай сумесі Urals нанесены сур'ёзны ўдар. Гэта адаб'ецца на даходах усіх расійскіх нафтавых кампаній.

Пастаўкі нафты, забруджанай хлорарганічнымі злучэннямі, нанеслі значную шкоду беларускім нафтаперапрацоўнікам. Яе памер ацэньваецца і можа дасягнуць некалькіх соцень мільёнаў даляраў.

Расследаваннем крымінальнай справы па пытанні забруджвання нафты ў «Дружбе» ў Расіі займаецца спецслужба ФСБ. Следчыя дзеянні па справе прайшлі ў офісах шэрагу прадпрыемстваў. Расійскія СМІ не выключалі магчымасці дыверсіі. Па версіі Хадаркоўскага, праблема была проста ў непрадуманай максімізацыі здабычы.

08:01 29/04/2019


Загрузка...
Загрузка...