АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Лукашэнка не падыме заводы з «руінаў»: працу згубяць 300 тысяч беларусаў

200 тысяч чалавек цягам 12 гадоў скарацілі на беларускіх заводах! Пры гэтым новыя працоўныя месцы выглядаюць як катарга – з такою заяваю выступіў кіраўнік Беларусі ў Воршы.

Лукашэнка не падыме заводы з «руінаў»: працу згубяць 300 тысяч беларусаў
Гэтак выглядаў інструментальны завод у Воршы ўсярэдзіне год таму. Здымкамі з «Белсатам» падзяліліся рабочыя, якія там рабілі тую самую мадэрнізацыю. Выглядае, што за год змянілася няшмат, Лукашэнка асабіста паставіў «двойку з мінусам» міністру прамысловасці Віталію Ваўку ды жорстка раскрытыкаваў якасць працы для развіцця Аршанскага інструментальнага заводу.


«Чаму Ворша, бо гэта месца блізкае да сэрца Лукашэнкі. Раней быў Шклоў, і што з гэтага атрымалася – нічога», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

З апошніх сілаў улады намагаюцца пераламаць трэнд і «падняць з руінаў і попелу» заводы. Менавіта такую задачу ставіў кіраўнік краіны летась, гаворачы пра ўзорную праграму развіцця Аршанскага раёну. Прыклад Воршы планавалі перакласці і на іншыя гарады, у прыватнасці на Барысаў і Жодзіна.

Але ў той жа Воршы адно з цэнтральных прадпрыемстваў, на якое глядзіць кіраўнік краіны, Аршанскі інструментальны завод – гэта 48 млн рублёў інвестыцыяў і ўсяго 90 новых працоўных месцаў, ды «незалік», паводле Лукашэнкі, міністру прамысловасці. У Віталія Ваўка цяпер выбар: або ісці ў турму, або ехаць працаваць у Воршу, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Мадэрнізацыя – самы вялікі галаўны боль Лукашэнкі. Усё пайшло прахам, хаця яшчэ ў 2015 годзе планавалі выйсці на 1000 рублёў заробку», – кажа Яраслаў Раманчук.

Калі ў 2005 годзе ў прамысловасці былі занятыя больш за мільён беларусаў, то цягам 12 гадоў працу на заводах згубілі больш за 200 тысяч чалавек. Прадпрыемствы пазбаўляюцца працоўных рук, у тым ліку і праз эканомію сродкаў, а вось наколькі самыя беларусы гатовыя шукаць новую працу?

Жыхары Менску:

«Сам быў канструктарам з адукацыі, цяпер працую сісадмінам».

«Для мамы, калі ёй сказалі змяніць працу, гэта быў шок».

«Дзяржава павінная змяніць фокус і глядзець не на прамысловасць, а на ІТ».

У любым выпадку для тых, хто губляе працу, мусяць быць праграмы дадатковай, сучаснай адукацыі, кажуць менчукі.

З пазітыўных прыкладаў мадэрнізацыі па-беларуску і ўрад, і эксперты называюць Беларускі металургічны завод у Жлобіне. Але ці можа адно прадпрыемства выправіць сітуацыю па ўсёй краіне?

Маштабныя праграмы мадэрнізацыі беларускі ўрад пачаў рэалізоўваць пасля выбараў 2010 года. І за паўтары пяцігодкі, калі казаць моваю афіцыйнага Менску, правалаў ці не больш за поспехі. У прыватнасці праграмы мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай і цэментнай галіны былі скандаламі. Толькі ў цэментныя заводы інвеставалі больш за мільярд долараў, а прадпрыемствы па-ранейшаму на мяжы самаакупнасці і вымушаныя скарачаць людзей. І аналагічная сітуацыя па ўсёй краіне.

«Ніхто не будзе інвеставаць у беларускую прамысловасць, бо дзяржава абкладае ўсе прапановы невыканальнымі патрабаваннямі, паглядзіце прыклад Мураўёва з «Мотавела»», – кажа Яраслаў Раманчук.

Бізнесоўца ды інвестара Аляксандра Мураўёва, былога ўладальніка «Мотавела», асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі, а прадпрыемства прызналі банкрутам, таму і няма чаргі з бізнесоўцаў укладацца ў айчынныя прадпрыемствы. І бягучая тэндэнцыя, паводле экспертаў, такая, што ў бліжэйшыя гады працу згубяць яшчэ каля 300 тысяч беларусаў, якія цяпер працуюць на заводах.

22:12 13/08/2018


Загрузка...
Загрузка...