АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Рэйтынг перамог і паразаў беларускай эканомікі

Беларускай эканоміцы ў гэтым годзе прыйшлося змагацца з мноствам бед. Некаторыя бітвы беларускія ўлады выйгралі, у многіх пацярпелі паразу.

Рэйтынг перамог і паразаў беларускай эканомікі
Інтэрнэт-газета "Заўтра тваёй краіны" склала рэйтынг поспехаў і няўдач на фронце барацьбы з інфляцыяй, адмоўным сальда, адтокам інвестыцый і іншымі крызіснымі з'явамі 

ПЕРАМОГІ

1. Бяспошлінны экспарт у краіны Еўрасаюза нафтапрадуктаў растваральнікаў і біяпаліва 

Гэтая схема дазволіла Беларусі зарабіць па розных ацэнках 1,5-2 млрд долараў. Дзякуючы гэтым грошам атрымалася падтрымаць на плыву эканоміку, аслабленую крызісам 2011 года. Зрэшты, перамога можа апынуцца "піравай", паколькі за махінацыі з растваральнікамі прыйдзецца альбо кампенсаваць Расіі страты, альбо апынуцца ў наступным годзе на "галодным нафтавым пайку". 

2. Паступовае зніжэнне стаўкі рэфінансавання 

Спачатку года стаўка рэфінансавання складала 43%. На працягу дзевяці месяцаў Нацбанк паступова знізіў яе да 30% і да канца года абяцае пакінуць на такім узроўні. Калі б Нацбанк своечасова не спыніўся і рэзка знізіў стаўку рэфінансавання да запланаваных 20-23%, эканоміка магла б сысці ў "інфляцыйнае піке". 

3. Кіруемае плаванне курсу беларускага рубля 

Практычна ўвесь 2012 курс нацвалюты вагаўся ў дыяпазоне 8 000 – 8 500 беларускіх рублёў за долар. Часам курс падтрымлівалі інтэрвенцыямі, але ў асноўным ён фармаваўся рынкавымі механізмамі, што дазволіла ўтрымаць нацыянальную валюту ад абвалу. 

4. Заканадаўчае спрашчэнне ўмоваў вядзення бізнесу 

Дэкрэт № 6 "Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці", падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у маі гэтага года даў шэраг ільгот і пашырыў свабоду дзеянняў прадпрымальнікам у сярэдніх, малых гарадах і сельскай мясцовасці. 

Адмена прыватызацыйных спісаў фармальна зрабіла магчымым прыход прыватнага капіталу на любое прадпрыемства. 

ПАРАЗЫ 

1. Гульня дзяржавы з уласнасцю 

Фактычная нацыяналізацыя "Камунаркі" і "Спартака" напалохала прыватны капітал. Яшчэ больш страху на патэнцыйных інвестараў і акцыянераў нагнала падрыхтоўка законапраекта, які прадугледжвае магчымасць прызначэння прадстаўнікоў дзяржавы з шырокімі паўнамоцтвамі нават у тых акцыянерных таварыствах, дзе дзяржаўная доля адсутнічае. 

2. Рост грашовай масы

 Па дадзеных на 1 лістапада, яна вырасла з пачатку года на 36% пры гадавым прагнозе - 22-24%. Чым багата з'яўленне ў эканоміцы не заробленых грошай, беларусы, якія перажылі дэвальвацыю, ведаюць на ўласным вопыце. 

3. Неабгрунтаванае павелічэнне зарплаты 

У кастрычніку сярэдняя зарплата ў Беларусі склала 4228,4 тысячы рублёў або 494,3 долара ЗША. Тэмпы росту заработнай платы за студзень-кастрычнік склалі 201,5%, што вышэй за тэмпы росту прадугледжаных прагнозам на 2012 г. (171,4-172%), у тым ліку за кастрычнік - 182,5%. У той жа час прырост валавога ўнутранага прадукту Беларусі (ВУП) працягнуў запаволенне, па выніках 11 месяцаў бягучага года склаўшы толькі 2%. Іншымі словамі, заробак беларусаў расце хутчэй прадукцыйнасці працы, што багата небяспечнай інфляцыяй альбо нават дэвальвацыяй. 

4. Імітацыя інвестыцыйнай палітыкі 

У гэтым годзе ўрад прагназаваў прыток не менш 3,7 млрд долараў прамых замежных інвестыцый. Пакуль што ўдалося прыцягнуць каля 1 млрд долараў. А без інвестыцый немагчыма ні стварыць новыя вытворчасці, ні правесці мадэрнізацыю існуючых прадпрыемстваў.



09:53 18/12/2012


Загрузка...
Загрузка...