АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Ці знішчыў Лукашэнка Беларусь?

З'яўляючыся безнадзейным аптымістам, я заўжды імкнуся сам сабе адказаць на гэтае пытанне так: "Не дачакаецеся!".


Набярыцеся, калі ласка, цярпення, і прачытайце гэты мой трохі даўгаваты пост да канца. Ён сёння актуальны. І, прачытаўшы, самастойна дайце сабе адказ на пытанне, пастаўленае ў загалоўку.


Бо ў мяне,  безнадзейнага аптыміста, як бачыце, пэўнага адказу на яго пакуль няма.  


Пра светлую будучыню.


"Светлая будучыня" -- кароценькі тэкст з сумнай ды горкай канстатацыяй праўды ад Уладзіміра Някляева пра сённяшнія рэаліі ў Расіі і Беларусі.


Паспрабую ўслед за Паэтам і ад сябе нешта дадаць. Бо, як кажуць, накіпела.


Маю надзею, што сёй-той з сённяшняй абоймы лукашэнкаўскіх чыноўнікаў гэты тэкст пачытае. Потым прызадумаецца і спытае ў самога сябе: "А ці патрэбен я буду тады, калі "рускі мір" канчаткова паглыне Беларусь? І дзе будуць служыць і за што паміраць мае дзеці і ўнукі?".


Літаральна ўсё  для рэалізацыі такога жахлівага для Беларусі сцэнару  Аляксандр Лукашэнка ўжо падрыхтаваў.  Лукашэнка сёння пакуль што пантуецца перад Пуціным, бо не хоча  заўчасна  памерці  пры рэалізацыі сцэнару з мяккай інкарпарацыяй Беларусі ў склад Расіі.


За 25 гадоў  свайго аднаасобнага панавання  сённяшні начальнік  беларускага чынавенства і "усяе Беларусі" ўгнаіў  беларускую глебу бацыламі "рускага міру" так,  што беларускага гною  ў  ёй амаль  не засталося.  

Сёння ў Расіі амаль усе палітыкі  пасля ўсяго, што зрабіў з Беларуссю і беларусамі Лукашэнка, ужо адкрыта кажуць:    " Беларусь(Белоруссия) -- это  искуственное образование",  што   "это исконно русская земля, где все говорят по-русски".

Услед за Лукашэнкам у  Расіі  тлумачаць  лукашэнкаўскі  тэзіс пра  беларусаў як   "русских со знаком качества".    Маўляў ,  сам Лукашэнка, "не  умея  разговаривать на западно-русском диалекте,  фактически признал, что  белорусского языка( мовы)  и  белорусов как нации не существует" .


Ня мае сэнсу  болей цытаваць прыніжальныя і ганебныя для сапраўднага беларуса выказванні  Лукашэнкі  пра беларусаў і беларускую мову,  гэтаксама  як і высновы наконт Беларусі і беларусаў  ідэолагаў  так званага  "рускага міру".  

Я сёння ўпэўнены ў адным: калі Беларусь захаваецца як дзяржава,  у  гісторыю Беларусі Аляксандр Лукашэнка  ўвойдзе  як няўдалы расійскаімперскі праект Крамля.


Самаўлюбёны невук.


Сам па сабе А. Лукашэнка -- абсалютна нікчэмная асоба. Звычайны калгасны хам, нягоднік  і  дробны злодзей, што , будучы дэпутатам, абакраў у самалёцё сцюардэсу, што...


Зрэшты, пра яго столькі ўжо сказана, што, здаецца, няма  чаго й дадаць.  І ўсё ж...


У адрозненне ад многіх  палітыкаў, аналітыкаў, журналістаў,  я ніколі  не называў  нашага калгаснага  "правадыра"  паважліва,  г.зн. па імені і па-бацьку.  На мой погляд, стасоўна з такімі паняццямі,  як "адукацыя", "навука" і "культура"  імя і асоба  Аляксандра Лукашэнкі як чалавека  ніяк не карэлюецца.


Асобу А. Лукашэнкі вельмі трапна ахарактарызаваў напярэданні прэзідэнцкіх выбараў у чэрвені 1994г. адзін з лідараў БНФ, эканіміст Станіслаў Гусак(ужо нябожчык).  


У артыкуле на рускай мове ў газеце Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў "Добры вечар" Станіслаў Гусак ахарактарызаваў тады кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку  як  "самовлюблённого неуча".


У тым адмыслова рускамоўным артыкуле, які захоўваецца ў маім архіве, Станіслаў Гусак прасіў нават у Бога напярэданні выбараў "спослать беларусскому народу прозренье". Але пан Бог той заклік, відаць, не пачуў.



Асоба Аляксандра Лукашэнкі як чалавека несумяшчальная з паняццем "культура".  Мне, напрыклад, брыдка глядзець тэлерэпартажы БТ, дзе Лукашэнка на чарговай нарадзе звяртаецца да сваіх міністраў як да халопаў, па-руску: "Мужики!".


А тыя міністры, як сапраўдныя халопы, схіліўшы галовы долу і баючыся гневу гаспадара, крэмзаюць нешта у сваіх нататніках. Крэмзаюць, вядома ж,  па-руску,  бо іх гаспадар  рускамоўны, і па-беларуску ён размаўляць ня ўмее.  Хіба што кідацца  асобнымі беларускімі зняважлівымі  словамі і  выразамі, скіраванымі ў бок  апазіцыі,  "свядомых" і г.д.


Яго прымітыўны, досыць часта вульгарны "льющийся поток  сознания", старанна канспектуюць чыноўнікі. І  часам асобныя перлы той "плыні лукашэнкаўскай свядомасці"  трапляюць  ў  прэсу,  з іх робяць калажы, фотажабы, інтэрнет-мемы і  г. д.   Узгадаем, напрыклад, такое: "тёлки на заднем сидении"...  Гэта  ўзровень калгаснага брыгадзіра,  які  Лукашэнка так і не перасягнуў.



Такі  вось стыль размоваў і ўзаемаадносінаў  паміж вярхоўным начальнікам і яго падначаленымі( па сутнасці,халопамі )унутры сённяшняй лукашэнкаўскай улады. Стыль ня новы, запазычаны з Усходу, з  Візантыі і Расійскай імперыі часоў прыгоннага права.

Сумна, але надзвычай трусьлівыя беларускія чыноўнікі, здаецца,  гэткі калгасны стыль паводзінаў свайго начальніка прынялі. Прынамсі, пасля 1996г. не назіралася выпадкаў, каб нехта яму запярэчыў.

І пакуль А.Лукашэнка моцны, беларускія чыноўнікі  будуць глядзець свайму найвышэйшаму начальніку, як кажуць, ў дупу. І час ад часу будуць папраўляць пад ёй фатэль(крэсла).  


Ну і, вядома ж, маляваць  патрэбныя яму працэнты на "яго выбарах". І так, мабыць, будзе да самага скону Лукашэнкі, які, як мне падаецца, ужо не за гарамі. Спадзявацца ж на тое, што ў Крамлі  вырашаць  зняць Лукашэнку  з пасады, пакуль што не выпадае.


Бо  каб хацелі -- ўжо б даўно знялі. І замянілі на кагосьці іншага.  Але ж пакуль ніяк  ня могуць знайсці патрэбную кандыдатуру для завяршальнага  этапу  інтэграцыі -- інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі.  У  Крамлі спадзяюцца завяршыць  інтэграцыю/інкарпарацыю Беларусі, як кажуць, бяз шуму і пылу.  З Лукашэнкам  або  без яго ў недалёкай будучыні.

А зараз пакуль што падобна на тое, што Крэмль яшчэ трохі  папужае  Лукашэнку,  адцісне чарговыя ласыя для расійскіх алігархаў беларускія эканамічныя актывы --  і выпіша яму ўзамен ярлык на царства ў Беларусі на чарговую пяцігодку.


Кажу сёння ўсім маім чытачам,  ўсім палітыкам і аналітыкам: сёння  без папярэдняга дазволу Уладзіміра Пуціна Лукашэнка ніколі не наважыцца ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.  У сённяшняй сітуацыі, у якую  Лукашэнка  сам сябе загнаў,  ён усведамляе, што любы такі крок  азначае для яго  непрызнанне яго "выбараў"  Крамлём.  


Непрызнанне  прэзідэнцкіх выбараў  у Беларусі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі  з боку Крамля і яго гаспадара Уладзіміра Пуціна  -- гэта ня толькі   палітычная, але, з вялікай верагоднасцю, і  фізічная смерць Лукашэнкі.

Мой безнадзейны аптымізм.


Я невыпадкова ўжыў супярэчлівы тэрмін "безнадзейны аптыміст". Бо цалкам цвяроза гляджу на сённяшнія рэаліі.

Тыя падзеі паталагічнага кшталту, што адбываюцца ў суседняй Расіі, выклікаюць трывогу.  Там, здаецца, іхні прэзідэнт Уладзімір Пуцін услед за нашым калгасным недарэкам таксама вырашыў стаць пажыццёвым царом.

Я цалкам цвяроза спрабую глядзець на сённяшнія трывожныя палітычныя рэаліі, якія тычацца найперш Расіі, Беларусі і Украіны. Каб зрабіць як мага больш дакладны прагноз падзеяў ня толькі на бліжэйшую будучыню, але й на перспектыву.


І як беларускі палітык і палітычны аналітык, я назіраю за людзьмі, найперш за моладдзю і дзецьмі, і іх паводзінамі. І што ж я бачу і назіраю ледзь не на кожным кроку свайго жыцця?


Калі казаць шчыра, без ілжыва-аптымістычнага пафасу, дык назіраецца ўсё больш сумная з кожным днём карціна.  А менавіта: татальная моўна-культурная дэградацыя насельніцтва сённяшняй Беларусі як вынік усёй папярэдняй палітыкі Лукашэнкі.


Прыслухоўваюся часам да дзіцячых размоваў. Слухаю, як шчабечуць паміж сабой дзеці ў ледзь не адзінай на ўвесь Мінск беларускамоўнай гімназіі, дзе навучаецца і мая дачка. І бывае так, што пасля падслухоўвання дзіцячых размоваў ахоплівае роспач. Ад адчування нейкай безнадзейнасці.


Бо амаль ня чуецца ў тых дзіцячых размовах нашых, між іншым, лепшых беларускіх дзетак нашай беларускай мовы! І нават трасянкі ня чуецца! У маім маленстве і юнацтве(1980-я гады ХХ ст.), калі я прыехаў на вучобу ў Мінск, такога і блізка не было.


Шмат хто з нас гаварыў тады па-беларуску або на трасянцы. Прычым нашая трасянка была з большага беларускай, а не спрэс рускай з беларускім акцэнтам, як у Лукашэнкі. Часам нас, юнакоў і дзяўчат з вёсак, цвялілі, у жарт называлі "дзярэўняй"...


Так, з нас кпілі, мы крыху крыўдзіліся за гэта. Але ж мова тады яшчэ жыла.


І зусім нядзіўна, што напачатку 90-х, калі моўныя карані яшчэ не былі засушаныя, назіраўся ўздым, які пацягнуў за сабою стварэнне Беларукскага Народнага Фронту і Беларускае нацыянальнае Адраджэнне.


Дастаткова згадаць, што на пачатак 1995г. больш за 80% беларускіх навучальных устаноў ужо працавала па-беларуску. Беларускі Парламент -- Вярхоўны Савет, а таксама чыноўнікі ўсіх узроўняў мусілі і, з большага, імкнуліся выконваць Закон аб мовах 1990г.



Праз год пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі(1995г.) працэс беларусізацыі Беларусі гвалтоўным чынам быў спынены. А яшчэ праз год, у лістападзе 1996г. у выніку  дзяржаўнага перавароту, учыненага ўладнай групоўкай Лукашэнк  пры фактычнай падтрымцы Крамля , ў Беларусі была канчаткова  ўсталяваная антыбеларуская дыктатура, якая трывае й дагэтуль.    


Сёння ў 2020м годзе з горыччу мушу канстатаваць, што беларуская  мова ў Беларусі амаль знікла.  Нават у вёсках яна або ўжо памерла, або дажывае свой век у вуснах нашых бабуляў і дзядуляў.


Дзеля аб'ектыўнасці зазначу, што рэшткі жывой беларускай мовы дзе-нідзе яшчэ спрабуюць адрадзіцца. І ў маленькіх тусовачках і асяродках у гарадах і мястэчках Беларусі яе часам можна пачуць.


Але такіх тусовак няшмат. З большага беларуская мова амаль памерла. А разам з мовай памірае і дзяржава.


І вось так, паступова, крок за крокам, год за годам, дзень за днём Беларусь канае. Памірае на чале з калгасным вар'яцеючым камуна-савецкім правадыром з мінулага стагоддзя.


За якой моладдзю будучыня?


Кажуць, што будучыня -- за моладзьдзю. Гэта цалкам лагічна, і гэта, безумоўна, так.


Але задамо сабе пытанне: "Якое пакаленне моладзі вырасла ў Беларусі за 25 гадоў  панавання Лукашэнкі?".  А стрыжнем ягонай палітыкі, нагадаю, была і застаецца татальная русіфікацыя беларускага насельніцтва замест яго  беларусізацыі.  


Калі шчыра і, адначасова, дыпламатычна, дык мой адказ, за рэдкім выключэннем,  будзе такі: "НІЯКАЕ".


То бок, мы маем  сёння загубленае, культурна і моўна пакалечанае пакаленне людзей, якія нарадзіліся і выраслі пры Лукашэнку ва ўмовах татальнай русіфікацыі, несвабоды і суцэльнай  хлусні. За невялічкім, у некалькі працэнтаў(адсоткаў) ад агульнай колькасці, выключэннем.


Калі і ёсць у Беларусі будучыня, дык яна за тымі невялічкімі купкамі моладзі, што гуртуюцца сёння пад "Пагоняй", бела-чырвона-белымі сцягамі і дзе размаўляюць па-беларуску.


Сённяшнюю канфармісцкую брсмаўскую моладзь, якая  складае, на жаль,пераважную большасць і якая маша на стадыёнах і пад час рэжымных святаў лукашысцкімі  сімваламі камуністычнай эпохі, патрэбна сур'ёзна лячыць. Бо яна інфікавана гібрыдам своеасаблівага каронавірусу, які ўвабраў у сябе жывёльны страх і "рускі мір" у адным флаконе.


Пры будучых узрушэннях і забурэннях разлічваць на такую моладзь, як сведчыць вопыт  крымска-данбаскай часткі Украіны, бессэнсоўна. Яна бараніць Беларусь не будзе, і хутчэй схаваецца ў бульбу ці, нават, здрадзіць Беларусі і стрэліць ёй у спіну.


Дэградацыя ў музычнай сферы.


У музычнай сферы  жыцця сённяшняга беларускага грамадства (а музыка, як і мова -- душа народа) назіраецца  вельмі небяспечны трэнд з арсеналу "рускага міру".  


У моду уваходзіць амаль спрэс  "русскоязычный" электронна-музычны  прымітывізм брыдотнага зместу.


Якое "музло"( які красамоўны тэрмін!)   пераважна слухае сённяшняя моладзь?  І што ў ім  яна чуе? Маецца на ўвазе як расійская, так і ў значнай ступені ,беларуская моладзь. Адказ на гэтыя пытанні знайсці няцяжка: дастаткова зазірнуць на рэкламныя афішы, пагугліць у інтэрнэце і падзівіцца колькасці праглядаў  відэакліпаў  таго або іншага расійскага так бы мовіць, музыкі(спевака)  або  музычнага гурта.


Хай мяне палічаць "эстэтам і рэтраградам", але я катэгарычна не прымаю многія сённяшнія "творы"  топавых ,  суперпапулярных  у моладзі(і ня толькі)  расійскіх гуртоў  і  асобных  выканаўцаў.


Возьмем, напрыклад, "русскоязычную" папсу, рок,  шансон  або  супермодны  сёння музычны стыль -- рэп. І што  ж  бачым, што  чуем?  


Сёння ў моладзі ў трэндзе ўсялякія "воровайки",  "шнуровы, элджеи  и прочие бузовы".  А ў тэкстах твораў таго ж  гурта "Ленинград" з салістам Шнуравым, або  ў песнях  суперпапулярнага  рэпера Элджэя -- амаль спрэс  прымітывізм і так званы "русский мат". Які, дарэчы, ўжо стаўся ў Расіі амаль што нормай "современного русского языка".


Забараніўшы пасля прыходу да ўлады ў сярэдзіне 90-х  ХХст. беларускую мову, нацыянальныя сімвалы і ўсё беларускае ў Беларусі, Лукашэнка і ягоная хеўра пасялілі ў галовы  і душы  беларусаў  замест беларускай мовы і беларускай трасянкі "великий и могучий русский язык".


А разам з экспансіяй  у Беларусь "русского языка" прыйшоў і так званы "русский мир" замест беларускага.


Сёння ў "русскоязычной" маладзёвай мас-культуры пануе прымітывізм. Часам грубы, брыдкаслоўны. Прымітывізм, які  апелюе да агульных інстынктаў "хома-недасапіенса", г.зн. чалавека-неандэртальца ці, хіба што, краманьёнца.


І ўсё ж пра мой аптымізм.


Пакуль вось усё пра безнадзейнасць пісаў. "А дзе ж пра аптымізм?", -- запытаецца чытач.


Мой аптымізм палягае на тым, што Лукашэнка, Пуцін і ім падобныя персанажы, на шчасце, ня вечныя. Яны  даволі старыя і ўжо хутка сыйдуць.Карацей, памруць.  Ды й  чалавечае жыццё, яго развіццё і  ўсе жыццёвыя працэсы  сёння больш імклівыя, чым  яшчэ некалькі гадоў таму.  


А  з павышэннем правасвядомасці людзей у цывілізаваных краінах, з'яўленне такіх  істотаў  ва ўладзе станецца немагчымым.


Мне як чалавеку, які яшчэ не надта стары, і які быў сведкам распаду "непарушнай" імперыі зла -- СССР, хацелася б пад старасць усё ж застаць тыя працэсы, якія ўжо выспяваюць. І якія непазбежна адбудуцца на абшарах сённяшняй Расіі і маёй Беларусі.


Я веру ў навуку. Я веру ў гістарычныя заканамернасці і працэсы развіцця чалавека і чалавечага грамадства. І з гэтых пазіцыяў магу сцвярджаць, што будучыня -- за палітычнымі нацыямі. І сярод якіх мусіць быць і беларуская. (Пра недасфармаваную беларускую нацыю і працэс яе палітычнага афармлення ўсё яшчэ збіраюся больш грунтоўна напісаць).  


Я спадзяюся на тое, што ў выніку, верагодна, драматычнага сыходу дыктатараў-цемрашалаў -- іхняга гэбістага і нашага калгасніка, у Расіі і Беларусі не пральецца мора крыві. Хаця яе  ўжо й так пралілося шмат: рэкі крыві цякуць ў нашай братняй  суседняй Украіне.


І адбылося гэта ў выніку экспансіі "рускага міру", ідэолагі і носьбіты якога ментальна хворыя і ня лічаць ані беларусаў, ані ўкраінцаў за нацыі.


Але гэта ўсё ж пакуль ня мора крыві. Прынамсі, ня столькі, як падчас першай ці другой сусветных войнаў.


Нездарма кажуць, што гісторыя увесь час рухаецца па спіралі. І паўтараецца, але на новым вітку.


І з новымі людзьмі, якія мусяць быць разумнейшымі за сваіх папярэднікаў.  


13.03.20 23:19

Павел Знавец