АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Пра праймерыз і адзінага кандыдата.

Праймерыз апазіцыі сябе скампраметаваў. І для гэтага хапіла ўсяго некалькіх невялікіх маніпуляцыяў рэжыму.


Тоё, што мы зараз  назіраем, ужо ва ўмовах пагрозы каронавірусу, пераўтвараецца ў валтузню, узаемныя абвінавачванні і проста ў пасьмешышча.  Дык што, застаецца байкот?


На маю думку, не. Ёсць  яшчэ адзін варыянт.  Умоўная яго назва "Домаш-2.0" . З  улікам усіх сённяшніх фактараў замест байкоту я б прапанаваў варыянт адзінага па ДАМОЎЛЕНАСЦІ.  Дамоўленасці з боку  актыву(а ня толькі лідэраў!) рэальна існуючых апазіцыйных партый і тусовак. Сёння  іх  7(сем).  Шэсць тых, што ўдзельнічалі ў праймерыз, плюс  дэмакратычныя незалежныя прафсаюзы.  Таму яшчэ ня позна разыграць варыянт Аляксандра Ярашука як адзінага кандыдата ад ШЫРОКІХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛ.  


Слова   "дэмакратыя" зараз, пасля 25год самаўладдзя адной асобы, як ніколі, запатрабавана ў народзе.  Гэтак жа , як напачатку 90-х.  Сёння Лукашэнка ўжо баіцца называць "дэмакратыю" словам  "дзермакрація", як ён гэта заўсёды рабіў. Таму дэмакратыю можна і трэба супрацьпастаўляць  дыктатуры Лукашэнкі.


У  2001г. прапануемы мной варыянт быў ужо апрабаваны. Але  ж тады з двух кандыдатаў на апошнім, да таго ж  занадта запозненым этапе выбралі слабейшага  АДЗІНАГА. Ганчарыка замест Домаша(ужо нябожчыка).


Зараз апазіцыйныя партыі і арганізацыі проста павінны скарыстацца набытым вопытам  вылучэння АДЗІНАГА ў 2001г. з улікам дапушчаных тады памылак.


Калі сёння цэнтральныя органы кожнай з 7(можна і па формуле 7+)  апазіцыйных тусовак прымуць рашэнне аб вылучэнні адзіным кандыдатам прафсаюзнага лідэра А. Ярашука -- гэта на сёння і ёсць тая самая моцная кандыдатура  з наяўных у Беларусі.  Яна ж і самая небяспечная для Лукашэнкі асабіста. І, што важна -- прыймальная для значнай часткі наменклатуры.  


Аб гэтым я казаў яшчэ пасля ганьбы 2015г., калі валтузня і раз'яднанасць прывялі да гаўпраўдысцкага  фейка ў спадніцы(Караткевіч)  як  самага лёгкага спарынг-партнёра(-шы) для Лукашэнкі на тых  "выбарах".


У цяперашняй сітуацыі ўсе астатнія варыянты з адзіным кандыдатам (Статкевіч, Севярынец, Янукевіч ды інш.) ня вартыя разгляду. Бо іх ужо  немагчыма рэалізаваць. Па-розных прычынах, таму не буду пра гэта пісаць.  


З тых палітыкаў, хто тут, у Беларусі, практычна  незаплямлены, з'яўляецца палітычным цяжкавагавіком,  мае вопыт кіраўніцтва, палітычнага лідэрства і кандыдацтва ў прэзідэнты --  застаецца толькі адзін -- Аляксандр Ярашук. Я не веру ў тое, што нехта з атачэння Лукашэнкі(Макей, Румас ды інш.) асмеліцца кінуць выклік Лукашэнку. Бо ўсе яны баяцца ня толькі помсты з боку Лукашэнкі ў выпадку няўдачы, але й нават уласнага ценю.

Аляксандр Ярашук знешне  не стары, прынамсі значна маладзей выглядае за Лукашэнку, сівізны амаль няма. Таму ўзрост ня ёсць яго недахопам, як часам даводзілася чуць.  


А ўласна для Аляксандра Ярашука гэта апошняя магчымасць у жыцці  ўпісаць вялікімі літарамі сваё імя ў гісторыю Беларусі.  


Мне падаецца,  гэта разумее і сам Аляксандр Ярашук. І ён гатовы змагацца,  ісці да канца.  Змагацца па-сапраўднаму, будзіць народ, заклікаць людзей да актыўнасці  і  бестэрміноваму страйку ў выпадку фальсіфікацый. І да супраціву ўсімі магчымымі мірнымі сродкамі.


Мной прапануецца варыянт адносна бяскроўнай змены ўлады ў Беларусі праз удзел у дыктатарскіх "выбарах". Яго рэальна ажыццявіць ва ўмовах нізкага даверу да дыктатара і надыходзячага сур'ёзнага крызісу ва ўсіх сферах жыцця грамадства, крызісу ўсёй дыктатарскай мадэлі кіравання дзяржавай. А як будзе насамрэч  выглядаць будучае непазбежнае крушэнне дыктатуры Лукашэнкі -- сёння прадказаць ня зможа ніхто.  


Я ўпэўнены, што Аляксандр Ярашук ніколі ня кіне пенсіянераў на самастойнае змаганне з  каронавіруснай інфекцыяй, спадзеючыся на "авось", на "пранясе да Пасхі", як гэта сёння робіць Лукашэнка.  

Аляксандр Лукашэнка зараз робіць галоўную памылку жыцця, заяўляючы аб сваім намеры зноў, у шосты раз запар ісці на выбары. Таму сёлета, ва ўмовах ужо пост-каронавірусу і спаду эканомікі,  нам даецца рэальны шанец адносна мірна змяніць забранзавелы рэжым персаналісцкай калгаснай улады.

Вышэйпададзены сцэнар  ўдзелу шырокай дэмакратычнай апазіцыі рэжыму Лукашэнкі  ў  "яго выбарах", як мне падаецца, можа стацца апошнім шанцам на адносна мірную змену ўлады ў Беларусі.    


P.S. Калі  ж  у  асяроддзі апазіцыі  зноў ня будзе дасягнута адзінства -- тады ўсім сумленным грамадзянам Беларусі застанецца толькі  адно -- байкатаваць чарговы фарс  па пераназначэнню праз псеўда-выбары састарэлага   А. Лукашэнку на вышэйшую дзяржаўную пасаду.


25.03.20 16:03

Павел Знавец