АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Пра будучыню Беларусі. Наменклатурны расклад.

Атрымаў неяк у Фэйсбуку важны ў гістарычным аспекце ліст ад аднаго са сваіх сябраў, які займаецца даследаваннем падзеяў з найноўшай гісторыі Беларусі.


Ніжэй -- тэкст ліста(выдзелены курсівам) і мой кароткі адказ на яго.





"  Добры дзень, сп. Павел!

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у ф. 968 захоўваюцца дакументы, якія тычацца дзейнасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, пратаколы паседжанняў тагачаснага парламента. Падчас працы ў архіве я азнаёміўся са стэнаграмамі паседжанняў камісіі па міжнародных справах Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання.


Сярод пратаколаў увагі заслугоўваюць тыя, якія маюць дачыненне да разгляду пытання аб стварэнні Супольніцтва Беларусі і Расіі.  Згодна з пратаколам 14 камісіі ад 25 красавіка 1996 г., Вы прапаноўвалі сваім калегам - членам камісіі - не разглядаць пытанне аб ратыфікацыі гэтага Дагавора.


Вы абгрунтоўвалі сваю пазіцыю тым, што Дагавор не адпавядае Канстытуцыі і Законам Рэспублікі Беларусь. Зараз паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расіі ідзе перагляд Саюзнага дагавора 1999 г. Як заявіў Максім Арэшкін журналістам, бакі ўзгаднілі пытанні, датычныя інтэграцыі, на 90%.

У гэтай сувязі мне цікава было б даведацца, як Вы ацэньваеце шанцы палітыкі збліжэння паміж Беларуссю і Расіяй. Ці выяльецца гэта палітыка ў скасаванні беларускага суверэнітэту? Дзякую. Яўген Завадскі."



Мой адказ быў такім:


"Дзякую за вашую руплівую працу. Мяне і мае папярэджанні, на жаль, мала хто слухаў. Я пра гэта казаў, кажу і казаць буду, пішу пра гэта ў блогу на Партызане і г.д. Сачы за маім блогам. Ну а  будучыня Беларусі сёння шмат у чым залежыць ад наменклатурнага раскладу  ў асяроддзі чынавенства, якое намі кіруе, ад іх здольнасці мысьліць па-дзяржаўнаму. А гэтага бракуе. І ад гэтага трывожна."




Да ўсяго сказанага дадам тры неабходныя грунтоўныя тэзы( ці фактары), пра якія я ўжо неаднаразова нагадваў. І ў чарговы раз нагадаю, бо менавіта ад іх, а таксама ад падзеяў вакол Украіны,  залежыць і наш лёс.


Ітак, тры  тэзы(фактары), якія неабходна разумець, і якія вырашаць лёс Беларускай дзяржавы,  беларускага суверэнітэту і беларускай нацыі.


1)Развіццё той ці іншай дзяржавы, яе гісторыю заўжды рухаюць наперад, тармозяць або знішчаюць уласныя кіроўныя эліты.


Лукашэнка і яго кіроўная эліта(атачэнне) затармазілі развіццё Беларусі як дзяржавы амаль на чвэрць стагоддзя. Лукашэнкаўскую кіроўную эліту сёння амаль напалову складаюць прадстаўнікі і прыхільнікі "рускага міру".


Народ у гэтай справе -- другасны фактар. Чаму? Бо ім, народам(людскімі массамі), кіруюць эліты. І яго, народ,  накіроўваюць менавіта эліты. І ён, народ, як правіла, ідзе ў тым накірунку, які яму прапаноўваюць эліты.


2)Калі нацыянальную кіроўную эліту фармуе і доўгі час узначальвае антынацыянальны дыктатар-цемрашал і недавука -- гэта бяда для народа і дзяржавы. Бяда, якая можа стацца катастрофай.


Аляксандр Лукашэнка ў Беларусі -- яскравы прыклад антыбеларускага антынацыянальнага дыктатара-цемрашала. За апошнія 25 год -- час свайго аднаасобнага кіравання Рэспублікай Беларусь,  А.Лукашэнка знішчыў у Беларусі амаль усё беларускае, уключна з фактычнай забаронай мовы і нацыянальных сімвалаў беларусаў.


Зараз склалася такая сітуацыя, што кожны дзень знаходжання А.Лукашэнкі на чале Беларускай дзяржавы набліжае Беларусь да катастрофы.


3) Імперская Расія і Крэмль зробяць усё, каб без асаблівых  украінскіх, "данбаскіх" эксцэсаў,  г.зн. па Крымскаму сцэнару  і без дадатковых санкцый далучыць Беларусь да Расіі.


Пасля чаго пазбавіцца ад Лукашэнкі. На гэты конт ні ў кога не павінна быць аніякіх ілюзій.


На гістарычным шляху да свайго непазбежнага і заканамернага распаду сённяшняя імперская Расія зробіць усё, каб заключыць у свае смяротныя абдымкі Беларусь.


У сённяшняй сітуацыі ўсім прабеларускім сілам  у атачэнні Аляксандра Лукашэнкі(а іх, згодна меркаванню Алега Трусава , недзе 50%), трэба дзейнічаць супольна з нацыянальна-дэмакратычнай апазіцыяй ці з тым, што ад яе засталося.


Такім чынам, існуючы прабеларускі наменклатурны расклад у атачэнні Лукашэнкі сёння яшчэ не зусім на карысць "рускага міру".  Супольнымі намаганнямі яшчэ магчыма захаваць Беларусь як дзяржаву і сфармаваць з беларусаў палітычную нацыю.


28.06.19 22:24