АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Памяці Лявона Дзейкі.

Пайшоў з жыцця Дэпутат Незалежнасці і сябра Грамады Лявон Дзейка.
Ён быў вельмі добрым і чулым у душы чалавекам. Чулым і, як мне здавалася, ... трошкі злым. Але тая ягоная злосць, калі ён мог знянацку на кагосьці вылаяцца ці накрычаць, мне была цалкам зразумелая: не пашчасціла яму стварыць сям'ю ў гэтым зямным жыцці. Але вялікай сям’ёй для яго была Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя, у якой ён доўгі час працаваў прэсавым сакратаром.
Па жыцці Лявон, як мне падавалася, увесь час адчуваў нейкую адзіноту. Падчас сустрэч ён шчыраваў са мной на жыццёвыя тэмы, чытаў практычна ўсе мае допісы і публікацыі на Беларускім Партызане. Але ж, калі паразважаць па-філасофску: кожны з нас прыходзіць у гэты свет адзін, і сыходзіць таксама адзін.
Здаецца, зусім нядаўна я з ім размаўляў: падчас шпацыру пасля развітання ў цырыманіяльнай зале ў Чыжоўцы з адважнай сяброўкай БСДП Марыяй Аліевай. Лявон, як заўсёды, спачатку вылаяўся на нерашучасць Каардынацыйнай Рады, а потым мы лагодна пра тое-сёе пагаманілі. Ну і пра здароўечка я ў яго запытаўся. На што пачуў стандартны філасафічны адказ: маўляў, а што тут казаць, з гадамі яго,здароўечка, як і што ні рабі, болей не стае.
Такой вось аказалася мая апошняя сустрэча і апошняя размова з Лявонам Дзейкам. Шкада, што не дажыў Лявон да хронікі, да вызвалення Беларусі. Але, калі верыць: у іншым, у тым -- лепшым свеце, дзе рана ці позна мы ўсе будзем, ён яе пабачыць.
Бывай, Лявон!

15.02.21 22:14

Павел Знавец