АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Памяці Ізабэлы Марціновіч.

На 94-м годзе жыцця пайшла ад нас у вечнасць Ізабэла Іванаўна Марціновіч -- доктар юрыдычных навук, прафесар, гонар і годнасць беларускай юрыдычнай навукі.
Гэтую сумную навіну я даведаўся са старонкі ў Фэйсбуку свайго сябра, выбітнага юрыста і чалавека Міхаіла Іванавіча Пастухова.
Колькі словаў на ўспамін аб светлым вобразе Ізабэлы Іванаўны Марціновіч -- незвычайнай і незабыўнай жанчыны, з якой мне пашчасціла спаткацца ў гэтым жыцці.
Ізабэла Іванаўна Марціновіч была вельмі чулай, сумленнай і добрай жанчынай. І сапраўднай беларускай. Строгасць і дабрыня, смеласць і чуласць -- спалучэнне такіх якасцяў у адным чалавеку сустрэнеш рэдка ў жыцці.
Пішу вось гэта -- і ўспамінаю сябе, студэнта-першакурсніка гадоў Перабудовы. Экзамен па прадмету "Суд і правасуддзе ў БССР" , зіма, студзень 1989г. Мы, першакурснікі, ведалі, што наша выкладчыца -- вельмі строгая і аб'ектыўная, і таму амаль ніхто, прынамсі з маёй групы, не прапускаў аніводнай яе лекцыі. Нагадаю, што наведванне лекцый тады было вольным.
Яе экзамен я ледзь не праспаў: напярэданні ўначы сядзеў у "ленкомнаце" студэнцкага інтэрната па пр. Машэрава, 9( ужо знесены) і перачытаў увесь канспект яе лекцый. А паколькі памяць у мяне неблагая, то амаль усё напісанае ў канспекце недзе ў яе палічках зафіксаваў. Спаць пайшоў амаль пад раніцу. І праспаў да адзінаццаці( экзамен распачынаўся а 9-й раніцы). Не пачуў спрасоння, як усе мае сябры-суседзі па інтэрнацкім пакоі клікалі мяне -- не даклікаліся -- і сышлі.
Прымчаў я на юрфак БДУ, што месціўся тады па вул. Маскоўская,17( дзе зараз Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь) недзе а 12-й гадзіне. І быў ужо сярод апошніх студэнтаў у чарзе на экзамен... Апошнімі, як правіла, па негалоснай дамоўленасці ці то завядзёнцы, ішлі тыя, хто не надта быў падрыхтаваны.
Зараз вось перад вачыма той твар Ізабэлы Іванаўны : яна сядзіць за экзаменацыйным сталом з падпертым рукой падбародкам і з усмешкай, неяк задуменна ўвесь час глядзіць мне ўвочы. А я стаю і распавядаю па білету нешта пра трасфармацыю судоў і судовай сістэмы ў БССР са сталінскіх часоў і да нашых дзён, то бок да Перабудовы, ініцыяванай лепшымі сіламі КПСС на чале з Міхаілам Гарбачовым.
Як жа замілавана яна мяне слухала! Я быў тады першым студэнтам пасля шматгадовага яе выкладання на юрфаку БДУ, які здаваў экзамен па-беларуску, пісаў усе канспекты аўтаматычна па-беларуску( хоць матэрыял падаваўся па-руску). Паслухаўшы мой адказ на пытанні па-білету, яна не паверыла сваім вушам, потым вачам: папрасіла паглядзець мой канспект.
І калі ўбачыла, што ўсе яе лекцыі ў канспекце запісаныя па-беларуску, яна прыклала рукі да сэрца і адпавяла, што ў маленстве яе мама і бабуля на мове з ёй размаўлялі. І што праз столькі гадоў пачуць на экзамене ад студэнта матчыну мову -- гэта як бальзам на душу.
І яшчэ. І. І Марціновіч колькі часу патраціла на "справу Ламаносава". Грамадзяніна з такім прозвішчам асудзілі на 15 гадоў за забойства, якога ён не ўчыняў. Вывучала Ізабэла Іванаўна матэрыялы той справы вельмі дасціпна, неаднаразова хадзіла ў Вярхоўны Суд... Каб яшчэ і яшчэ раз пераканацца ў тым, што Ламаносаў аніяк не мог учыніць таго забойства, якое на яго спісалі.
Памятаю, як з цеплыней Ізабэла Іванаўна ўзгадвала аднаго суддзю Вярхоўнага Суда (здаецца, Крыгін яго прозвішча было), які садзейнічаў ёй і дапамагаў матэрыялы той справы аператыўна адшукаць у архіве. Ці ёсць зараз такія суддзі? І распавядала пра лісты, якія на яе імя на кафедру БДУ пісаў той асуджаны, пачуўшы неяк пра яе ў адной з перадачаў Беларускага радыё. Ды ўсё марна.
Вясною 1996г. асуджаны гр. Ламаносаў напісаў на імя БСДП. І тады яе Старшыня Мікола Статкевіч папрасіў мяне, як юрыста, разабрацца і дапамагчы гэтаму зэку, калі гэта магчыма. Я паабяцаў зрабіць усё, што ў маіх сілах як дэпутата.
Потым былі доўгія гутаркі па гэтай справе з Ізабэлай Іванаўнай на кафедры крымінальнага працэсу юрфака БДУ, куды я зачасціў у госці. У ліпені 1996г. адбылася мая камандзіроўка ў Аршанскую калонію УЖ15/8, дзе адбываў пакаранне Ламаносаў, увосень 1996г -- мой выступ на сесіі Вярхоўнага Савета са справаздачай, а потым -- на Пленуме Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь...
Потым, недзе праз два месяцы (канец лістапада 1996г.) А. Лукашэнка і ягонае атачэнне ўчынілі канстытуцыйны пераварот і разагналі Вярхоўны Савет, але ж Вярхоўны Суд не мог ужо проста так адмахнуцца ад той справы. І мусіў быў у першай палове 1997г. памілаваць Ламаносава і вызваліць яго з турмы пасля шасці з паловай гадоў адсідкі.
Памятаю, як тады шчаслівая Ізабэла Іванаўна сказала, што мае практычныя высілкі па той справе былі вартыя ўсіх званняў у юрыспудэнцыі. І што яны насамрэч, на практыцы стаяць вышэй за яе кандыдацкую і доктарскую дысертацыю і г.д. Бо добра напісаць -- гэта адно, а дамагчыся, каб усё напісанае яшчэ й выконвалася на практыцы -- гэта зусім іншае. Для мяне й дэгэтуль тыя яе словы -- найвышэйшая адзнака маёй дзейнасці як дэпутата-юрыста.
Вось так Ізабэла Іванаўна перажывала за лёс незнаёмага ёй чалавека -- таго чалавека, які, нягледзячы на страшэнную несправядлівасць лёсу, працягваў змагацца.
Вось такой засталася ў маім сэрцы мая ўніверсітэцкая выкладчыца Ізабэла Іванаўна Марціновіч. Памяць аб ёй у новай дэмакратычнай Беларусі павінна належным чынам быць уганараваная. І ў гэтай справе я цалкам падтрымліваю прапановы Міхаіла Іванавіча Пастухова.

21.02.21 3:04

Павел Знавец