АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Палітычная Заява беларускіх сацыял-дэмакратаў.

Па ініцыятыве аўтара гэтых радкоў Цэнтральны Камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі(Грамады)    напярэданні абвешчаных  на восень 2019г. Аляксандрам Лукашэнкам "парламенцкіх" выбараў  прыняў адпаведную палітычную Заяву.


Заява накіроўваецца  ў дзяржаўныя органы ўлады і кіравання і ў СМІ. У Заяве канстатуюцца існуючыя палітычныя рэаліі ў Рэспубліцы Беларусь, якія характарызуюцца фактычнай адсутнасцю канстытуцыйнвай законнасці ў краіне, пачынаючы з лістапада 1996г.   Таксама Заява ўтрымлівае пералік чатырох мінімальных патрабаванняў да ўладаў беларускіх  сацыял-дэмакратаў.  Менавіта іх безумоўнае выкананне  паспрыяе паўнавартаснаму ўдзелу партыі ў маючай адбыцца парламенцкай выбарчай кампаніі.


Ніжэй -- тэкст Заявы.



Аб парламенцкай выбарчай кампаніі 2019 году.


Цэнтральны камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) лічыць:


-у Рэспубліцы Беларусь адсутнічаюць паўнамоцны парламент і паўнавартасныя выбары.

Палітычныя мерапрыемствы пад назвай “Выбары”, якія праводзяцца выканаўчай уладай
па ўказанні прэзідэнта, пасля 1996 г. уяўляюць суцэльны фарс і непрыхаваны падман народа.

-пасля антыканстытуцыйнага рэферэндуму  1996г. замест Вярхоўнага Савета быў сфарміраваны
так званы “Нацыянальны Сход”, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў(ніжняя палата) і
Савета Рэспублікі (верхняя палата) — квазізаканадаўчы дэкаратыўны  парламент.


Дэпутацкі склад гэтага “парламенту” часткова прама прызначаецца прэзідэнтам , а ў астатняй  частцы
ўсе да апошняга дэпутацкія мандаты фактычна зацвярджаюцца ў адміністрацыі прэзідэнта.

-Цэнтральную камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў нязменна ўзначальвае адна
асоба — Лідзія Ярмошына. Яна была прызначаная на пасаду прэзідэнтам у лістападзе 1996 г. з грубейшым парушэннем Канстытуцыі і законаў.



-увесь палітычны выбарчы працэс у Рэспубліцы Беларусь знаходзіцца пад поўным кантролем
выканаўчай улады, асабіста прэзідэнта і падпарадкаваных адміністрацыі прэзідэнта сілавых структур і спецслужб.

Галасаванне  праводзіцца не адзін дзень, а шэсць.

Грамадзян масава прымушаюць прагаласаваць датэрмінова.

У такіх умовах немагчымы нават мінімальны кантроль з боку грамадства
за ходам  выбараў і сапраўдным волевыяўленнем  грамадзян.


-кожныя такія “выбары” кіруючы рэжым у Беларусі выкарыстоўвае выключна ў сваіх палітычных мэтах:
дзеля дэманстрацыі беларускаму грамадству і міжнароднай супольнасці  таго факту,
што ў Рэспубліцы Беларусь, нібыта, існуе інстытут выбараў і падзел галінаў улады.



Для свайго паўнавартаснага ўдзелу ў выбарах мы патрабуем выканання мінімальных умоваў, а менавіта:



1)Публічна агучыць юрыдычныя падставы для роспуску Нацыянальнага сходу і
правядзення датэрміновых выбараў дэпутатаў;


2)Правядзення галасавання ў адзін дзень з забеспячэннем права прагаласаваць у гэты дзень усім
выбаршчыкам на выбарчым участку па месцу іх фактычнага знаходжання шляхам падачы пісьмовай заявы.

Дзеля пазбягання злоўжыванняў такія пісьмовыя заявы павінны быць
дакументальна зарэгістраваныя на адпаведным выбарчым участку і належным чынам захоўвацца
да правядзення наступных выбараў;


3)Абавязковага і прыярытэтнага ўключэння ўсіх прадстаўнікоў ад палітычных партый у склад
Цэнтральнай, тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых выбарчых камісій;


4)Правядзення адкрытага, празрыстага і галоснага падліку галасоў пад час падвядзення вынікаў выбараў.

Старшыня (намеснік старшыні, сакратар) участковай выбарчай камісіі павінен
агалошваць кожны выбарчы бюлетэнь, за каго ён пададзены і дэманстраваць
яго ўсім прысутным на участку сябрам выбарчай камісіі, назіральнікам,
прадстаўнікам ад кандыдатаў у дэпутаты і ад СМІ.


23.05.19 14:13