АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

З беспрасветнай імглы -- на край бездані! 12.07.2019

Дваццаціпяцігоддзю прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі прысвечаны гэты доўгі  для фармату блога тэкст.


Я ня стаў яго скарачаць і разбіваць на часткі. Ён атрымаўся даволі  цікавым. Таму хай застанецца для гісторыі такім, як ёсць, з усімі выкладзенымі фактамі, важнымі акцэнтамі, якія можа недзе паўтараюцца, маімі думкамі, развагамі ды пачуццямі.


Пры напісанні  тэкста, каб даць яму самы трапны  загаловак, ўвесь час узгадваўся вялікі артыкул выдатнага палітолага, які трагічна загінуў у аўтакатастрофе, Анатоля Майсені.


Артыкул  Майсені быў надрукаваны ў газеце "Народная Воля" незадоўга да сумнавядомага рэферэндума па Канстытуцыі,  ўвосень 1996г. пад назовам "Беларусь во мгле". Рэкамендую усім яго пачытаць, бо тэкст Анатоля Майсені 25-гадовай даўніны дагэтуль актуальны.



Чорны ўрок даўжынёй у чвэрць стагоддзя.


25 гадоў таму група маладых і амбітных палітыкаў на чале з Віктарам Ганчаром і Дзмітрыем Булахавым прывяла на вяршыню ўлады ў Беларусі дырэктара саўгасу Аляксандра Лукашэнку.


З нагоды гэтага сумнага юбілею варта яшчэ раз нагадаць, што ж тады, у 1994-м, сапраўды адбылося. Успомніць пра тую лёсавызначальную для Беларусі падзею, якая і праз 25 гадоў не дае беларусам спакою.


Бо  гістарычны персанаж і галоўны ўдзельнік той далёкай падзеі дагэтуль жывы. Болей за тое, ён дагэтуль уладарыць у Беларусі. І  ягоная  ўлада   неабмежаваная аніякімі законамі.


Галоўны персанаж той падзеі і ягоныя памагатыя завялі Беларусь у тупік, знішчыўшы за чвэрць стагоддзя амаль усё беларускае ў Беларусі.


Таму сёння і кожны дзень, пакуль ён ва ўладзе, трэба  памятаць, хто ж намі кіруе, што ён нарабіў, і дзе шукаць выйсце.


Трэба каб гісторыя з ягоным абраннем на вышэйшую дзяржаўную пасаду нас хоць  нечаму   навучыла.


Трэба, каб кожны, хто яшчэ пакуль круціцца ў ледзь жывой беларускай палітыцы з адным і адзіным(па-руску "единственным") рэальным палітыкам, хто мае намер увайсці ў будучым(калі яно яшчэ будзе?) у вялікую беларускую палітыку, дзейнічаць ў  ёй і рухаць Беларусь наперад, вывучыў гэты ўрок напамяць.



Пра некаторыя важнейшыя моманты прыходу да ўлады Лукашэнкі.


Дагэтуль ёсць моманты, звязаныя з прыходам да ўлады Лукашэнкі, пра якія  ніхто ня ўзгадвае. Бо сучасныя гісторыкі-вучоныя, даследчыкі і палітолагі ці баяцца, ці саромеюцца аб гэтым пісаць. А мо яны дагэтуль не разумеюць, што і як насамрэч тады адбывалася?


Антыкарупцыйная сага 1993- пачатку 1994гг. дадала вядомасці  сіпатаму скандальнаму дэпутату і дырэктару саўгаса з прозвішчам Лукашэнка. Усе называюць лічбу 20-30% -- і я з гэтым не спрачаюся.


Але ж астатнія 60%, якія "сіпаты" дадаў у другім туры на выбарах прэзідэнта Беларусі 10 ліпеня 1994г.? Адкуль яны узяліся?  


На гэта ёсць мой пэўны адказ: гэта ўласная заслуга Віктара Ганчара. І толькі ў невялічкай ступені -- астатніх персанажаў, што складалі тады каманду "маладых ваўкоў" для абрання першым прэзідэнтам Беларусі скандальнага эксцэнтрычнага дырэктара саўгаса з прозвішчам Лукашэнка.


І Віктар Ганчар у маіх шматлікіх гутарках з ім у 1997-1999гг. гэтакія высновы не адмаўляў.  


А калі дадаць тое неймавернае, што зрабіў  Ганчар дзеля таго, каб Лукашэнка мог балатавацца, дык заслуга Ганчара як асобы, што зрабіла Лукашэнку прэзідэнтам, складае недзе пад 90%. Але пра гэта доўга пісаць.


Дый  тэкст  можа атрымаецца не для фармата блогу,  а для цэлай кніжкі  мемуараў, якія я пісаць не збіраюся . Таму мяркую,  што мае тэксты ў блогу дапамогуць даследчыкам падаць падзеі найноўшай гісторыі Беларусі, звязаныя з асобай Аляксандра Лукашэнкі такімі, якімі яны былі ў рэальнасці.  


Улетку  1995г. мне нардэп  Скарынін(з  Вярхоўнага Савета 12-га склікання, адзін з кіраўнікоў буйнейшай праўрадавай фракцыі "Беларусь") шмат чаго распавёў. Размова з ім была вельмі шчырай, бо ён хоць і быў камуністам і маім ідэйным апанентам, але мяне паважаў.  


Скарынін некалькі гадзін за гарбатай падрабязна распавядаў, што і як рабіў Ганчар у Вярхоўным Савеце і ў  кулуарах. Ня ведаю, можа Скарынін ужо тады адчуваў будучыя трагедыі жыццёвых лёсаў тых, хто прывёў пачвару( Скарынін казаў па-руску "чудовище") на вяршыню ўлады ў Беларусі?  


А можа самое прозвішча  дэпутата парламента 12 склікання Скарыніна, сугучнае з прозвішчам выдатнага нашага першадрукара і асветніка Францішка Скарыны, падштурхнула  яго да шчырай размовы са мной -- самым маладым  дэпутатам  парламента 13-га склікання, абраным  ад апазіцыі?

Як бы там ні было, але Скарынін вельмі дакладна і выразна ў той размове акрэсліваў тое, што зрабіў  персанальна Булахаў ды іншыя персанажы з каманды "маладых ваўкоў" дзеля таго, каб зрабіць Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі.


Згодна расповяду Скарыніна роля, напрыклад, Анатоля Лябедзькі -- члена лукашэнкаўскай каманды "маладых ваўкоў", была зусім невялікай. Хоць ён намінальна і лічыўся "прадстаўніком прэзідэнта ў Вярхоўным Савеце". Але такой пасады, па словах Скарыніна, афіцыйна не існавала, за яе не плацілі, і ўсе аб гэтым ведалі.


І хаця Валеры Костка -- экс-памочнік намесніка Старшыні Вярхоўнага Савета 13-га склікання Генадзя Карпенкі, са мной не зусім згодны, я ўсё ж  болей веру  неангажаванай і дасведчанай першакрыніцы, г.зн. дэпутату Скарыніну.


І Анатоль Лябедзька, і Аляксандр Фядута, іншыя  палітыкі, што прывялі Лукашшэнку на ўладны Алімп у Беларусі -- асобы ангажаваныя. І таму яны, як дарэчы і ня вельмі дасведчаныя даследчыкі ды палітолагі -- кожны па-свойму, часам вельмі  суб'ектыўна, скажаюць гісторыю ўзыходжаня саўгаснай, як высветлілася, "пачвары" на вяршыню ўлады ў Рэспубліцы Беларусь.  


Пра прозвішча сіпатага дэпутата.


Ітак, на момант старту прэзідэнцкай кампаніі 1994г. наш народ гудзеў пра карупцыю. Узгадвалі паўсюль Кебіча і, што  вельмі дзіўна(!),  Шушкевіча(пра скрадзеную скрыню цвікоў для будаўніцтва "шыкоўнай" дачы). Ну а паколькі навокал наменклатура будавала палацы-катэджы, якія мулялі вочы і раздражнялі людзей, дык у свядомасці простага чалавека сціплая дача Шушкевіча паўставала менавіта такім палацам.


І тут аўтары антыкарупцыйнага даклада для дэпутата Лукашэнкі паліттэхналалагічна, як кажуць, патрапілі ў самую кропку.
І прэвентыўна, на самым старце фактычна  "вырубілі" Шушкевіча з будучай прэзідэнкай гонкі. І не пакінулі яму, нядаўняму спікеру парламента і кіраўніку дзяржавы, аніводнага шанцу.


Я й дагэтуль не разумею, чаму гэтага  не разумелі тыя з кіраўніцтва партыі БСДГ, што падтрымлівалі  ідэю з вылучэннем у  кандыдаты ў Прэзідэнты Беларусі Станіслава Шушкевіча?  Яны што, жылі на Месясяцы, далёка ад народа? А можа  сапраўды спадзяваліся,  што  такім чынам падвысяць рэйтынг  партыі БСДГ?


Пытанні, якія засталіся без адказу.


У мяне й дагэтуль яшчэ  шмат пытанняў да лідараў тагачаснай апазіцыі адносна тых падзеяў 1994 году.  Пытанняў, якія, праўдападобна, назаўжды застануцца без адказу.

Бо і зараз прызнаць трагічнасць, проста катастрафічнасць палітычных памылак зробленых лідарамі тагачаснай беларускай апазіцыі ў 1994-м азначае ўзяць на сябе частку гістарычнай адказнасці за тое, што адбылося.


Я перакананы: нават абранне Кебіча было для Беларусі значна меншым злом, чым абранне Лукашэнкі. Бо Кебіч, прынамсі, не змагаўся б і не знішчаў беларускую мову і не забараняў нацыянальныя дзяржаўныя сімвалы Беларусі.



Ці разумелі тады лідары парламенцкай апазіцыі БНФ і партыі БСДГ  тое, што рэгістрацыя кандыдата Лукашэнкі азначае яго аўтаматычную перамогу на тых выбарах?  Праўдападобна, што не. А, між іншым,  кандыдату ў прэзідэнты Беларусі А. Лукашэнку са здадзенымі ў яго падтрымку амаль спрэс туфтовымі намаляванымі подпісамі  павінны былі, як сёння кажуць, забаніць рэгістрацыю.  Бо  ўсе законныя падставы для гэтага былі!  Трэба было толькі рашуча патрабаваць  рэальнай праверкі  спрэс туфтовых подпісаў, здадзеных  у  Цэнтрвыбаркам у падтрымку ягонага вылучэння.


Але ні штаб кандыдата Пазьняка, ні штаб кандыдата Шушкевіча асабліва й не дамагаліся зняцця кандыдата Лукашэнкі з выбараў. І гэта была яшчэ адна велізарная памылка апазіцыйных кандыдатаў і іх штабоў..  Ня бачылі, ня чулі пра спрэс туфтовую падпісную ліпу за Лукашэнку?  Аб якой, дарэчы, я неяк ужо падрабязна распавядаў раней.  


І няўжо на самай справе ў штабах Пазняка і Шушкевіча верылі рэйтынгам сацыёлагаў у 1994-м аб тым, што столь(г.зн. "потолок" -- для тых чытачоў, хто не зразумеў) народнай падтрымкі Лукашэнкі вагаецца ў межах 30-35% ?


Праўдападобна, што так, верылі.  Бо гэта азначала, што любы з кандыдатаў, уключна з дзеючым прэм'ерам Кебічам, ў другім туры  перамагае "калгасніка" Лукашэнку.


І Вячаслаў Кебіч, па словах узгадага дэпутата Скарыніна, у гэта верыў. Таму й не зняўся ў другім туры з выбараў,  не сарваў іх. І  дапусціў абранне "пачвары" на вышэйшую прасаду ў дзяржаве. Нягледзячы на прапанову "зняцца і валіць другі тур".


Такая прапанова, як распавядаў Скарынін, паступіла ад БНФ. І гэта пацвердзіў у сваіх успамінах аб тых падзеях Сяргей Навумчык.


Чаму ж тады Кебіч не прыслухаўся да прапановы ад БНФ зняцца ў другім туры і валіць тыя выбары? Ня толькі таму, што Кебіч наіўна верыў у сваю перамогу.  Але й  таму, што ён, Вячаслаў Кебіч, як лідар наменклатуры, перад другім турам атрымаў гарантыі сваёй недатыкальнасці ад каманды Аляксандра Лукашэнкі.


У Лукашэнкі ў выпадку  яго абрання на пасаду прэзідэнта Беларусі не было ані каманды(апроч купкі "маладых ваўкоў"), ані праграмы дзеянняў...


І Лукашэнка зрабіў асноўную стаўку на старую камуністычную партнаменклатуру, што адпавядала ягонаму нутру і палітычным поглядам.


І таму пар ад электаральнай беларускай рэвалюцыі 1994г. быў спушчаны ў свісцёлку. Чым і скарысталася камуністычная наменклатура, застаўшыся разам з Лукашэнкам пры ўладзе.


Калі Беларусь застанецца суверэннай і незалежнай, ў постлукашэнкаўскі перыяд для эфектыўнага правядзення рэформаў і руху наперад  спатрэбіцца даволі жорсткі варыянт Закона аб люстрацыях.


Пра барацьбу з карупцыяй і "рэйтынгавую столь" кандыдата Лукашэнкі.


Пра барацьбу з карупцыяй нейкага сіпатага дэпутата, пра з'едзеныя гіперінфляцыяй і ўшчэнт абясцэненыя  ўклады ў  савецкіх рублях у Ашчадбанку гаманілі паўсюль! Народ гудзеў, бы пчаліны вулей!


Якая можа быць у такіх умовах рэйтынгавая столь?! Ды ў атмасферы народнай нянавісці да "лупатага" прэм'ера-карупцыянера Кебіча, алергіі да няўцямнага "разбуральніка нядаўняга раю -- СССР"  і таксама карупцыянера Шушкевіча( пра вобраз Пазняка крыху пазней) -- пры такім раскладзе народ прагаласуе за любога! Абы не яны, узгаданыя вышэй персанажы Шушкевіч ды Кебіч.


А вось лідар апазіцыі БНФ Зянон Пазняк, пра што і казаў дэпутат Скарынін (і што ёсць насамрэч амаль чыстай праўдай), тады перамагаў толькі ў пары з Вячаславам Кебічам. Настолькі вось народ не любіў тагачаснага Прэмер-міністра Кебіча!


Гістарычная праўда ў тым, што надта скажона, праз трэція вушы ў штабах апазіцыйных кандыдатаў Пазняка і Шушкевіча чулі пра высокі народны рэйтынг сіпатага дэпутата Лукашэнкі. Але ж чулі,не маглі ня чуць!


Як і не маглі ня  ведаць пра тое, што  антыкарупцыйная сага Лукашэнкі   ўжо змяшала ў адно "г..ўно" Шушкевіча з Кебічам.  


І вось у такой сітуацыі дзеля вылучэння безнадзейна непрахаднога Шушкевіча фракцыя БСДГ(Грамады) у Вярхоўным Савеце 12-га склікання вырубае з прэзідэнцкай гонкі самага моцнага з антыўрадавай, антыкебічаўскай апазіцыі! І самага падрыхтаванага да прэзідэнцай пасады чалавека -- Генадзя Карпенку. Гэта сапраўды трэба было пастарацца, гэта гістарычная ганьба.


А па факту гэта азначала распісацца ў  сваёй поўнай палітычнай прафнепрыдатнасці.


"Воны ж розгоняць гэту махфію!"


Так, сапраўды, нават палітычна цікаўныя  людзі дакладна не ведалі прозвішча сіпатага дэпутата -- змагара з карупцыяй. Ня кажучы ўжо пра людзей цёмных, як мая цётка ў палескай вёсцы.  


Яна, памятаю, казала : "Паўле, а гэтого з колхозу як ёго, Лукашэвіч  ці як?  За ім жэ молодые, Гончар ды другіе розумнікі! Воны ж розгоняць гэту махфію, шчо всэ разокрала", --  амаль дакладная цытата размовы з  маёй цёткай у чэрвені 1994г.  


Я гэта да таго, што цёткі і дзядзькі нават на сяле, ня кажучы ўжо пра горад,  больш ведалі прозвішча Ганчара, чым Лукашэнкі. Я быў  тады ў камунікацыях вельмі блізкі да народу. Лепш за  любога сацыёлага мне быў вядомы  рэальны стан думкі электарату: як  вясковага, так і  гарадскога.  


Як выкладчык БДУ, гарадскі і, адначасова, вясковы хлопец,  я камунікаваў з  усімі пластамі беларускага грамадства. Так што  мая выбарка рэспандэнтаў і субяседнікаў была вельмі шырокай. І яна адлюстроўвала рэальныя  настроі  ўсяго насельніцтва Беларусі. І таму пагрэшнасць маёй выбаркі была блізкая да нуля.  


Ну, вось, напрыклад,  можна  апісаць тую карціну, якую ня толькі я, але й кожны  беларус  бачыў па тэлебачанню і чуў па радыё ледзь не штодня.


Уявіце сабе пасяджэнне  сесіі Вярхоўнага Савета  Беларусі 12-га склікання. Яно транслюецца па тэлебачанню і радыё. Падыходзіць да мікрафона малады, статны дэпутат і кажа:  "Депутат Гончар". Далей можна было б і ня тлумачыць. Але трэба.


А далей гучыць  чэканны і непаўторны голас Ганчара, яго выразныя юрыдычныя фармулёўкі і аргументы... І гэты голас Ганчара  так  гучаў,  што  заварожваў,  пераконваў  ўсіх: ад дэпутатаў  у Авальнай зале да непісьменнай бабулькі ў вёсцы.  Гэта ў палітыцы называецца харызмай.


І вось гэта амаль пяць год гучала  з усіх тэлевізараў  і радыёкропак, што былі тады ў кожнай вясковай хаце і гарадской кватэры!


Галасы Ганчара і Пазняка ў той час ўздзейнічалі на людзей магічна. Бо гэтыя галасы выдзяляліся, і за пяць год літаральна прасвярлілі  вушы беларускаму электарату, уключна  да апошняй бабулі ў глухой беларускай вёсцы!


Палітычнае знішчэнне Зянона Пазняка.


Пазняка, у адрозненне ад Ганчара, напачатку "ліхіх 90-х" кебічаўская  ўрадавая прапаганда паспяхова і паслядоўна палітычна знішчала, змяшваючы яго імя з фашызмам. А ў той час, нагадаю, яшчэ жыло шмат ветэранаў, і ўсе яны актыўна, па-савецку і амаль пагалоўна галасавалі на выбарах.


Памятаю, выпусцілі амаль мільённым тыражом лістоўку з намаляванай карыкатурай на Пазняка.


На адмысловай невялічкай улётцы(палова фармату А-4) намаляваны насаты твар  карыкатуры на Зянона Пазьняка з  бела-чырвона-белаю павязкаю паліцая са свастыкай на руцэ. І гэты твар  дыхаў вогненнымі маланкамі-стрэламі, што сыходзілі з носу, роту і вачэй. І гэтыя вогненныя стрэлы былі скіраваныя ў людзкі натоўп.


Упэўнены: гэтая улётка-страшылка спрацавала вельмі эфектыўна. Так, што многія й дагэтуль яе памятаюць. І   баяцца Зянона, гэткага "фашыста-нацыяналіста". Вось ён, яскравы прыклад контрагітацыі і прафесійнай працы  паліттэхнолагаў!


Прама супрацьлеглым дысанансам да галасоў Ганчара і Пазьняка гучаў голас нейкага сіпатага дэпутата па прозвішчу Лукашэнка.


Сіпаты голас таксама звяртаў на сябе ўвагу. Але да галасоў Ганчара   і Пазняка  сіпаты голас Лукашэнкі яўна не дацягваў. І Ганчара, і лідара апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Пазняка да выбарчай кампаніі 1994г. нашмат болей ведалі, чым сіпатага дэпутата  Лукашэнку.


Але пасля антыкарупцыйнага дакладу  сіпаты голас сталі распазнаваць паўсюль. А з ім і пачалася сапраўдная раскрутка прозвішча яго носьбіта.


Лукашэнка і Зяленскі як прадукты паліттэхналогій.


У 1994-м у Беларусі, каб не казалі, што народу ў якасці будучага прэзідэнта-правадыра падсоўваюць непадрыхтаванага дурачка-калгасніка, у народ запусцілі чутку, што кіраваць краінай насамрэч будуць маладыя і разумныя. Тое ж самае запусцілі ва Украіне, калі казалі пра будучага прэзідэнта-коміка Зяленскага. І нават параўноўвалі яго з самім Рональдам Рэйганам!


І вось такім няхітрым чынам увялі ў зман электарат. У нас дэпутат, а потым і кандыдат у прэзідэнты Лукашэнка паабяцаў галоўнае, што хацелі ад яго пачуць людзі ў 1994-м, а менавіта: усім  вярнуць савецкія ўклады, адабраўшы дзеля гэтага ў наменклатуры катэджы-палацы. Ну і ў дадатак   запусціць заводы і г.д. Прычым пік такіх чутак  прыйшоўся акурат на прэзідэнцкую кампанію 1994г.


У звязку з антыкарупцыйным дакладам Лукашэнкі такія чуткі -- выдатны, вырашальны паліттэхналагічны крок.  Падобнае  назіралася і на нядаўніх  прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне.


Ва Украіне падкантрольныя Расіі і алігархам і апазіцыйныя да прэзідэнта Парашэнкі  тэлеканалы папярэдне, амаль за 2 гады да прэзідэнцкіх выбараў- 2019 пачалі ўсяляк палітычна знішчаць, мачыць дзеючага прэзідэнта. І гэта на фоне вайсковага канфлікту і гібрыднай вайны з пуцінскай Расіяй.


І вось у такі  няхітры спосаб украінскім алігархам, а заадно і расійскай уладнай пуцінскай вярхушцы,  удалося літаральна  змяшаць Парашэнку з "г..ўном" і карупцыяй яшчэ да выбараў.


І лепшы ў гісторыі Украіны прэзідэнт стаў выглядаць у вачах электарата як сквапны злодзей-алігарх, марадзёр і карупцыянер у адным флаконе.


А паралельна са знішчэннем вобраза Парашэнкі на самым папулярным тэлеканале Украіны  паліттэхнолагі раскруцілі альтэрнатыву. Як? Ды вельмі проста: усё падобна да антыкарупцыйнай сагі ў стылі "а-ля Лукашэнка -1994".


У прайм-тайм на самым папулярным тэлеканале Украіны пракруцілі тэлесырыял "Слуга народа". У якім просты настаўнік "з народа" Галабародзька(ён жа актор Зяленскі) стаў народным прэзідэнтам Украіны.


Вось вам і альтэрнатыва! Так Беларусь у 1994-м і Украіна ў 2019-м паказалі: усё геніяльнае даволі простае. І яно працуе! І дакладна ўздзейнічае на электарат ва ўмовах дэмакратыі.

Але каб да такога простага дайсці, патрэбны аналітычны розум. І калі гэты розум ёсць, калі сцэнар будучых выбараў пішуць высокакваліфікаваныя  прафесійныя паліттэхнолагі -- тады і дасягаецца поспех.


Высокакваліфікаваныя паліттэхнолагі вельмі уважліва адсочваюць народныя чаканні і настроі. І падбіраюць пад гэтыя чаканні  адпаведных персанажаў,  будуючы на іх свае пераможныя выбарчыя кампаніі і зарабляючы велізарныя грошы.


Аб розніцы паміж Зяленскім і Лукашэнкам.


Але ж ёсць і істотная розніца паміж абраннем Лукашэнкі ў 1994-м у Беларусі і Зяленскага ў 2019-м ва Украіне. Яна палягае ў падборы персанажаў на прэзідэнцкую пасаду.


Аляксандр Лукашэнка ўзору 1994году --  малаадукаваны палітрук, наскрозь савецкі "нищеброд" і дэмагог( "Я -- нішчый", -- загаловак з выказвання Лукашэнкі аб сабе, газета "Свабода", 1994г.).

І вось у гэтым катастрафічна няўдалым падборы персанажа на прэзідэнцкую пасаду і палягае фатальная памылка Віктара Ганчара і ягонай каманды "маладых ваўкоў".  


А вось Уладзімір Зяленскі на момант свайго абрання прэзідэнтам Украіны   (у адрозненне ад свайго кіношнага вобразу з тэлесерыялу, што выстаўляўся на продаж электарату), быў багатым і паспяховым даляравым мільянерам.


Зяленскі -- даволі адукаваны актор-комік і менэджэр вядомай ва Украіне невялікай медыйнай кампаніі "95 квартал". Ён хоць і рускамоўны, але зараз паўсюль гаворыць па-украінску. Адчуйце, як кажуць, розніцу!


Выснова.

А выснова з вышэйпададзенага такая: на 90%  прэзідэнцтва Лукашэнкі -- гэта "заслуга"( на жаль, у двукоссі) Віктара Ганчара.


Ганчар спачатку, падчас прыняцця Канстытуцыі 1994г. з наяўнасцю абавязкова моцнай пасады Прзідэнта, сам меціў стаць прэзідэнтам( 1993-пачатак 1994гг.). Таму і зрабіў усё магчымае і немагчымае для таго, каб такая пасада ў Канстытуцыі Беларусі абавязкова з'явілася.


Але потым Ганчар адклаў свой намер. Як ён мне казаў, "на цэлую пятилетку". Адклаў таму, што адчуў велізарную персанальную адказнасць за краіну, за сябе і свой асабісты лёс, за  народныя настроі і чаканні...

І ў дадатак да усяго Ганчар адчуваў на сабе выразнае непрыняцце як з боку наменклатуры, так і апазіцыі БНФ.  


І менавіта па гэтай прычыне Ганчар прадаў сваё імя і рэпутацыю сіпатаму дэпутату і дырэктару саўгаса.


Віктар Ганчар тады яшчэ не разумеў, што баларуская мова -- падмурак, фундамент Беларускай дзяржавы і ўсёй беларускай  палітыкі на бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Потым, калі ён гэта зразумеў, было ўжо позна.


Чаму Лукашэнка знішчыў Ганчара?


Аляксандр Лукашэнка у 1999г. знішчыў  таго, каму абавязаны амаль усім -- Віктара Ганчара. Менавіта таму і знішчыў, што Ганчар быў нашмат разумнейшы за яго.


Зараз Лукашэнка панічна баіцца нават  ўзгадваць імя Ганчара. А калі і ўзгадае, дык ад страху публічна ставіць яго гвалтоўнае таемнае выкраданне і забойства  ў адзін шэраг са знікненнямі іншых людзей(уключна з бамжамі).


Дыктатары як асобы псіхапатычнага й дэспатычнага  складу  характару і паводзінаў, як правіла,  знішчаюць тых, каму яны найбольш абавязаныя ў сваім жыцці. Бо ўвесь час страшэнна, паранаідальна іх баяцца.    


І фраза самога Віктара Ганчара, якую ён мне ў 1999-м сказаў і аб якой я ўжо неяк пісаў, яскрава пацвярджае гэта. Але мушу яшчэ раз яе нагадаць. Фраза гэтая з класікі, з аповесці Мікалая Гогаля "Тарас Бульба", і гучыць так: "Я его породил, я его и убью".


Крыху аб тым, хто і што складае астатнія 10%, дзякуючы якім Лукашэнка перамог у 1994-м. На гэта адкажу коратка: ўсе іншыя ўзгаданыя(і не ўзгаданыя) ў  гэтым тэксце персанажы. А таксама фактар вялікага электаральнага незадавальнення імклівасцю пераменаў, якія суправаджаліся рэзкім спадам у эканоміцы і збядненнем людзей.


Такое рэзкае збядненне народа прывяло ў 1994-м да велізарнага незадавальнення народа дзеючай уладай. І спарадзіла у беларускай грамадскай думцы сітуацыю, калі эмоцыі цалкам засланілі розум. Так бывае і ў асобнага чалавека ў выпадках сляпога й неразумнага закахання(так дакладней, бо сапраўдным каханнем разумовую слепату назваць цяжка).


Мне й дагэтуль асабліва балюча за тое, што эмоцыі тады, у 1994-м засланілі розум Віктару Ганчару і Дзмітрыю Булахаву.   Іншых, яшчэ жывых прадстаўнікоў тагачаснай маладой беларускай эліты ўзгадваць не буду -- не хачу іх зноў пакрыўдзіць.


Такім чынам, Віктар Ганчар фактычна  зрабіў Лукашэнку прэзідэнтам.


І штосьці мне падказвае, што ў кашмарных снах, якія перыядычна сняцца Аляксандру Лукашэнку, паўстае вобраз расстралянага "іменем прэзідэнта"  Віктара Ганчара.  


Што не магу дагэтуль дараваць Віктару Ганчару.


Ёсць адна падзея, якую я дагэтуль не магу дараваць Віктару Ганчару. Усё дараваў, а вось гэта -- не!


На старце той прэзідэнцкай кампаніі 1994г., недзе напрыканцы красавіка  ў 1994г. Віктар Ганчар адмыслова выступіў на беларускім радыё. Выступіў ў самай папулярнай радыёпраграме, якую слухалі мільёны -- радыёстанцыі "Беларуская маладзёжная" з яе незабыўнымі дагэтуль стваральнікамі і вядоўцамі Жаннай Літвіной, Віталем Сямашкам...


У сваім выступе Ганчар, як заўсёды, чэканнымі фразамі абгрунтаваў свой выбар на карысць прэзідэнцтва вясковага дэпутата Лукашэнкі. Абгрунтаванне Ганчара аб народных чаканнях было праўдзівым, а вось падбор персанажа для рэалізацыі гэтых чаканняў выклікаў у мяне пачуццё жаху і роспачы.



Дагэтуль памятаю тое шчымлівае пачуцце  трывогі і нейкай безнадзейнасці, якое мяне тады апанавала.


У маіх вушах быццам бы зазвінеў агідны сіпаты голас. А перад вачыма паўстаў фрэнч  з чырвона-зялёным значком народнага дэпутата Беларускай ССР...


Той выступ Ганчара, асабліва ў асяроддзі свядомай беларускай моладзі, меў эфект  выбуху бомбы! Не магу дагэтуль пра гэта забыцца!


Мабыць, то і быў крах усіх маіх мараў, надзеяў і спадзяванняў , якія ўжо ніколі не спраўдзяцца у маім жыцці. Надыходзячы хуткі крах маіх мараў і штурхнуў мяне пайсці ў вялікую палітыку.


Хацелася хоць неяк супрацьстаяць таму ўсеагульнаму ачмурэнню, якое імкліва пакрывала ўсю Беларусь.


Да таго выступу Ганчара я яшчэ верыў, што Беларусь як дзяржава адбудзецца, што яе фундамент -- беларуская мова, на якой я выкладаў ў Беларускім дзяржаўным універсітэце міжнароднае права, запануе паўсюль.


Цяпер я ў гэта ўжо не веру. Бо разумею: пры маім жыцці наўрад ці ўжо паўсюль запануе беларуская мова і заквітнее Беларусь.  


Я не збіраўся ісці ў вялікую палітыку, бо мне вельмі падабалася мая праца ў БДУ, гутаркі з моладзьдзю і сівымі мудрымі прафесарамі... Але ж прыйшлося.  


Памятаю, што да таго выступу Віктара Ганчара па радыё мне здавалася, што хутка  буду прачынацца пад словы і музыку сапраўднага беларускага гімна, што "Магутны Божа" ці "Пагоня"  вось-вось  загучаць замест абрыдлага камуна-савецкага...


Ну а пра тое, што літаральна праз год, у 1995г. Лукашэнка знішчыць і фактычна забароніць дзяржаўныя бела-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" -- аб гэтым нават і падумаць не мог!


Я шмат разоў быў сведкам тыповых размоваў бабулек, жанчын і мужчын сталага веку -- гульцоў у даміно ля пад'ездаў перад выбарамі 1994г. Амаль  ўсе яны балбаталі пра выбары,  пра тое, што за " нашым Лукашэначкам з колхоза ёсць  Ганчар, Булахаў... і другія маладыя і разумныя дэпутаты".


Няўжо пра гэта ня ведалі і ня чулі ў штабах Пазняка ды Шушкевіча? І якім жа неразумным і недалёкім аказаўся тады Віктар Ганчар! Ну як жа можна было зрабіць стаўку на калгаснага палітрука-дэспата, якая аказалася для Віктара цаною ў жыццё!


І крый Божа, каб і Беларусь не заплаціла за яе такую ж цану!



Беларусь чакае расплата за памылку 1994г.


Віктар Ганчар і Дзмітрый Булахаў заплацілі за сваю жахлівую памылку 1994г. ўласным жыццём.


А дзяржава Беларусь пакуль што яшчэ плаціць. Плаціць прагнаму імперскаму суседу з Усходу за халяўныя нафту/газ. Плаціць так званай  доўгай "інтэграцыяй" з Расіяй.  


Або, прасцей кажучы, тым, што рукамі Лукашэнкі іягоных памагатых ва ўгоду імперскай Расіі ўжо амаль дашчэнту знішчаная і працягвае знішчацца беларуская мова --  падмурак, фундамент, на якім  трымаецца Беларуская дзяржава.


У дадатак да мовы Лукашэнка часова забараніў  і нацыянальныя  і дэ-юрэ дзяржаўныя сімвалы беларусаў -- бела-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня". І гэты фактар хоць і меней за мову, але таксама садзейнічае выраджэнню недасфармаванай беларускай нацыі.


Лукашэнка ніяк ня ўцяміць, што людзям, якія машуць на ягоных "святах незалежнасці", на стадыёнах і г.д. чырвона-зялёнымі палотнамі савецкіх часоў(для мяне яны проста анучы), усё роўна, чым махаць. Дай гэтым людзям заўтра ў рукі расійскі трыкалор -- і ім яны таксама будуць махаць.  


Будзем змагацца!


Зараз склалася такая сітуацыя, што Лукашэнку і ягоным памагатым застаецца хіба што падняць рукі ўгору перад інтэграцыйным націскам Крамля.


Ня думаю, што Крэмль даруе Лукашэнку шматмільярдныя укладанні. Наўрад ці ў Крамлі будуць чакаць лукашэнкавай  смерці.  


Таму мне падаецца, што Лукашэнка бліжэйшым часам будзе здаваць Беларусь па кавалках, разлічваючы на літасьць Крамля. Можа, напрыклад, пайсці на увядзенне  расійскага рубля ці на нешта іншае...  


Але й такая "хітрая" і паэтапная здача суверэнітэту Беларусі ўжо не ўратуе  Аляксандра Лукашэнку, ягонае сямейства  і ягоную хеўру . А гісторыя ўжо пасылае праклён!  


Сапраўдныя беларусы, спадзяюся і веру ў гэта, у бліжэйшай гістарычнай перспектыве будуць змагацца. Будуць ваяваць. Мусяць змагацца і ваяваць за Беларусь.


За Беларусь без Лукашэнкі. І, крый Божа, каб у будучым Беларусь зноў не сутыкнулася з падобнага кшталту палітычнымі персанажамі на ўладным Алімпе.


Вільгельм Кубэ: сапраўднае аблічча. 23.05.2018


Атрымаўшы данясенне, што 22 верасня 1943 г. у  г. Менску ў выніку тэракту загінуў кіраўнік грамадзянскай германскай акупацыйнай адміністрацыі Генеральнай акругі Вайсрутэнія(Беларусі) Вільгельм  Кубэ, шэф Гестапа Генрых Гімлер усклікнуў: "Гэта сапраўды шчасце для Германіі!"


Уступ.



Напачатку дазволю  сабе папрок у бок тых маіх апанентаў, хто чыста эмацыйна, без гістарычнай фактуры, залічыў Вільгельма Кубэ і яго паплечнікаў да  "фашыстоўскіх людаедаў".  Напрыклад, шаноўны Аляксандр Фядута й дагэтуль так лічыць. Маўляў, Кубэ лічыў, што "белорусов можно оставить на дессерт"( цытата з артыкула А.Фядуты).


Калі будзе час, дык неяк у асобным артыкуле абвергну ўсе прыведзеныя чыста эмацыйныя аргументы шаноўнага майго апанента Аляксандра Іосіфавіча Фядуты. У тым ліку і спальванне Хатыні з яе жыхарамі, да якога Кубэ не меў ніякага дачынення, не мог  прадухіліць і г.д.


Пакіну за дужкамі пытанне аб тым, героямі ці людаедамі былі Вільгельм Кубэ і ягоныя паплечнікі. Мабыць, усё ж не майму пакаленню яго вырашаць. Маё пакаленне пакуль вольнае, і то  неяк абмежавана, выкладаць факты, сведчанні  і выказваць ўласныя меркаванні.


Проста пакуль зазначу, што й дагэтуль нашымі  героямі лічацца вельмі сумніўныя гістарычныя персанажы.  Напрыклад, сталінскі маршал Георгій Жукаў, на сумленні якога -- сотні тысяч забітых і расстраляных, у  тым ліку абсалютна невінаватых людзей. А ў гонар гэтага сталінскага мясніка нават праспект у г. Мінску названы!

А як на мой погляд, дык Георгій Жукаў разам з мега-тыранам Іосіфам Джугашвілі(Сталіным) павінны быць проста выкрэсленыя з ліку людзей. Напрыклад, за такі загад, які проста не паддаецца рацыянальнаму асэнсаванню хомасапіенса, г.зн. чалавека разумнага: "Бойцы, сдавшиеся в плен, по возвращении подлежат расстрелу. Семьи тех, кто сдался врагу -- разыскать и расстрелять!".

Я разумею і спачуваю усім, хто па розных прычынах, уключна з узроставымі, ужо ня здольны паставіць пад сумнеў свае жалезабетонныя перакананні. Але жадаю ім на схіле гадоў ўсё ж не скаціцца да старэчага маразму.


Тэма адносна Вільгельма Куба дагэтуль вострая, перакручаная, не ўсе яшчэ гатовыя належна ўспрымаць не тое што расповяды ўдзельнікаў тых падзей, але й  бясспрэчныя гістарычныя факты.  


Асобу Вільгельма Кубэ, яго погляды,  яго  дзейнасць на пасадзе Генеральнага камісара Беларусі ў 1941-43гг.,  як і дзейнасць ягоных паплечнікаў, трэба ацэньваць сыходзячы з рэаліяў той вайны. І яе, мусіць, па-сапраўднаму ацэняць ужо нашыя нашчадкі.


Спадзяюся, у будучым даследчыкі гісторыі 2-й сусветнай вайны змогуць пачытаць як гэтыя мае сціплыя тэксты і ацэнкі, якія грунтуюцца на расповядах удзельніка тых падзей  Антона Шукелойца,  так і бесперашкодна  пакорпацца ў  нямецкіх архівах і ў архівах НКВД-КДБ былога СССР. І хоць шмат ужо знішчана і страчана назаўжды, сёе-тое ўсё ж застаецца для вывучэння нашым нашчадкам.


Падзея і яе адлюстраванне ў рускай Вікіпедыі.

 
Пасля  метадычнай, на працягу дзесяцігоддзяў, аднабаковай і скажонай падачы інфармацыі пра таго або іншага гістарычнага персанажа або нейкай падзеі, што з ім звязаная, давесці тое, як сапраўды ўсё адбывалася -- рэч вельмі няпростая. Але дзеля таго, каб гісторыя заставалася навукай, а не літаратурай -- гэта трэба рабіць.

У рускай Вікіпедыі, напрыклад, так перакручваюць факты адносна  беларускага перыяду  ў дзейнасці Вільгельма Кубэ, цытую: "Приход Кубе на эту должность ознаменовался казнью 2278 заключенных Минского гетто. Находясь в должности генерального комиссара, проводил жестокую оккупационную политику, сопровождавшуюся убийствами сотен тысяч мирных жителей."


І, тым не менш, не толькі апелюючы да Антона Шукелойца, але і са спасылкай на рускую Вікіпедыю паспрабую давесці да шаноўнага Аляксандра Фядуты і іншых маіх апанентаў, што менавіта дзейнасць Вільгельма Кубэ і яго паплечнікаў з'явілася вырашальным фактарам ў справе аднаўлення БССР у 1945-м.



Ітак,  што ж у рэальнасці  адбылося з прыездам В.Кубэ ў Менск пасля прызначэння яго на пасаду Генеральнага камісара Беларусі?  Як распавядаў Антон Шукелойц, насамрэч, было так.


Даведаўшыся аб прызначэнні ў Менск Кубэ, Гестапа і мясцовае менскае камандаванне Вермахта паспяшалася дагадзіць Гімлеру і Борману(ён асабліва канфліктаваў з Кубэ). І насалілі Кубэ, расстраляўшы ў гонар яго прыбыцця партыю габрэяў.  Заўважце, што Вікіпедыя выдае дакладную лічбу расстраляных габрэяў -- 2278. Гэта азначае, што  лічба ўзятая з  дакумента, які захаваўся ў нямецкім  архіве.  І  які  найхутчэй за ўсё,  уяўляў сабой  адно з данясенняў  кіраўніцтва менскага аддзелу Гестапа  рэйхсфюрэру Генрыху Гімлеру.  Бо немцы, як вядома,  прытрымліваліся  дакладнасці і парадку ва ўсім.


У менскім Гестапа цудоўна ведалі, што Кубэ спачуваў і як мог абараняў габрэяў. Як бачым, прапагандысцкі прыём, што выкарыстаны ў рускай Вікіпедыі з ўжываннем слова "ознаменовался", проста бліскучы. Вікіпедыя,  як бачым,  адносна самога факту расстрэлу габрэяў  наўпрост не хлусіць, бо  няма ж  згадкі,  што гэта Кубэ даў загад расстраляць габрэяў.   Але ж расстрэл, так бы мовіць,  "ознаменовался"!   І  потым кожны  чытач рускай  Вікіпедыі  ўжо дадумвае,  што менавіта прыезд у Менск  Вільгельма Кубэ гэтаму  расстрэлу, прынамсі,  паспрыяў.  Хаця ў сапраўднасці,  як бачым са сведчанняў  сведкі  тых падзей  Антона Шукелойца,  ўсё выглядала зусім інакш.

 
У Кубэ -- ўдзельніка 1-й сусветнай вайны, дэпутата Бундэстага, журналіста і хрысціянскага кансерватара, якога, дарэчы, выключылі з СС  яшчэ ў 1936г.(а СС быў авангардам НСДАП), было шмат ворагаў як сярод Гестапа, так і сярод кіраўніцтва 3-га Рэйха. Але было і шмат сяброў сярод звычайных афіцэраў Вермахта, немцаў-габрэяў -- франтавікоў 1-й сусветнай і г.д.

Яму як журналісту двух хрысціянскіх выданняў быў абавязаны ўратаваннем ад пераследу за сімуляцыю (ці, нават, дызертырства?) сам Гітлер -- тады яфрэйтар. А Гітлер у гэтым сэнсе быў чалавекам слова(як, зрэшты, і Пуцін).


Антон Шукелойц казаў, што толькі дзякуючы асабіста Гітлеру  Вільгельму Кубэ столькі ўдалося пратрымацца на пасадзе Генеральнага Камісара Беларусі. Ну а шэф Гестапа рэйхсфюрэр Гімлер, як ужо згадвалася, а таксама рэйхсфюрэр Борман пасля забойства Кубэ проста ззялі ад шчасця.

Кажуць, у кожнай падзеі ці працэсе ісціну трэба шукаць недзе пасярэдзіне. Але ж маё перакананне такое: каб не дзейнасць Кубэ, Іваноўскага ды іншых -- аднаўлення БССР пасля вайны  не было б. І замест БССР трэцяй па квоце ад СССР рэспублікай- заснавальніцай ААН на чале з уласна СССР і Украінскай ССР была б, безумоўна, РСФСР.


Калабарацыя як умова выжывання нацыі.


Пытанне супрацоўніцтва(калабарацыі) беларускага насельніцтва з нямецкай акупацыйнай уладай у 1941-1944гг. дагэтуль успрымаецца неадназначна нават у асяроддзі навукоўцаў і даследчыкаў тых падзей. А што да звычайных людзей, дык ім  на працягу дзесяцігоддзяў савецкая камуністычная  улада ўбіла ў галовы прапагандысцкае клішэ, згодна якому калабаранты -- здраднікі, "фашыстоўскія прыхлябацелі" і г.д.


Мая асабістая ацэнка падзеяў 1941-1944гг. на Беларусі -- адназначная: калабарацыя пераважнай большасці беларускага насельніцтва з акупацыйным нямецкім рэжымам -- цалкам натуральная з'ява.


Больш таго, калабарацыя з немцамі ў тых, падкрэсліваю,  варунках была проста неабходнай для выжывання Беларусі і беларускай нацыі.


Нагадаю, што значная частка насельніцтва Беларусі, асабліва ў заходніх, далучаных да Беларусі  ў 1939-м годзе абласцях, чакала прыходу немцаў і Гітлера як сваіх збавіцеляў. Зусім нядаўна перажыты беларускім  насельніцтвам жах раскулачвання, які суправаджаўся  арыштамі, а таксама вывазам  па начах  людзей у нквдэшных варанках  ў турмы і на растрэл -- усё гэта штодня стаяла перад вачыма амаль кожнай беларускай сям'і.  


Камуна-савецкая прапаганда ўтойвала факты, што амаль паўсюль у гарадах і сёлах Беларусі немцаў сустракалі з хлебам-соллю. А так сапраўды было.  І мне, цікаўнаму юнаку, ў брэжнеўска-гарбачоўскія гады майго жыцця ў СССР-БССР аб гэтым распавядалі многія людзі. Пад цвёрды абяцанак -- нікому аб гэтым не казаць!


Падчас такіх шчырых расповядаў тым сваім старым суразмоўцам, якія жылі і ў панскай Польшчы(да верасня 1939-га), і пры Саветах(1939-41гг.), і пры немцах(1941-44гг.), і зноў жа пры Саветах(з 1944-га)  я заўсёды задаваў адно і тое ж пытанне: пры кім ім жылося лепей?


Адказ ва ўсіх быў аднолькавы: пры Польшчы -- найлепей, потым -- пры немцах, і найгорш -- пры Саветах. Яшчэ раз падкрэсліваю: я ўсім сваім суразмоўцам абяцаў, што нідзе і нікому пра гэтыя нашыя размовы не скажу.


Цяпер вось  усё ж  распавядаю.  Бо  не хачу,  каб іх шчырыя расповяды  аб тых часах адыйшлі са мной разам у магілу.  І да таго ж я ўжо ведаю,  што  мае суразмоўцы  і  іх шматпакутныя  душы  ўжо ў  лепшым свеце.


Не трэба тлумачыць,  што амаль генетычны страх сталінскіх часоў моцна ахутаў целы і душы амаль ўсіх савецкіх людзей. Таму тыя перакручаныя факты і байкі, што распавядалі ў савецкія часы адносна нямецкіх акупантаў родныя і блізкія шаноўнага Аляксандра Іосіфавіча Фядуты людзі, мне цалкам зразумелыя.


Але вернемся да тэмы. Калі б на месцы Кубэ апынуўся нехта іншы, індыферэнтны да нацыянальнага беларускага пытання -- пра існаванне сённяшняй Рэспублікі Беларусь можна было б забыцца.  Панцеляймон Панамарэнка ўзначаліў бы не БССР, а  мінскі(як варыянты: заходні або, нават, беларускі, але ў складзе РСФСР) абкам ВКП(б)-КПСС.  


А  асабліва пацярпелая ад нацызму Польшча, на якой месціліся найбуйнейшыя нацыстскія канцэнтрацыйныя лагеры і лагеры смерці, атрымала б не толькі Беластоцкую вобласць, а й ўсе беларускія  тэрыторыі, што мела да 1939-года.


Парадокс: тая  ж  Вікіпедыя пацвярджае мае высновы.


Каб не дзейнасць Вільгельма Кубэ і яго паплечнікаў, такі    сцэнар магчымага развіцця гістарычных падзей стаў бы рэальнасцю. І гэта фактычна пацвярджае руская Вікіпедыя, цытую:


"Единственной сферой, в которой В. Кубе чувствовал себя полновластным хозяином, была политика. И его задачей как руководителя, болезненно чувствовавшего своё ущербное положение, было ДОСТИЖЕНИЕ ПОЛИТИЧЕСКИМИ МЕТОДАМИ того, чего не в состоянии достигнуть его соперники методами военно-полицейскими — «умиротворения» территории. Здесь же был только один путь — коль нельзя обеспечить людям сносный уровень жизни в условиях затягивающейся войны, нужно, как минимум,ИДТИ НАВСТРЕЧУ ИХ ОРГАНИЗАЦИОННЫМ И КУЛЬТУРНЫМ ПРИТЯЗАНИЯМ, с одной стороны не носящим прокоммунистический характер, а с другой АЛЬТЕРНАТИВНЫМ ОПАСНОМУ  ПОЛЬСКОМУ ВЛИЯНИЮ.
Идя по этому пути, В. Кубе использовал СЛАБЫЙ БЕЛОРУССКИЙ НАЦИОНАЛИЗМ (ни в коей мере не сопоставимый по своему влиянию, например, с национализмом украинским), и сделал ВСЁ  ДЛЯ ЕГО ОРГАНИЗАЦИОННОГО, КОЛИЧЕСТВЕННОГО И ИДЕЙНОГО РОСТА.  


Как администратор он не мог стать на прагматичный путь, которым пошёл в сфере политики вермахт, т. е. путь индифферентного отношения к национальному вопросу, ибо неизбежно вставал другой вопрос — о смысле существования «пограничного», «НЕПОЛНОЦЕННОГО» округа, коли на его территории не требуются особые политические решения и особые подходы.  

Желающих же разделить округ было предостаточно.  И гауляйтер сделал ВСЁ ОТ НЕГО ЗАВИСЯЩЕЕ, чтобы спасти гражданскую администрацию в Белоруссии".

І яшчэ літаральна фраза з рускай Вікіпедыі :  "Отнюдь не в его(г.зн. Кубэ - П.Зн.)  интересах было культивировать широко расхожее в руководящих кругах Германии (дадам, і ў сталінскім атачэнні таксама -- П.Зн.) мнение о том, что белорусы не являются самостоятельной нацией."

Да вышэйпададзеных цытатаў з рускай Вікіпедыі(з невялічкім маім дадаткам  у дужках адносна думак у сталінскім атачэнні наконт беларускай нацыі) мне  дадаць няма чаго. Таму ўсялякія каметары тут, як кажуць, будуць выглядаць  залішнімі.



Пераасэнсаваць мінулае, успрыняць факты, пазбавіцца ад штампаў.


Як вядома, тэрмін "Вялікая Айчынная вайна" -- чыста ідэалагічны штамп камуна-савецкіх часоў, ад якога раз і назаўжды, дзеля гісторыі як навукі, трэба пазбавіцца.


Але пакуль выглядае на тое, што ў Беларусі і ў Расіі па прычыне ўсталявання аўтарытарных палітычных рэжымаў гэты працэс пазбаўлення ад ідэалагічных штампаў адносна гістарычнага мінулага зойме яшчэ нейкі няпэўны час. Таму ня мае сэнсу зараз здзіўляцца таму факту, што бальшыня насельніцтва Беларусі і Расіі нават не ўсведамляе, калі ж пачалася і калі скончылася Другая сусветная вайна.  


22 чэрвеня 1941г.-- маштабны працяг другой сусветнай вайны, якую распачалі сталінскі СССР і гітлераўская Германія на два гады раней.


22 чэрвеня 1941г. -- працяг жорсткай і бязлітаснай савецка-нацыстскай вайны. Ці, інакш кажучы,  савецка-германскага гітлераўска-сталінскага вайсковага супроцьстаяння двух таталітарных дыктатураў у іх змаганні за сусветнае панаванне.


З гэтай нагоды ўжо даўно прыспеў час пераасэнсаваць нашае мінулае аб'ектыўна, на фактах, з беларускіх пазіцыяў. І без ідэалагічнай камуна-савецкай ці расійска-імперскай шавіністычнай афарбоўкі.


У гэтым сэнсе гістарычная постаць Вільгельма Кубэ вельмі неадназначная.  Паспрабую выкласці тое, што мне вядома  найперш са сведчанняў Антона Шукелойца.


Усё ніжэйпададзенае заснавана на фактах і сведчаннях, а не на ідэалагічных клішэ ці савецка-камуністычнай прапагандзе.


В.Кубэ: некаторыя штрыхі да палітычнага партрэта.


-Калі па сукупнасці, абсалютна непрадузята паспрабаваць з чыста беларускага пункту гледжання ацаніць усё тое, што Вільгельм Кубэ зрабіў для Беларусі і для самасцвярджэння беларускай нацыі, якую ён лічыў, як і нямецкую, сапраўднай арыйскай,


-калі ўзяць пад увагу тое, што ён мусіў дзейнічаць пад кіраўніцтвам беснаватага свайго начальніка(А.Гітлера) ў надзвычай цяжкіх і жорсткіх умовах ваеннага супрацьстаяння двух антычалавечых таталітарных рэжымаў -- уласна свайго гітлераўскага і чужога сталінскага,


-калі ўлічыць яго ўнёсак у сцвярджэнне і замацаванне беларускай мовы, культуры, гістарычных нацыянальных сімвалаў Беларусі-- бела-чырвона-белага сцяга і герба "Пагоня" --


дык Вільгельма Кубэ, прынамсі, аніяк нельга лічыць "палачом беларускага народа", як сцвярджае камуна-савецкая прапаганда. І як працягваюць, увы, лічыць некаторыя з маіх апанентаў.


А  што да геройства або негеройства адносна да таго або іншага гістарычнага персанажа, які меў дачыненне да Беларусі, дык пакуль што проста адзначу такі факт.

На сёння ў нас у героях Беларусі, напрыклад, ходзіць Пётр Пракаповіч -- экс-кіраўнік Нацыянальнага Банка Беларусі. Пры ім інфляцыя сягала двухзначных лічбаў, суправаджалася раптоўнай абвальнай дэвальвацыяй нацыянальнай валюты. А ўдзячныя яму за гэта беларусы з самага світанку займалі чэргі ля абменных пунктаў валюты, часам прышпільваючы, каб можна было сядзець, а не стаяць,  "ня вельмі мяккія табурэткі да свайго мяккага месца".


З майго ўласнага пункту гледжання бясспрэчна адно: бадай, ніхто ні з папярэдніх, ні з наступных кіраўнікоў Беларусі не зрабіў болей у справе сцвярджэння беларускай нацыі, чым Вільгельм Кубэ. А гэта азначае,  што і для сцвярджэння Беларускай дзяржавы таксама(на час вайны на нямецкі капыл -- Генеральнага Камісарыяту Вайсрутэнія).


І ўсё гэта было зроблена  ў НАДЗВЫЧАЙНЫХ, падкрэсліваю, умовах самай жорсткай вайны ў гісторыі чалавецтва.


Якой бы сталася Беларусь ў выпадку перамогі Трэцяга Рэйха? Ці ўдалося б Беларусь(а таксама ў дадатак абавязкова і Польшчу, бо яна бліжэй да Германіі) анямечыць да такой ступені, як удалося русіфікаваць яе імперскай Расіі і бальшавікам -- пытанне рытарычнае.


Гэта пытанне ўмоўнага ладу гісторыі, таму дакладнага адказу на яго быць не можа.



Вільгельм Кубэ даволі жорстка супрацьстаяў у сваёй дзейнасці вайсковай эліце Германіі, ў прыватнасці,  Гестапа. І трагічна загінуў у выніку тэрарыстычнага акту ці, дакладней кажучы, спецаперацыі.


А колькі дзесяткаў тысяч жыццяў габрэяў было захавана дзякуючы яго цвёрдай, адрознай ад Гітлера ды іншых кіраўнікоў Рэйха пазіцыі па габрэйскаму пытанню! Але аб гэтым -- у наступнай частцы.


Усё вышэйпералічанае -- штрыхі да палітычнага партрэта  кіраўніка акупацыйнай  нямецкай грамадзянскай адміністрацыі, Генеральнага камісара Беларусі(Вайсрутэніі) часоў Трэцяга Рэйху  Вільгельма Рыхарда Пауля  Кубэ.


Працяг будзе.


чытаць іншыя навіны