АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Харчовыя войны Курапаты Выбары прэзідэнта Украіны Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Выжыць любой цаной!


Напачатку мае нататкі пра святкаванне Дня Волі-2019  мелі такі назоў: "Пра свята ў загоне, беларускую мову і самазванца ў "Драздах". Але перад змяшчэннем у блог загаловак змяніўся на той, што вы бачыце. Бо пакуль застаюся "безнадзейным" аптымістам!


Сто першыя ўгодкі галоўнага свята беларускага народа -- Дня абвяшчэння Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі  прайшлі сёлета ў Мінску не на цэнтральнай плошчы і праспекце. Не на стадыёне "Дынама" і нават не на паркавай пляцоўцы ля Опернага тэатра. А на агароджанай  перыферыйнай прасторы беларускай сталіцы -- у Кіеўскім скверы.


Пра нахабства самазванца і галоўнае беларускае свята.


Як па мне, дык лепей у загоне святкаваць, чым зусім не святкаваць і як бы не заўважаць гэтае найвялікшае нацыянальнае  свята беларускага народа. Яго па-ранейшаму не заўважае  жыхар агромністай і  адгароджанай ад народа  высокім плотам з калючым дротам  тэрыторыі па той бок Свіслачы пад назовам "Дразды".


Прозвішча гэтага недарэкі і, як слушна  адзначыў у сваім выступе на мітынгу пад час святкавання ў Кіеўскім  скверы Зміцер Дашкевіч, самазванца, не сыходзіць з інфармацыйнай прасторы Беларусі(і не толькі) ўжо чвэрць стагоддзя. Не буду і я яго ўзгадваць. Бо некаторыя яго ўсё яшчэ любяць.


Але большасць ,  у чым я перакананы,  яго ўжо  ненавідзіць.  Ненавідзіць і баіцца.  Жахлівы факт:  23 сакавіка 2019г.  больш паловы  жыхароў  Мінску ў раёне Камароўкі проста баялася ўзяць бясплатна(!) ў рукі газету  "Народная воля" з паведамленнем пра свята  на Дзень Волі.


Заўважу,  што раздаваліся не надакучлівыя рэкламныя буклеты, а паўнавартасная 8-старонкавая газета.


Наш самазванец за чвэрць стагоддзя аднаасобнага кіравання і панавання давёў Беларусь да краю бездані. Той бездані, за якой ужо смерць краіны, у якой ён усё яшчэ па недарэчнасці ўладарыць. Але ж там, у бездані, і яго ўласная смерць! І смерць  усяго ягонага сямейства і бліжэйшага атачэння.


Нахабства нашага самазванца ня мае межаў.  Ён ужо нават грошы  бярэ з беларусаў за іх неад'емнае канстытуцыйнае права святкаваць галоўнае свята нашай, і па нейкай недарэчнасці, і яго, самазванца, краіны -- Беларусі.


Самазванец як старшыня калгаса.


Для нашага самазванца Беларусь -- не краіна.  Беларусь для яго проста  кавалак зямлі. Ну, як  надзел у калгасе, соткі.


Наш самазванец -- не Прэзідэнт краіны, а старшыня калгаса "Советская Белоруссия", якога ніхто не выбіраў. І якога кожныя пяць год усё яшчэ прызначаюць з самага верху -- з Масквы. А нас, беларусаў, ён трымае ў сваім калгасе за дурняў-калгаснікаў.


Але чуе маё сэрца, што аднойчы яго ў Крамлі не прызначаць. І адправяць у адстаўку. У нябыт. У магілу.


А вось што станецца з калгасам "Советская Белоруссия", у які ён пераўтварыў нашую краіну -- Рэспубліку Беларусь?


У мяне няма пэўнага адказу на гэтае пытанне. Бо існуе шмат чыннікаў, унутраных і знешніх, часам супярэчлівых і супрацьлеглых, ад якіх і залежыць увесь наш далейшы лёс.


Са знешніх чыннікаў на далейшы лёс Беларусі значна паўплываюць вынікі прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у нашаў найбліжэйшай, сапраўды братняй краіне -- Украіне. Бо Украіна сёння вядзе вайну з імперскай Расіяй не толькі за сваю, але й за нашу незалежнасць.


Сённяшняя вайна паміж Украінай і Расіяй павінна калі-небудзь скончыцца перамогай аднаго з бакоў. Мяркую, што пераможа ўрэшце рэшт Украіна. І верне ў свой склад акупаваныя тэрыторыі Крыму і Данбасу. Бо за Украінай стаіць увесь цывілізаваны свет на чале са Злучанымі Штатамі Амерыкі.


Але будучая перамога Украіны не бачыцца мне такой хуткай, нават у гістарычным кантэксце. Бо вораг ва Украіны надзвычай моцны і каварны -- імперская Расія.


Аб паўнавартаснай палітычнай нацыі.


Кожнаму беларусу трэба ведаць, што лёс яго краіны, як і ягоны асабісты лёс, залежыць не толькі ад начальства зверху, але і ад яго самога. Ад таго, наколькі хутка ён загаворыць на сваёй роднай беларускай мове. Ад таго, наколькі хутка ён канчаткова адрыне камуна-савецкія лукашысцкія  чырвона-зялёныя сімвалы калгаса "Советская Белоруссия".



Сёння кожнаму грамадзяніну Беларусі трэба усвядоміць, што менавіта мова і нацыянальныя сімвалы і ёсць той падмурак самаідэнтыфікацыі беларусаў як нацыі. Нацыі, якая па розных  гістарычных прычынах  яшчэ   не  паспела  сфармавацца  ў паўнавартасную палітычную нацыю.



Беларуская мова, бела-чырвона-белы нацыянальны, гістарычны і дзяржаўны сцяг, нацыянальна-гістарычны і дзяржаўны герб "Пагоня", нацыянальны і дзяржаўны гімн "Магутны Божа" -- гэта  той  фундамент, на якім сцвердзілася і на якім мусіць утрымацца незалежнасць нашай дзяржавы -- Рэспублікі Беларусь.


Гэтага ніколі ўжо, мусіць, не зразумее  наш самазванец у  "Драздах". Бо яго старэчыя камунізаваныя і  ўсё больш  маразматычныя мазгі  ўжо ня здольныя  ўспрымаць аб'ектыўныя палітычныя і гістарычныя заканамернасці.


І таму ён мусіць як мага хутчэй сыйсці.  У адстаўку. У нябыт. У магілу.


Мы, беларусы, якія хочуць і прагнуць  жыць у незалежнай краіне -- Рэспубліцы Беларусь, павінны, нарэшце, усвядоміць сябе ў якасці паўнавартаснай палітычнай нацыі.


Выжыць любой цаной!


Без сапраўднага адраджэння і панавання паўсюль беларускай мовы як адзіна дзяржаўнай,  без дзяржаўнага статуса нацыянальных гістарычных сімвалаў і нацыянальнага гімна Беларусь як дзяржава і беларусы як нацыя проста знікнуць. Як знікалі і ўжо назаўжды зніклі многія дзяржавы і нацыі, не вытрымаўшы гістарычных выпрабаванняў.


Беларусы павінны выжыць! Самазванец у "Драздах" увесь час прагнуў шапкі Манамаха ў маскоўскім Крамлі. І дзеля гэтай сваёй блакітнай мары знішчаў усё беларускае ў Беларусі. На шчасце, ягоная мара пакуль так і засталася марай.



Але з-за чвэрцьвекавога панавання калгаснага самазванца становішча Беларусі сёння незайздроснае. Існуе пагроза гістарычнага злачынства -- калі беларусы асімілююца на абшарах усходняй імперыі.


Таму беларусы павінны захавацца і сфамавацца як паўнавартасная палітычная нацыя! Нам  ўсёй папярэдняй гістарыяй наканавана выжыць!


Мы, беларусы, проста абавязаны выжыць у сённяшніх  умовах уціску з імперскага Усходу і жахлівага лукашысцкага моўна-культурнага заняпаду!


Выжыць насуперак усяму. Выжыць любой цаной!


25.03.19 14:00

Павел Знавец