АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Гісторыя як міф і як навука. Ч.2-я (заканчэнне).



У новым летазлічэнні( нашай эры)  чалавецтва пражыло, як мяркуюць большасць вучоных, амаль 2018 гадоў. Мы жывем у век электронных інфармацыйных тэхналогій, Інтэрнэта.  Але  рэлігія і ўсё што з ёй звязана,  уключна з рэлігійным цемрашальствам,  не здаюцца.


Рэлігія па-ранейшаму змагаецца з Навукай, асабліва з яе гуманітарным сектарам, да якога адносіцца Гісторыя.  Маецца на ўвазе Гісторыя як сапраўдны, г.зн. непадроблены пазней жыўшымі людзьмі збор звестак, фактаў і артэфактаў аб мінулым чалавецтва,  яго асобных груп і індывідаў, якія складалі народы, нацыі і дзяржавы.


Рэлігія як частка палітыкі.


Рэлігія застаецца  ўплывовай часткай вялікай палітыкі. Усе рэлігіі і рэлігійныя плыні сёння імкнуцца зачапіцца  за палітыку. І не адступаюць далёка як ад дзяржавы, так і ад чалавека.  Рэлігія, усе яе плыні, нягледзячы на дасягненні цывілізацыі, ўсё яшчэ імкнуцца  ўздзейнічаць на  разумовае развіццё чалавека, кантраляваць  яго жыццядзейнасць, уключаючы сямейна-шлюбныя і нават сэксуальныя адносіны паміж людзьмі.


У такі спосаб  так званыя "рэлігійныя каштоўнасці" ( хрысціянскія, мусульманскія і г.д.) у значнай ступені сёння ўсё яшчэ падмяняюць сабой  каштоўнасці агульначалавечыя.  З пункту гледжання гісторыі як навукі нельга ставіць знак роўнасці паміж агульначалавечымі каштоўнасцямі і "рэлігійнымі".  Ці, як іх яшчэ называюць, "духоўнымі каштоўнасцямі".  Бяру гэты тэрмін у двукоссе, бо з пункту гледжання навукі  гэткае  спалучэнне  слоў ёсць суцэльнае цемрашальства.


Аснову агульначалавечых каштоўнасцяў складаюць свабода і прагрэс у развіцці чалавека і чалавецтва. У аснове рэлігійных(духоўных) "каштоўнасцяў" заўсёды было цемрашальства ў спалучэнні з гвалтам.  Чалавек і ўсе людзі ў сістэме рэлігійных "каштоўнасцяў" -- гэта  рабы, паства і г.д.,   прычым не толькі "рабы божыя",  але  і, адпаведна, рабы канкрэтнай ўлады і яе носьбіта-правадыра, які,  у сваю чаргу, вядома ж, ад бога.

У гэтай сувязі з пункту гледжання гісторыі як навукі сённяшні канфлікт і чарговы раскол у асяроддзі адной з рэлігійных  артадаксальных хрысціянскіх плыняў -- праваслаўі ёсць зусім дробная гістарычная падзея. Прынамсі, не болей за тую падзею, што адбылася ў 1943-м годзе, калі ў СССР  Сталін і Берыя з ваенна-стратэгічных меркаванняў аднавілі дзейнасць РПЦ і яе кіроўнага органа -- Свяшчэннага сінода.

Таму з пункту гледжання гісторы як навукі сённшняя РПЦ на чале з яе кіраўніком(патрыярхам)  сп.Кірылам(Гундзяевым) ёсць не што іншае, як рэлігійная дзяржаўная структура. Ці, інакш кажучы -- ідэалагічны аддзел Адміністрацыі прэзідэнта Расіі.  А сённяшняя беларуская праваслаўная царква з'яўляецца, адпаведна, яшчэ больш  дробным рэгіяналльным аддзелам  РПЦ.

З развіццём чалавечага прагрэсу рэлігія ўсё менш і менш уплывае на жыццё чалавека, грамадства і дзяржавы. Але, тым не менш, чалавецтва ўсё яшчэ можа загінуць, калі не паставіць моцны прававы міждзяржаўны, міжнародны заслон на шляху распаўсюду рэлігіі(любой) і рэлігійнага цемрашальства.


У выніку далейшага развіцця чалавечай цывілізацыі  ў гістарычнай навуцы, як і ў цэлым шэрагу медычных навук(фізіялогіі, псіхалогіі, псіхіятрыі і г.д.)  рэлігію будуць вывучаць як своеасаблівы, так бы мовіць,  псіхафізічны фактар разумовага развіцця чалавека, яго мазгавой дзейнасці на тым ці іншым гістарычным этапе. Гэты працэс ужо ідзе.  



Мой студэнцкі настаўнік гісторыі.


Мой студэнцкі выкладчык і навуковы кіраўнік дыпломнай працы -- прафесар тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ Язэп Юхо(ужо нябожчык) у  плане разумення гісторыі быў  неардынарнай асобай. Чалавекам-вучоным з вялікай літары.


На біблійныя казкі пра чалавека-бога Ісуса Хрыста   прафесар Юхо ветліва ўсміхаўся.  І раіў пачытаць Льва Талстога, яго "Исповедь" і ліст-адказ так званаму "свяшчэннаму сіноду РПЦ".


Прафесар Юхо вывучаў арыгіналы і копіі тэкстаў Статутаў Вялікага княства Літоўскага, розных прывілеяў і грамат вялікіх князёў Літоўскіх, іхнія знакі і гербы на пячатках, манетах і г.д. А таксама шукаў звесткі пра насельнікаў сённяшняй Беларусі часоў дахрыстовых.


Язэп Юхо сцвярджаў, што на тэрыторыі сённяшняй Беларусі існавалі да нашай эры дзяржавы, а не дзікія плямёны людзей. І спасылаўся на старажытнагрэцкага вучонага Герадота, які пісаў, што тут жылі нарцы(ад іх паходзіць слова "народ") і неўры. Нарцы і неўры мелі свае дзяржавы з не менш развітай гаспадаркай, чым у саміх старажытных грэкаў.


А нас і дагэтуль пераконваюць, што тут, на тэрыторыі сучаснай Беларусі, спрэс былі непраходныя лясы ды балоты. А калі й нехта тут жыў -- дык гэта людзі-дзікуны, якія не маглі мець свае дзяржавы. І да якіх потым, недзе аж ў дзевятым-дзесятым стагоддзі нашай эры сталі "наведвацца ў няпрошаныя госці" качавыя плямёны  з Усходу...


І толькі тады, недзе ў 10-м стагоддзі, маўляў, нашыя дагэтуль "дзікія" продкі раптам пачалі арганізацыйна афармляцца і ствараць дзяржавы: Полацкую, Тураўскую, Пінскую і г.д. І  потым паступова праз амаль дзве сотні гадоў прыйшлі да аб'яднанання ў Вялікае княства Літоўскае, далучыўшы да яго значную частку суседніх земляў на працягу ад Балтыйскага да Чорнага мора.


Прафесар Юхо толькі пасміхаўся, калі чуў ад студэнта такое афіцыйнае тлумачэнне нашай гісторыі ды "раптоўнага" стварэння Вялікага княства Літоўскага аж ў 13-м стагоддзі нашай эры. І тлумачыў, што раптам нічога не нараджаецца і не ўзнікае.


Прафесар Юхо казаў, што расійска-савецкая гістарычная канцэпцыя аб тым, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі да 10-га стагоддзя пражывалі "дзікія " і  "паўдзікія" плямёны  людзей сярод непраходных лясоў і балотаў -- гістарычны міф, які нічым не пацверджаны.


Грандыёзны міф пра "Кулікоўскую бітву".


Калі б, напрыклад, была грандыёзная Кулікоўская бітва -- дык хоць нешта б знайшлі на месцы падзеі. Але ж нават месца той "эпахальнай" сярэднявечнай бітвы  не знайшлі. Тым не менш, паводле савецкай гісторыі, "Кулікоўская бітва" адбылася у 1380 годзе, г.зн. напрыканцы 14-га стагоддзя.


І насамрэч, сапраўды была недзе збоку(дакладнае месца дагэтуль невядома) невялікая збройная разборка ў межах Залатой Арды паміж залатаардынскім военачальнікам -- ханскім фаварытам Мамаем і яшчэ адным чыноўнікам хана па імені Дзмітрый, які меў ярлык на княжанне ва ўлусе(княстве) Маскоўскім.  У Расіі і СССР Дзмітрыю  далі  мянушку "Донской".


А пра што згадваецца наконт так званай "Кулікоўскай бітвы"( на жаль, коратка, мабыць з-за нязначнасці падзеі)  ў заходнееўрапейскіх гістарычных крыніцах і летапісах, якія адносяцца да таго часу?


У іх  згадваецца пра збройны міжусобны канфлікт у Тартарыі(заходнееўрапейскі варыянт назвы  Залатой Арды). Пра так званае "Мамаева пабоішча",  якое скончылася тым, што суседскія вайсковыя дружыны з Вялікага княства Літоўскага скарысталіся гэтым. І на заключным этапе збройнай  міжусобнай "кулікоўскай" залатаардынскай сваркі ўмяшаліся ў канфлікт.


І ўзялі нашыя продкі літвіны ў палон шмат воінаў і жанчын з абодвух варагуючых бакоў.  Ды прыдбалі яшчэ сабе ўсялякага іншага скарбу з Тартарыі(Залатой Арды).


А потым, прыкладна праз два гады(1382г.) хан Залатой Арды  Тахтамышчым прыйшоў да высновы, што вінаваты ва ўсім маскоўскі князь Дзмітрый. І  пайшоў  Тахтамыш з войскам на Маскву, каб ўчыніць пакаранне Дзмітрыю.  А Дзмітрый загадзя адправіўся ў Каломну каб сабраць войска і абараніць Маскву.

Тым часам хан Тахтамыш  са сваім войскам увайшоў у Маскву, разрабаваў горад, перабіў ці забраў у палон амаль усіх яго жыхароў. А потым яшчэ і спаліў  горад Маскву амаль да тла -- у знак пакарання  маскоўскага князя-свавольніка Дзмітрыя.


Спаленнем Масквы хан Тахтамыш фактычна адклікаў, ануляваў ярлык на княжэнне  свайго стаўленніка Дзмітрыя ў Маскоўскім улусе Залатой Арды.  І на сваім зваротным шляху ў сталіцу Залатой Арды хан Тахтамыш таксама разрабаваў і іншыя гарады, князі якіх прыхільна ставіліся да Дзмітрыя.

Усім, хто нарадзіўся і жыў у Савецкім Саюзе, замест гісторыі ў школах і ВНУ выкладалі савецкія ды расійскія казкі і байкі. Але пра спальванне Масквы, якое ўчыніў  хан Залатой Арды  Тахтамыш неўзабаве пасля "славутай Кулікоўскай бітвы", савецкія школьныя падручнікі па гісторыі ўсё ж узгадалі. Адным ці двума сказамі. Чым і выклікалі ў мяне, тады школьніка і цікаўнага падлетка, незабыўнае й дагэтуль нейкае ашаламляльнае і збянтэжанае ўражанне.      


А вось пра праваслаўна-хрысціянскага "святога"  Сергія Раданежскага ў савецкіх  школьных падручніках ня згадвалася. Яго прыплялі да "Кулікоўскай бітвы" ўжо падчас перабудовы, пры Гарбачове.


Менавіта ў гарбачоўскую перабудову рэлігія, асабліва яе праваслаўна-хрысціянская плынь, а разам з ёй і праваслаўныя папы, зноў апынуліся ў фаворы.


А да 1985-га года пра "сьвятога прэпадобнага" Сергія Раданежскага, які, быццам бы, "малітвай блаславіў войска рускае маскоўскага князя Дзмітрыя на барацьбу з мангола-татарамі", амаль ніхто нават і ня чуў. Зразумела, што і ў падручніках па гісторыі пра гэтага "сьвятога" і "чароўнага" рускага папа таксама ня згадвалася.


Запавет ад прафесара Язэпа Юхо.



На маю думку, сур'ёзным сучасным гісторыкам варта браць прыклад з прафесара Язэпа Юхо. Ён быў выбітным чалавекам, франтавіком, камандзірам артылерыйскай батарэі падчас другой Сусветнай вайны, меў  фенаменальную памяць і здольнасці даследчыка гістарычных першакрыніц і артэфактаў.


І як юрыст, як гісторык і даследчык старажытнага права і права эпохі Сярэднявечча, прафесар Белдзяржуніверсітэта і мой настаўнік Язэп Юхо казаў, што нельга быць катэгарычным ні ў чым.


І, асабліва, ў тым, чаго мы і навука дакладна не ведаем.


На гэтым , бадай, можна паставіць кропку ў разважаннях наконт таго, што ўяўляе сабой сённяшняя гісторыя.  У мяне  асабіста няма сумневу ў тым, што з развіццём чалавечай цывілізацыі гісторыя ўсё болей будзе набліжацца да дакладнай навукі.  Гэтаму спрыяе развіцце інфармацыйных тэхналогій, дзякуючы якім стане магчымым амаль бясконца захоўваць  не толькі пісьмовую, але і гукавую і відэаінфармацыю.


17.10.18 13:32

Павел Знавец