АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Свята суседзяў

У пятніцу ўвечары ў Францыі адзначалі Свята суседзяў (святкуецца ў апошнюю пятніцу траўня ці першую пятніцу чэрвеня). Каля ліфту ў нашым пад’ездзе павесілі абвестку з запрашэннем прыносіць посуд, ежу, пітво і музычныя інструменты, а таксама прыходзіць самім у дом культуры “Старажытная капліца”, акурат побач са шматпавярховікам.

Абвестка каля ліфта

Калі дом без ліфта, а гэта значыць, паверхаў гэтак пяць і там маецца ўнутраны дворык ці тэраса, то суседзям не патрэбна ніякіх дамоў культуры для арганізацыі такога сабе святочнага пікнічка, і можна да глыбокай ночы знаёміцца, а сусед, які іграе на кларнеце і трубе, можа даць усім жыхарам дома невялічкі канцэрцік, каб ацанілі, навошта ён рэпетуе; а сусед-кітаец з шостага паверху можа пачаставаць усіх сужыхароў тым, на пах чаго яны пастаянна скардзяцца, і высветліць, што смакуе гэтае нешта нашмат лепей, чым пахне, а з белым віном - дык і наогул нішто сабе пачастунак. Калі жыццё Métro, boulot, dodo, як кажуць французы, то з суседзямі сутыкаешся хіба ў ліфце ці на сходах, бонжуркнеш яму/ёй, і пабяжыш па сваіх справах.

Свята суседзяў (La fête des voisins) упершыню адбылося ў 1999 г. у 17-й акрузе Парыжа і паступова распаўсюдзілася на больш за тысячу муніцыпалітэтаў па ўсёй Францыі, і нават па-за яе межы, удзел у святкаванні летась узяла больш за дзесяць мільёнаў чалавек у больш чым трыццаці краінах Еўропы, і гэтае свята перарасло ў Еўрапейскі дзень суседзяў.

Але самыя блізкія стасункі між суседзямі, якія мне даводзілася назіраць, былі ў Фінляндыі. Там у многіх пад’ездах на апошнім паверсе - саўна. Калі ў доме два пад’езды, то ў адным з іх саўна жаночая, а ў другім - мужчынская, і па вечарох суседзі ідуць у саўну і прадстаюць адно перад адным у тым выглядзе, у якім звычайна ў саўну і ходзяць. У мужчынскай я не была, не ведаю, што яны там робяць, а вось у жаночай сядзяць, грэюцца, праўда, маўчаць і час ад часу выходзяць на паў-закрытую тэрасу на даху, падыхаць свежым зімовым паветрам, паглядзець на агні начнога Хельсінкі (хаця зімой там і дні з ліхтарамі - спецыфіка геаграфічнага становічша). Такая вось блізкая суседская камунікацыя, такі суседскі мікракосмас.

У Беларусі ж давялося сутыкнуцца з такой навінкай ад участковых, як пакватэрнае абтэлефаноўванне суседзяў. Магчыма, гэта існавала і раней, але тады мае ўчастковыя ленаваліся. Гэта калі ўчастковы кватэру за кватэрай абтэлефаноўвае і ў суседзяў наводзіць даведкі адзін пра аднога: “А чым займаюцца вашыя суседзі? А ці не ходзіць да іх нехта падазроны? А іх дзеці ці не прагульваюць школу? А муж ці не п’е?” Відаць, такі спосаб дазваляе сабраць такі-сякі кампрамат на ўсіх жыхароў падведамсцвеннага ўчастка, а суседзі з’яўляюцца неблагой крыніцай інфармацыі, асабліва, калі баяцца-значыць-уважаюць органы правапарадку.

Дарэчы, ці заўважылі, мае французскія суседзі вырашылі свята паўтарыць, выправілі 1-га чэрвеня на 8-га. А беларускія суседзі паведамілі, што органы правапарадку цікавіліся ў іх, ці я працую. Не працую, дарагія органы правапарадку, дзякуючы вам - не працую.
04.06.12 21:35

Наталля Васілевіч