АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

"Апошняя старонка" ў нашай не-зусім-Расеі

Пакуль усе абмяркоўваюць канфлікт вакол серыяла "Вышэй за неба", мне трапілася іншая цікавостка, звязаная з кіно і Беларуссю.

Тры тыдні таму на з'ездзе Праваслаўнага брацтва ў Заходняй Еўропе мой добры ліванскі сябра паведаміў мне, што даў мае кантакты свайму стрыечнаму брату Марку, які павінен акурат быць у Менску, здымаць кіно. Сціплы ліванскі рэжысёр за пару месяцаў так са мной не скантактаваўся, але раптам прыйшло запрашэнне прыйсці на прэзентацыю фільма ў фармаце "хатні прагляд". Сціплая беларуская глядачка, на прагляд я не пайшла. Але цікавасць мяне грызла - што за фільм і чаму менавіта ў Беларусі?

Фільм - гэта дыпломны праект. Сюжэт, як можна здагадацца з трэйлера, наступны: дзяўчынка Маша просіць сваю маці прачытаць ёй гісторыю "пра балерыну і салдата", наколькі я разумею, гэта казка Андэрсана "Трывалы цынавы жаўнерык", ці як пераклалі назву гэтай казкі Андэрсана на беларускую мову ў 1947 г. - "Стойкі алавяны салдацік". Чытае мама Машы казку, але апошняй старонкі ў кніжцы няма (з 1947 г., напэўна, кніжка), і Машы нічога не застаецца, як прыдумаць фінал сюжэту самой, у сваіх мроях.
Чаму Марк вырашыў здымаць фільм у Беларусі? Ключавое слова тут не "жаўнерык", але "балет", нават "рускі балет". Па балет і па "рускі дух" рэжысёр і прыехаў у нашую не-зусім-Расею. Тут здымаць фільм Марку дапамагалі ягоныя сябры - студэнты Акадэміі мастацтва.

Што атрымалася - паглядзіце ў трэйлеры фільма "Апошняя старонка", рэжысёр Марк Румі (Marc Roumi).
18.06.12 9:28

Наталля Васілевіч