АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Шмат пакліканых, ды мала выбраных

16. А Ён сказаў яму: адзін чалавек зладзіў вялікую вячэру і склікаў многіх;
17. і калі настаў час бяседы, паслаў раба свайго сказаць запрошаным: ідзіце, бо ўжо ўсё гатова.
18. І пачалі ўсе, як бы змовіўшыся, перапрашацца. Першы сказаў яму: я купіў зямлю, і мне трэба пайсці і агледзець яе; прашу цябе, прабач мне.
19. Другі сказаў: я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх; прашу цябе, прабач мне.
20. Трэці сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсці.
21. І вярнуўшыся, раб той данёс пра гэта гаспадару свайму. Тады, угневаўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: ідзі хутчэй па вуліцах і завулках горада, і прывядзі сюды ўбогіх, калекаў, кульгавых і сляпых.
22. І сказаў раб: спадару! зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсць месца.
23. Гаспадар сказаў рабу: ідзі па дарогах і ўздоўж платоў і ўгавары прыйсці, каб напоўніўся дом мой;
24. бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных ня з'есць маёй вячэры: бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
(Паводле Лукаша 14:16-24)
Прыпавесць пра шлюбны баль паказвае абыякавасць пакліканых людзей. І насамрэч, часта іхняя пыха ідзе паперадзе іх. Тыя, хто пакліканы, бывае, лічаць сябе найвышэйшымі асобамі. Яны ўсё ведаюць, маюць досвед… Але Езус выкрывае фарысейскую пыху. Ён паказвае, што Бог з’яўляецца найважнейшым у жыцці. І ніякія справы не могуць стаць паперадзе Яго. Нават самыя важныя.

Таксама мы бачым тут постаць раба. Гэта — сам Езус. Менавіта праз Яго Бог (пан) кліча пакліканых. Але тыя не пайшлі. У іх было шмат іншых заняткаў. Тады Пан Бог паслаў Езуса па іншых гасцей. «Ідзі хутчэй па вуліцах і завулках горада, і прывядзі сюды ўбогіх, калекаў, кульгавых і сляпых». Гэта значыць, мытараў і грэшнікаў. А ўдругі раз: «Ідзі па дарогах і ўздоўж платоў і ўгавары прыйсці, каб напоўніўся дом мой». А гэтыя радкі кажуць ужо пра паганцаў.

І насамрэч, вартыя не тыя, хто знешне пакліканы. Але хто прымае пакліканне ў любы час.

06.05.18 23:41

Яўген Васьковіч