АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Курапаты - гэта пра людзей

Курапаты - гэта пра людзей.

Забітых - там, а таксама ў іншых месцах, дзе забівалі і таемна хавалі падчас бальшавіцкіх тэрораў.

Пра розных людзей. Розных вераў, поглядаў, перакананняў. Праваслаўных, каталікоў, атэістаў, юдэяў... Камуністаў, сацыял-дэмакратаў, польскіх і беларускіх нацыяналістаў... Там - агромністае драйверсіці... Пра якое мы мусім падумаць, як узгадаць, каб памяць пра ахвяраў была ня проста сімвалам, а памяццю пра  людзей. Каб яна выяўляла твары, імёны, асаблівасці, чалавечую і сацыяльную складанасць.

Пры разуменні, што ня ўсе забітыя былі хрысціянамі, можна задацца пытаннем: тады ці адэкватна сімвалам памяці пра іх усіх рабіць - крыжы? Мяркую, так. Бо Крыж - ня толькі сімвал хрысціянкай веры, але і знак невымоўнае салідарнасці Бога з чалавекам. Бог да канца салідарызаваўся з чалавекам, прыняўшы на Сабе чалавечыя пакуты.

У рамане Л. Уліцкай "Даніэль Штайн, перакладчык" герой распавядае:

"... Упершыню я прачытаў Новы Запавет і атрымаў адказ на самае балючае для мяне ў той час пытанне: дзе быў Бог у той час, калі расстрэльвалі пяцьсот чалавек з Эмскага гета? Дзе Бог ува ўсіх гэтых падзеях, якія перажывае мой народ? Як быць з Боскай справядлівасцю?

І тады мне адкрылася, што Бог быў разам з тымі, хто пакутваў. Бог можа быць толькі з тымі хто пакутуе, і ніколі - з забойцамі. Яго забівалі разам з намі. Бог, які пакутваў разам з яўрэямі, быў мой Бог".

Але Курапаты - гэта ня толькі пра мёртвых людзей, але і пра жывых. Пра тых, каму дарагая памяць пра забітых, памяць пра рэпрэсіі. І, што вельмі важна - пра людзей, якія падвяргаюцца дыскрымінацыі за сваю грамадзянскую пазіцыю. Пра людзей з беларускай апазіцыі, якую несправядліва абмяжоўваюць у фундаментальных правох і свабодах; пазбаўляюць таго легітымнага кавалку ўлады ў дэмакратычнай краіне, які яна як сацыяльная група мусіць мець. Пазбаўляюць магчымасці будаваць сваё аб'екты ў грамадскай прасторы.

Асабліва парадавала мяне здзеклівая логіка праўладнага журналіста, што, маўляў, з дрэва крыжоў можна было бы зрабіць нешта "карыснае для людзей". Так, менавіта парадавала - сваёй паказальнасцю! Гаворачы пра нейкіх абстрактных людзей, чалавек ня хоча бачыць відавочнага: патрэбаў канкрэтных людзей, ягоных суайчыннікаў, для якіх вельмі важныя курапацкія крыжы. Прынамсі, тых, хто збіраў на іх грошы, ставіў, абараняў. Вось якія глупствы мы пачынаем казаць, калі, замест таго каб запытацца ў людзей пра іх інтарэсы і патрэбы, пачынаем разважаць так, як быццам мы лепей ведаем, што лепш для іншых людзей!..


Гэты просты плакат ("Курапаты - гэта важна для людзей"), з пікету перад беларускай амбасадай у Брусэлі, - ёсць адказам на гэтую ня толькі блюзнерскі, але і дыскрымінацыйны закід.

Я не лічу знос крыжоў свядомым замахам на Бога. Я мяркую, што гэта быў удар па грамадству. Савецкая прага ўсё кантраляваць. Ключавая фраза - гэта "...вам што, царква дазволіла гэта рабіць?" - пра ўсталяванне крыжоў. Відавочна, што пад словам "царква" мелася на ўвазе не супольнасць вернікаў, а толькі цэнтралізаваная зямная структура. Для аўтарытарнай свядомасці непрыемна, што грамадства перапрацоўвае прастору без узгаднення. Гэта прага ўсё кантраляваць.

Але, цэлячыся ў людзей, трапілі ў Бога. Для хрысціянаў гэта лагічна, бо, мажліва, робячы зло чалавеку, прымушаючы яго пакутваць, мы робім гэта Хрысту.

Канешне, варта быць асцярожнымі з такімі высновамі, бо ў прыпавесці з Евангелля ад Мацея (25:31-46), на якую мы тут апіраемся, сказана ўсё ж не пра злыя справы, а пра добрыя ("...Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і выпрыйшлі да Мяне” /.../ ...Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі. /.../ ...Чаго вы не
зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне..."). Але ўсё ж, мяркую, мажліва зрабіць гіпотэзу, што гэта Госпад Сам вырашыў падставіцца пад удар, скіраваны на беларускае грамадства, і, прынамсі, на яго дыскрымінаваныую і рэпрэсаваную частку.

Так ці інакш, Крыжапаклонны тыдзень ўдаўся так, як яшчэ не было. Бо калі пачутая ў царкве малітва проста будзённа нагадала мне, што зараз Крыжапаклонны, і гэта, на мой сорам, выклікала ў мяне толькі звычайнае побытавае задавальненне ад таго што палова посту ўжо прайшла, - то назаўтра гісторыя з крыжамі прымусіла нават мяне ўзгадаць пра малітвы Крыжу. Было радасна бачыць, як увесь беларускі фэйсбук напоўніўся абурэннем і салідарнасцю. І асаблівай радасцю было бачыць салідарнасць таксама і ад атэістаў і агностыкаў.

Дзякуй усім за салідарнасць - з Крыжам, з народным мемарыялам, з беларускім грамадзтвам, з памяццю пра рэспрэсаваных!

10.04.19 16:14

Маргарита Тарайкевич