АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Беларуская выбарчая акруга. Вылучэнне стартавала: і няхай шанцаванне заўжды будзе з вамі 12.01.2014 1

Сёння афіцыйна стартавала вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў.

Паколькі яшчэ 08.01.2014 года зарэгістравалі ініцыятыўную групу па вылучэнні мяне кандыдатам у дэпутаты Гомельскага гарадскога Савета ад Беларускай выбарчай акругі №24 шляхам збору подпісаў, то сёння гэты шлях і распачну.  

Па прычыне, што подпісаў патрэбна не шмат, а толькі 75, вырашыў сабраць іх асабіста - лішняя магчымасць паразмаўляць з простым народам па-за межамі інтэрэта, блогаў і сацыяльных сетак.  


Традыцыйна першы дзень збору подпісаў ідзе даволі цяжка і з непрывычкі стрэсава, бо прамая камунікацыя з народам гэта спецыфічная камунікацыя, але магчыма у гэты раз будзе прасцей.  

Да таго ж новы вопыт - Беларускай выбарчая акруга, што сімвалічна, цалкам складаецца з прыватнага сектару, то бок, калі казаць павярхоўна, сялян, што жывуць у горадзе, а гэта даволі цікава, калі ўлічыць, што знаходзіцца яна ў цэнтры абласнога цэнтра (прабачце за паўторы).

Як і ў мінулую выбарчую кампанію 2012-га года буду інфармаваць вас тут аб ходзе збору подпісаў, аб цікавых здарэннях і распавядаць гісторыі падпісных паходаў у народ.

Афіцыйная інфармацыя аб Беларускай выбарчай акрузе №24(вуліцы, што ўваходзяць у акругу і колькасць выбаршчыкаў): "Приложение к решению Гомельской городской избирательной комиссии по выборам депутатов городского Совета депутатов двадцать седьмого созыва от 27 декабря 2013 г. № 4

Белорусский избирательный округ № 24 (число избирателей – 10036)"  

Жоўтым колерам вылучаны вуліцы, якія ўваходзяць у склад Беларускай выбарчай акругі №24. Агульнымі словамі гэта палова Залінейнага мікрараёна і Манастырок.


Спіс вуліц:
Заслонова, Некрасова, Салтыкова-Щедрина М.Е., Радости (исключая дом № 32), Островского, Бакунина и Лещинская (от начала до улицы Богдана Хмельницкого), 30 лет БССР, Украинская и Пенязькова Д.Н. (от улицы Бочкина до конца улицы), Барыкина (от начала до улицы Богдана Хмельницкого, исключая д.118, 127а, 129, 131, 133, 133а, 135, 137, 139, 141, 147), Якубова, Лермонтова, Куйбышева, Слепнева, Чайковского, Белорусская, Чкалова, Светлогорская, Пинская, Мозырская, Быховская д. 91, 101, 105, 113а, 115, 115а и дома индивидуальной застройки, Иверская д.2, 4, Далекая, Поперечные 1-я-4-я, Речная, Марата Казея, Булгаковская, Льва Толстого, Энгельса, Фрунзе д. 1, 3, Заводские 1-я, 2-я, Заводской спуск. Переулки: Николая Островского 1-й, Рабочий, Старобыховский, Речной, 1-й и 2-й Заводские, Толстого, Фридриха Энгельса. Проезды: Былинный 1-й, Песочный, Пинский, Куйбышевский, Чкаловский, Далекий, Поперечный.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты будзе праходзіць да 10.02.2014 года, таму на збор подпісаў ёсць 30 дзён, то бок дастаткова збіраць па 2-3 подпісы ў дзень. Але, безумоўна, так рабіць не буду і думаю, што патрэбную колькась збяру ўжо да 20-га студзеня.


P.S.

10.01.2014 года падаў заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні мяне кандыдатам у дэпутаты Гомельскага абласнога Савета ад Студэнцкай выбарчай акругі №15, на тэрыторыі якой сам і пражываю. Абяцалі запрасіць на паседжанне, таму не пазней за 15.01.2014 года даведаемся, ці зарэгістравалі.

Беларуская выбарчая акруга. Пачатак 05.01.2014 4

Як і на Парламенцкіх выбарах-2012, выбарчую кампанію на Мясцовых выбарах-2014 правожу пры актыўным выкарыстанні сацыяльных сетак.

Пры дапамозе апытанкі ў ВКонтакте удзельнікі гэтай сацыяльнай сеткі палічылі, што лепш за ўсё мне вылучацца ў Гомельскі гарадскі Савет дэпутатаў у Савецкім раёне ад Беларускай выбарчай акругі №24.

Сваю ініцыятыўную групу, як і на мінулых выбарах я таксама сабраў праз ВКонтакте і Facebook - агулам на сённяшні дзень у каманду ўвайшло 15 чалавек.  

Сярэдні ўзрост каманды склаў 31 год, самы сталы сябар каманды мае 55 год, самы малады - 20 год. Па гендэрнаму складу 66,7% у камандзе з'яўляюцца мужчынамі, а астатнія 33,3% - жанчыны. Рэгіянальнае прадстаўніцтва наступнае: 53% прадстаўляюць Гомельскую вобласць, 27% - Берасцейскую, 13% - Мінскую і астатнія 6% - Віцебскую.

Па роду заняткаў каманда вельмі збалансаваная, у ёй ёсць настаўнікі і вядомыя метал-выканаўцы, спецыялісты па кіберабароне і дактары, эканамісты і піяршыкі, журналісты і біёлагі, айціспецыялісты і механікі, панкі і выдомыя поп-выканаўцы, а таксама іншыяспецыялісты, чые заняткі яшчэ не паспеў удакладніць. Адзінае магу сказаць, што ў выпадку маго абрання мая каманда зможа вырашыць пытанне ў любой сферы, а гэта і ёсць галоўная задача любога палітыка - збіраць найлепшых, якія могуць вырашыць любыя задачы на карысць усіх грамадзян.

Паколькі на мясцовых выбарах ініцыятыўная група павінна быць не меньшай за 3 і не большай за 10 чалавек, то прыйшлося метадам выпадковых лічбаў з гэтых 15 чалаве абраць 10, а астатнія 6 будуць уключаны ў склад групы давераных асобаў, у выпадку, калі маю ініцыятыўную групу зпрэгіструюць.

Калі нехта яшчэ хоча далучыцца - буду рады і ўдзячны, месца ў камандзе ёсць заўжды.

Вызначыўшыся з акругай і не губляючы часу ўчора падаў у выбарчую камісію дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнню мяне кандыдатам у дэпутаты Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў ад Беларускай выбарчай акругі №24.  

Па стану на суботу, 04.01.2014, 18.23 мая заява была першая, так што афіцыйна пачынаю выбарчую кампанію раней за ўсіх. Зараз у камісіі ёсць 5 дзён, каб зарэгістраваць ініцыятыўную групу, альбо не зарэгістраваць.

Не пазней за 9.01.2014 даведаемся аб выніках рэгістрацыі. Сама працэдура прыёмкі дакументаў прайшла даволі недарэчнасцей і хутка.  

Таму віншую ўсіх прыхільнікаў, сяброў ініцыятыўнай групы з пачаткам выбарчай кампаніі і яшчэ раз дзякую за давер і падтрымку! :)

Будзьце годнымі! Рабіце годныя справы! І ў Новым 2014 годзе, і заўжды! 31.12.2013

Сябры і аднадумцы!
Беларусы, што паважаюць сябе і іншых - віншую Вас з Новым 2014 годам і жадаю, каб у 2014 Вас задавальняла тое, чым Вы займаецеся, Вы атрымоўвалі ад гэтага асалоду і проста былі шчаслівыя!

І памяталі жыццёвую мудрасць, запісаную больш за 10 стагоддзяў таму ў адной з песняў Старэйшай Эды, словы, якія прыпісваюцца Одзіну, а значыць якім не адно тысячагоддзе:

"Гінуць статкі,
радня памірае,
і смертны ты сам;
але смерці не ведае
гучная слава
найгоднейшых спраў"

Са святам, сябры! :)


Нацыянальная мова = Нацыянальная бяспека 28.11.2013 1

Апошнім часам шмат прыходзіцца чуць аб баяздольнасці і мадэрнізацыі беларускай арміі, аб розных сумесных вучэннях і іншых паказальных выступленнях беларускіх вайскоўцаў. Пры гэтым рапартуецца, што наша армія самая сучасная і баяздольная і любы вораг будзе разбіты, а перамога будзе за намі. Я не вайсковец, а таму не магу казаць праўда гэта ці перабольшванне, бо ў матэрыяльна-тэхнічным і вайскова-стратэгічным кіраванні маю вельмі абмежаваныя веды, як і большась беларусаў, што з'яўляюцца непрафесійнымі вайскоўцамі. Але ў плане нацыянальна-патрыятычнага выхавання беларускага войска, падаецца, у Беларусі ёсць вялікія праблемы. У свой час мне давялося павярхоўна, але з добрымі прыкладамі вывучаць пабудову Абарончых войскаў Эстоніі. Як не вайсковага спецыяліста, мяне больш за ўсё ўразіла не тое, якую зброю і тактыку мае эстонскае войска, а той патрыятычны дух, што ў ім пануе. Не кажучы аб тым, што ў войску дасягнута атмасфера, калі большасць грамадства падтрымлівае войска і абавязковы прызыў, а маладыя хлопцы хочуць служыць у рэгулярным войску, а 10-50 тысяч грамадзян Эстоніі знаходзяцца ў Кайцэліце (Звяз Абароны, нешта накшталт партызанаў, калі ў кожнага аўтамат і вайсковая форма пад ложкам), кідаецца ў вочы, як ўся сістэма падрыхтоўкі маладых жаўнераў прасякнута духам эстонскай мовы і нацыянльнай гісторыі. Гэта адносіцца ў першую чаргу да таго, што ў войску выкарыстоўваюць толькі эстонскую мову, таму шматлікія хлопцы, што хацелі б у войску служыць, у войска не трапляюць, бо ўзровень мовы іх не самы лепшы, а таксама, што войска будуецца на нацыянальных эстонскіх вайсковых і культурных традыцыях, пачынаючы ад песень і скончваючы формай і назвамі вайсковых падраздзяленняў. У беларускім войску, на жаль з гэтым вялікія праблемы. Мова руская, ідыалогія будуецца на савецкіх і імперскіх прыкладах, форма мала чым адрозніваецца ад савецкай. Як і мысленне, падаецца, не нацыянальнае беларускае, а савецка-інтэрнацыяналістычнае. Але гэта вельмі небяспечна. Калі салдат, а тым больш афіцэр, цалкам і грунтоўна не ўсведамляе сябе беларусам, што зямля, якую ён абараняе яго дом, незалежная дзяржава Беларусь, гэта прадстаўляе вялікую пагрозу для нацыянальнай бяспекі дзяржавы. Бо тэарытычна можа стацца так, што галоўны верагодны верагодны тэарытычны праціўнік-агрэсар можа ўвесці свае войскі ў Беларусь, а перад афіцэрамі і камандзірамі паўстане пытанне - змагацца супраць яго, ці стаць пад яго сцягі, бо мова адна і тая ж, ідыялогія адна і тая ж, і нават атрыбуты і форма падобныя. Таму ўжо зараз і неадкладна трэба па прыкладу эстонскіх абарончых войскаў мадэрнізаваць войска ў ідыялагічным накірунку. Трэба пачаць шырока ўжываць ў войску беларускую мову, вучыць салдат патрыятызму на беларускіх нацыянальных прыкладах, прывесці форму і знакі адрознення ў адпаведнасці з беларускімі нацыянальнымі традыцыямі. Няхай гэта ідыялогія і прапаганда, але для нацыянальнай бяспекі і незалежнасці Беларусі гэта вельмі важна. Бо інакш у выпадку агрэсіі тэарытычнага праціўніка можна страціць дзяржаву без адзінага стрэлу.

Гэта наш палескі стыль? 30.04.2013 4

Хоць гаворка пойдзе пра футбол і беларускую мову, асноўна тэмай усё ж будзе хлусня. Хлусня і непавага адзін да аднаго, што на прыкладзе футболу развілася ў беларускім грамадстве, прымушаючы людзей забываць аб тым, якую памяць яны пакінуць аб сябе. Забываць аб тым, што мур, узбудаваны на хлусні ніколі не будзе ні моцны, ні прыгожым, ні даўгавечным і хутка разбурыцца, хутчэй за ўсё наогул не дабудаваным.



Футбольны клуб "Гомель" навёў мяне на думку звярнуцца ў 2012 годзе да ўсіх клубаў Вышэйшай лігі беларускага чэмпіянату з прапановай больш выкарыстоўваць беларускую мову ў іх жыцці. Падштурхнула тое, што на гомелькім стадыёне "Цэнтральны" з'явіўся дыктар, што каментаваў матчы па-беларуску. Для Беларусі гэта, нажаль, рэдкасць. Таму ў 2012 годзя ў ФК "Гомель" ліст з прапановамі нават не дасылаўся, бо, здавалася, клуб сапраўды стаў на шлях беларусізацыі. Ад большасці клубаў у 2012 годзе прыйшоў адказ, што, паколькі чэмпіянат ужо пачаўся, уводзіць нешта новае, у тым ліку і мову, зараз альбо немагчыма, альбо складана. Канечне ж, гэта былі адпіскі, але хоць і прыкрыя, ды ўсё ж лагічныя і прамой хлусні ў іх не было. Але, між тым, клубы запэўнівалі, што ў наступным чэмпіянаце, паспрабуюць правесці прапановы ў жыццё.



Таму ў 2013 годзе быў падрыхтаваны новы  зварот да клубаў, з прапановай выкарыстання беларускай мовы. На гэты раз ён быў дасланы і ў ФК "Гомель", бо была ўпэўненасць, што клуб пачаўшы з беларускамоўнага дыктара, можа без праблем пашыраць беларускую мову і далей, стаўшы сапраўдным флагманам у гэтым пытанні для іншых клубаў беларускага чэмпіянату.



Таму спынімся на гомельскім клубе. 25 лютага 2013 года прыйшоў даволі пазітыўны  адказ за подпісам намесніка дырэктара ФК "Гомель" Віталя Кушнера, дзе між іншым паведамлялася, што "в 2012 году озвучивание матча производилось на белорусском языке и практика прошлого года по дикторскому сопровождению на белорусском языке сохранится и в сезоне 2013 года." Безумоўна, гэта была пазітыўная навіна пазнака зараджэння добрай традыцыі. Акрамя гэтага паведамлялася, што "выбор языка, на котором будут написаны фамилии футболистов на спортивной форме, принадлежит команде. В 2012 году такое голосование проходило, и команда выбрала русский язык. Голосование по этому вопросу в 2013 году состоится позже, и о результатах Вы можете узнать дополнительно." Безумоўна, было прыемна даведацца, што моўнае пытанне вырашаецца калегіяльна, улічваючы пажаданні большасці футбалістаў. З іншага боку ўзнікала пытанне, ці слушна прыслухоўвацца толькі да меркавання футбалістаў, не ўлічваючы меркаванне заўзятароў і адміністрацыі клуба. Бо ўсё ж, як мне падаецца, перафразуючы словы выбітнага беларуса, не заўзятары для футболу, а футбол для заўзятароў. З такой прапановай і быў накіраваны зварот да кіраўніцтва клуба.



Неабходна адзначыць, што  На афіцыйнай старонцы ФК “Гомель” Вконтакте ФК «ГОМЕЛЬ» | FC «GOMEL» [Official Group] 18 лістапада 2012 года ў суполцы было створана апытанне якое паведамляла, што “Рэгламент чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболу сцвярджае (п.7.8 ): "..над номером футболиста должна быть размещена надпись на белорусском или русском языке печатными буквами с фамилией или псевдонимом футболиста с высотой букв 7,5 см…» і пытаннямі аб тым, на якой мове хацелі б бачыць гомельскія заўзятары надпісы на спартыўнай форме футбалістаў ФК “Гомель”.



У апытанні прыняло ўдзел 454 чалавек, з якіх 241, ці 53,1% падтрымала надпісы па-руску.  Такім чынам, хоць і не на шмат, але пытанне было станоўча вырашана на карысць рускай мовы і зноў узнімаць яго ў бліжэйшы час не мела сэнсу, бо тыя, для каго гуляюць футбалісты, выказаліся адназначна за рускую мову.



Напачатку сёлетняга чэмпіянату адміністратары суполкі ФК «ГОМЕЛЬ» | FC «GOMEL» [Official Group] зноў стварылі апытанне па тэме, на якой мове павінны быць надпісы на форме гомельскіх футбалістаў.



На гэты раз у апытанні прыняло ўдзел больш чым у тры разы заўзятароў гомельскага клуба, сярод якіх былі таксама і прадстаўнікі каманды і адміністрацыі. Але не колькасць была галоўнай, а тое, што з 1761 чалавек 1270 ці 72,1% аддалі свае галасы за беларускую мову.



Таму лагічна, што меркаванне заўзятароў павінны было быць улічана як футбалістамі, так і клубам.



Але далей пачынаецца самае цікавае і тут важна ўлічваць храналогію развіцця падзей.



22 красавіка 2013 з ФК "Гомель" паступіў  адказ на зварот.



У ім за подпісам дырэктара ФК "Гомель" Яўгена Пабалаўца паведамлялася, што "у сезоне 2013 агучванне пад час матчаў каманды на стадыёне "Цэнтральны" працягнецца на беларускай мове, а таксама мы паспрабуем на афіцыйным сайце пачаць друкаванне навінаў на беларускай мове". Што і казаць, інфармацыя вельмі пазітыўная. Але гэта было не ўсё.



У адказе паведамлялася таксама, што "у гэтым сезоне пры прыняцці рашэння, на якой мове пісаць прозвішчы на майках гульцоў, улічвалася адразу некалькі фактараў. А менавіта: жаданне саміх футбалістаў (вынік іх галасавання быў агучаны галоўным трэнерам - руская мова), меркаванне кіраўніцтва клуба (беларуская мова), меркаванне балельшчыкаў (беларуская мова) і меркаванне тытульных спонсараў клуба (гандлёвыя знакі напісаны ў рускай транскрыпцыі). Улічваючы вышэй прыведзеныя фактары, было прынята рашэнне, што ў сезоне 2013 на гульнявых футболках прозвішчы гульцоў будуць пісацца на рускай мове.



Падаецца, усё цывілізавана, дэмакратычна і прыгожа, у лепшых традыцыях Fair Play.



Але Fair Play па-гомельску трактуецца крыху інакш, чым гэта прынята ў іншых улубах і чэмпіянатах.

 
Читать дальше...

Хочаш беларускай мовы – дакажы, што яна табе патрэбна! 16.04.2013 14

Прыемная  навіна прыйшла з берагоў Буга. Мясцовы клуб "Дынама-Брэст" ў ХХІІІ чэмпіянаце Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе будзе пісаць прозвішчы на форме футбалістаў па-беларуску.

Здавалася б, што ў гэтым такога, шэраговая з'ява, хіба можна лічыць за навіну тое, на якой мове будуць надпісы на форме?



Магчыма і так, але не ў Беларусі, дзе фармальна пры роўнасці моў перавага паўсюль аддаецца рускай мове. Да таго ж ужо шмат часу ні адзін з клубаў Вышэйшай лігі беларускага футбола не выкарыстоўваў беларускую мову на сваёй спартыўнай форме. Адным словам, для мяне, як чалавека, што паважае беларускую мову і жадае яе больш шырокага выкарыстання гэта была добрая навіна.



Да таго ж футбол мне таксама падабаецца і мой родны ФК "Гомель", падаецца, сур'ёзна стаў на шлях беларусізацыі футбола і спадзяюся таксама падтрымае брэсцкіх дынамаўцаў і сваіх заўзятароў, 73% якіх падтрымлівае напісанне прозвішчаў гульцоў на форме па беларуску.



Між тым, праглядаючы каментары да гэтай навіны на спартовых і не спартовых сайтах, я заўважыў там каментары накшталт "У ПСЖ надпісы па-французку, у "Манчэсцеры" - па-англійску, а ў "Баварыі" - па-нямецку. І ў Беларусі, натуральна, павінны быць па-беларуску, знайшлі мне навіну!"



Так, магчыма, у Беларусі і павінны быць па-беларуску, але калі ўсіх задавальняе па-руску, то навошта адыходзіць ад агульнапрынятага ў Беларусі стандарта? Да таго ж я б прывёў у гэтым прыкладзе не ПСЖ, Манчэсцер ці Баварыю, а першы на сённяшні час каталонскі футбольны клуб "Барселону". Каталонская мова нават не дзяржаўная ў Іспаніі, але галоўная старонка сайта па-каталонску, надпісы на форме таксама і ўпэўнены, што дыктар на стадыёне таксама па-каталонску гульню асвятляе. Адзінай прычына тут у тым, што заўзятарам патрэбна каталонская мова ў футболе, а клуб ведае аб гэтым пажаданні і ідзе насустрач заўзятарам.



Тое ж самае і ў Беларусі. Упэўнены, што калі б я не  звярнуўся ў 2012 годзе да кіраўніцтва "Дынама-Брэст" з прапановай больш шырока ўжываць беларускую мову, а ў 2013 годзе не нагадаў аб гэтай прапанове, былі б і ў гэтым чэмпіянаце надпісы на форме па-руску. Бо, як я ўжо казаў, навашта рабіць нешта новае, калі і старое ўсіх задавальняе.



Канечне, сітуацыя з беларускай мовай у Беларусі складаная, але нельга і не справядліва перакладаць усю адказнасць на заняпад беларускай мовы на дзяржаву. У заняпадзе беларускай мовы ў першую чаргу вінаватыя мы самі. Так, дзяржава не асабліва падтрымлівае беларускую мову, але з чаго вы ўзялі, што яна павінна нешта падтрымліваць? Па-сапраўднаму пакажыце, што мова патрэбна і сітуацыя зменіцца. Бо і ў Барселоне маглі б спакойна іспанскую мову выкарыстоўваць.



Беларуская ж мова фармальна з рускай у роўных правах, проста каб у сённяшняй сітуацыі яе выкарыстоўваць трэба прыкласці больш намаганняў, быць першапраходцам. Я ведаю шмат людзей, што вядуць сваю справу па-беларуску, выкладаюць па-беларуску, размаўляюць увесь час па-беларуску і па-беларуску вядуць эканамічную, тэхнічную і яшчэ шмат якую дакументацыю, якую звычайнаму чалавеку не зразумець, няглядзячы на тое, на якой бы мове гэта напісана не было. І ўсё ў іх добра.



Трэба проста разумець, што сапраўдных мованенавіснікаў у Беларусі адзінкі, і тое гэта нянавісць у іх выклікана нейкімі ірацыянальнымі праблемамі ці комплексамі. Для большасці ж проста ўсё роўна, якой мовай ты карыстаешся ў працы, галоўнае выконвай свае абавязкі якасна.



Таму проста пачніце выкарыстоўваць беларускую мову самі, паказвайце пры нагодзе, што ў той ці іншай сферы вам патрэбна беларуская мова і вашы пажаданні безумоўна будуць улічаны.



Але калі вас задавальняе сітуацыя, калі беларуская мова не гучыць і вы нічога не хочаце на практыцы зрабіць, каб яна загучала, то не кляніце дзяржаву, уладу і памяркоўнасць іншых, што мова знікае - у яе знікненні вінаваты будзеце толькі вы.



Але і ў яе адраджэнні будзе ваша прамая заслуга.



Проста вызначыцеся самі, чаго вы жадаеце.







Першая публікацыя telegraf.by


Беларускамоўны футбол у Гомелі. Ці пачуе клуб меркаванне заўзятараў? 13.04.2013 8

У сталіцы ўжо нікога не здзівіш беларускамоўнымі ініцыятывамі. Мова даволі шырока распаўсюджана сярод прасунутай часткі нашых суайчыннікаў, якіх збірае Мінск з усёй Беларусі. Асноўнае культурнае жыццё, у тым ліку і беларускамоўнае таксама канцэнтруецца ў Мінску. А калі ёсць попыт, то з’яўляюцца і прапановы – у рэкламе, спорце і іншых галінах беларуская мова набывае ўсё большае распаўсюджванне.

Але Гомель гэта не Мінск і для майго гораду моўнае пытанне ўсё яшчэ вельмі абцяжаранае шматлікімі комплексамі і міфамі. Тым дзіўным і нечаканым з’яўляецца той факт, што за апошнія 4 месяцы ў гомельскім каляфутбольным асяродку адбылася, падаецца, сапраўдная моўная рэвалюцыя. Канечне, распаўсюд беларускай мовы ў каляфутбольным асяродку з’яўляецца агульнабеларускай тэндэнцыяй, якая не магла не захапіць ва ўсёй сваёй шырыні і Гомель, але ў гэтай сітуацыі мяне здзівіла тая хуткасць, з якой беларускамоўныя настроі захапілі гамяльчан.



 На афіцыйнай старонцы ФК “Гомель” Вконтакте ФК «ГОМЕЛЬ» | FC «GOMEL» [Official Group] 18 лістапада 2012 года ў суполцы было створана апытанне якое паведамляла, што “Рэгламент чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболу сцвярджае (п.7.8 ): "..над номером футболиста должна быть размещена надпись на белорусском или русском языке печатными буквами с фамилией или псевдонимом футболиста с высотой букв 7,5 см…» і пытаннямі аб тым, на якой мове хацелі б бачыць гомельскія заўзятары надпісы на спартыўнай форме футбалістаў ФК “Гомель”.



У  апытанні прыняло ўдзел 452 чалавек, з якіх 241, ці 53,3% падтрымала надпісы па-руску.  Такім чынам, хоць і не на шмат, але пытанне было станоўча вырашана на карысць рускай мовы і зноў узнімаць яго ў бліжэйшы час не мела сэнсу, бо тыя, для каго гуляюць футбалісты, выказаліся адназначна за рускую мову. Цікава і тое, што ў мінулым чэмпіянаце праз галасаванне каманда таксама праз галасаванне абірала, на якой мове ёй пісаць прозвішчы на форме і іх выбар супаў з пажаданнямі заўзятараў – была абрана руская мова.



Але 30 сакавіка пачаўся новы чэмпіянат Беларусі ў Вышэйшай лізе і лагічна было паглядзець, як змянілася стаўленне заўзятароў да мовы футболу. На гэты раз штуршком для стварэння адпаведнага апытання стаў  адказ ФК "Гомель" наконт захадаў, якія клуб будзе рабіць у новым сезоне для папулярызацыі беларускай мовы.



У адказе акрамя іншага паведамлялася, што як і ў 2012 годзе, у 2013 дыктарскае суправаджэнне гульняў на гомельскім стадыёне будзе праводзіцца на беларускай мове, а пытанне, на якой мове будуць надпісы на форме футбалістаў зноў будзе вырашаць каманда.



Здавалася б, сітуацыя нічым не адметная ад сітуацыі, што была не больш як паўгады таму, але тут ёсць адзін нюанс. Справа ў тым, што большасць заўзятароў не ведала, што моўнае пытанне вырашаецца самой камандай, людзям падавалася, што як часта бывае, усе пытанні вырашаюцца зверху, без уліку гульцоў, адміністрацыі і ў першую чаргу заўзятароў. Убачыўшы адказ з ФК “Гомель” адміністратары суполкі ФК «ГОМЕЛЬ» | FC «GOMEL» [Official Group] зноў стварылі апытанне на тэму на якой мове павінны быць надпісы на форме гомельскіх футбалістаў, далучыўшы да яго і адказ з клуба.



На гэты раз у апытанні прыняло ўдзел больш чым у тры разы заўзятароў гомельскага клуба, сярод якіх былі таксама і прадстаўнікі каманды. Але не колькасць была галоўнай, а тое, што з 1737 чалавек 1255 ці 72,3% аддалі свае галасы за беларускую мову!



А толькі 4 месяцы таму ў падобным апытанні за беларускую мову было толькі 46,7%. Асабіста я быў уражаны такой рэзкай зменай настрояў, бо колькасць тых заўзятароў, што падтрымлівала рускую мову, зменшылася з 53% да 28%, іншымі словамі ў два разы. Мае ж прагнозы былі такімі, што ў лепшым выпадку за беларускую мову ў гэтым годзе будзе на 5-7% больш чым у мінулым сезоне.



Нават сярод тых удзельнікаў каманды, што прымалі ўдзел у інтэрнэт-галасаванні моўныя прыхільнасці падзяліліся. Напрыклад, той жа дырэктар ФК “Гомель” Яўген Пабалавец выказаўся за беларускую мову. Што казаць, вельмі прыемная навіна і тэндэнцыя назіраецца сярод прыхільнікаў гомельскага клуба.



Але якую мову абярэ каманда ФК “Гомель”. У мінулым сезоне іх сімпатыі супалі з сімпатыямі заўзятароў, і была абрана руская мова. У гэтым сезоне абсалютная большасць заўзятараў за беларускую мову і спадзяемся, каманда пачуе іх голас і як у мінулым сезоне выбар каманды і заўзятароў супадзе. Бо футбол гэта камандная гульня, а футбалісты, адміністрацыя і заўзятары гэта адна каманда. А поспехі прыходзяць толькі тады, калі ў камандзе гармонія і ўзаемапавага.



 Аддаючы даніну павагі меркаванню заўзятароў, клуб можа быць упэўнены ў добрай падтрымцы і поўных трыбунах. І перамогах.







 Першая публікацыя telegraf.by


О белорусском языке, литературе и писателях. 10.04.2013 8

Шмат прыходзіцца чуць аб тым, што не ўсё так дрэнна было пры савецкай уладзе ў Беларусі, як яна клапацілася пра людзей і асабліва аб развіцці беларускай мовы і культуры. Яшчэ больш прыходзіцца чуць аб тым, якімі добрымі былі савецкія правадыры і што нездарма іх імёнамі названы плошчы-вуліцы-прадпрыемствы. Яшчэ больш прыходзіцца чуць аб тым, што той гаротны стан беларускай мовы, у якім яна знаходзіцца ў цяперашні час звязаны з тым, што народ сам адгарнуўся ад яе на карысць рускай мовы.

Нішто так не развеймае міфы, як узоры справаводства і перапіскі мінулых гадоў.



Спецыяльна для гэтай мэты я замовіў з Нацыянальнага архіву Беларусі дакумент №978 ад 21.11.1938 з простай назвай "Аб беларускай мове, літаратуры і пісьменніках". Ліст Панамарэнкі да Сталіна. Некаторыя каментары Панамарэнкі проста слова ў слова паўтараюць тое, што зараз можна прачытаць у каметарах да артыкулаў, ці нават у саміх артыкулах. Карацей, актуальны для нашага часу дакумент. Спадзяюся, што прачытаўшы яго, шмат хто перагледзіць свае погляды на карысць гістарычнай праўды, а не ідэалагічнай прапаганды.



Прывожу дакумент "як ёсць".



 
Читать дальше...

“Змагры” за беларускую мову – на словах тысячы, на справе 0,5% 07.04.2013 104

На пачатку 2012 года ў новай рэдакцыі быў прыняты закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”. Адметны ён тым, што пасля 2-х гадоў перапіскі з чыноўнікамі ўсіх узроўняў грамадзянская ініцыятыва “Справаводства па-беларуску!” дамаглася таго, што зараз у адпаведнасці з законам на пісьмовы зварот павінен давацца адказ на мове зварота.



Гэта ўжо не навіна, і адмыслоўцы, каму цікава беларуская мова і што дэкларуюць любоў і змаганне за яе гэту норму добра ведаюць і спадзяюся выкарыстоўваюць у перапісцы. Чаму я напісаў “спадзяюся”? Нажаль да гэтага мяне змусілі прыкрыя, але факты.



Каб ацаніць эфект ад прыняцця нормы, забяспечваючай адказ на зварот на мове зварота “Справаводства па-беларуску!” пачала збіраць інфармацыю аб тым, колькі і на якой мове было падазена зваротаў у раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты Беларусі ў 2011 і 2012 годзе.

Ідэя была ў тым, каб параўнаць па гэтаму крытэру 2011 і 2012 год – калі колькасць зваротаў на беларускай мове павялічыцца, гэта будзе азначаць тое, што сапраўды, для таго, каб беларуская мова ў Беларусі развівалася, для яе патрэбны дадатковыя нарматыўна-прававыя гарантыі. Калі ж колькасць беларускамоўных зваротаў не павялічыцца, ці павялічыцца нязначна, то гэта будзе казаць аб тым, што вырашэнне праблемы выкарыстання беларускай мовы павінна весціся не толькі гэтым, але і іншымі шляхамі, альбо, калі казаць аб самым дрэнным варыянце, беларуская мова ўжо беларусам наогул не патрэбна.



І хоць не заўсёды чыноўнікі ідуць у гэтым на сустэчу, так ці іначай за 2011 год удалося атрымаць інфармацыю з 23 рэгіёнаў Беларусі. Чыноўнікам гэтых 23 рэгіёнаў грамадзяне даслалі за 2011 год 13007 зваротаў.



І колькі вы думаеце з іх было на беларускай мове? Толькі 70. Толькі 0,54% зваротаў ад агульнай колькасці было на беларускай мове.



І як здзекліва адзначалі некаторыя чыноўнікі даючы інфармацыю “у райвыканкам за 2011 год паступіла толькі 2 звароты і ўсе яны былі ад Вас”. Канечне, можна было дапусціць, што паколькі ў 2011 закон яшчэ не працаваў, то ў 2012 годзе лічбы будуць нашмат лепшымі.

Але адміністрацыі, якія далі статыстыку па дадзеным за 2012 год паведамілі, што было пададзена 10310 звароты, а з іх па-беларуску было пададзена толькі 57 зваротаў ці 0,55% ад агульнай колькасці.



Адчуваю, што зараз адмыслоўцы і “любіцелі” беларускай мовы пачнуць старую песьню аб 200-гадовай расейскай акупацыі, аб заніжаным статусе беларускай мовы ў сучаснай Беларусі. Усё гэта так, але ж кожны дзень я бачу ў шматтысячных суполках у cацыяльных сетках, што створаны якраз па “моўнай” прыкмеце ці з мэтай абароны беларукай мовы, як гэтых суполках разгортваюцца “жэстачайшыя” бітвы і дыскусіі аб беларускай мове, аб тым як трэба за яе змагацца і што трэба рабіць для яе ўзвышэння і росквіту.



Але дзе ўсе гэтыя людзі ў жыцці? Дзе, вельмі панства, ваша рэальная праца для падняцце аўтарытэту беларускай мовы? Усім вашым вялікім словам і лозунгам кошт 0,54-0,55%.



Выпраўляйце сітуацыю, падвышайце статус беларускай мовы рэальнымі справамі. Мінімум, што вы можаце зрабіць, гэта ўзяць ў руку асадачку і напісаць ў бліжэйшы да вас выканкам, установу, арганізацыю, спартовы клуб ці любую іншую грамадскую ўстанову. І нават калі ў вас няма да іх канкрэтнага пытання, што канечне ж не так, то пажадайце ім плёну ў працы на карысць Беларусі і беларускай мовы.



І папрасіце даслаць вам пісьмовы адказ.














Пытаннечка – 2:"Не позорься со своим беларуским" 04.04.2013 61

Гісторыя з кандуктарам аднаго з мінскіх маршрутаў, што абразіла беларускую мову, калі ў яе запыталі па-беларуску, ці мажліва даць рэшту, канечне не мела таго рэзанансу, як з падобным выпадкам, што меў месца з супрацоўніцай адной з  дзяржаўных газет, але ўсё ж мела даволі вялікі розгалас і абмеркаванне.



Толькі шмат хто зводзіў праблему да маладосці, неадукаванасці і невялікай пасады гераіні “Пытаннечка-2” і рэзюмаваў, што таму і не трэба кпіць з яе з-за гэтых прычын, а пакінуць у спакоі. Але нельга забываць, што пасады, асабліва ў нас у краіне, часта атрымоўваюцца не па здольнасцях, а па розных іншых прычынах. Таму, не выключана, што заўтра наш кандуктар стане, напрыклад, міністрам культуры. І калі з пасады кандуктара яе грэблівае стаўленне да мовы ні на каго асабліва ўздзейнічаць не можа, то ў гэтым выпадку, будзе магчымасць рэалізаваць ненавісць да мовы на практыцы.



Ды і наогул, падаецца не правільна закрываць вочы на тых, хто вас зневажае і шкадаваць іх за абмежаванасць і недалёкасць. Бо будзьце ўпэўнены, будзь у іх мажлівасць і магчымасці, яны вас дакладна не пашкадуюць. З маленькага зла пачынаецца вялікае, якое потым становіцца агульнай праблемай.



Гісторыя ж на шматлікіх прыкладах паказвае, што нават князь ці іншы вышэйшы кіраўнік можа праявіць літасць да сваіх сапернікаў, а вось той, хто прыбірае ў князя са стала, дакладна пры нагодзе нож у сэрца па самую рукаятку ўсуне.






чытаць іншыя навіны