АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Ядзерная бомба ў Астраўцы цікае


Праз тры месяцы ў рэактар Астравецкай АЭС загрузяць ядзернае паліва. Загружаць будзе “Росатом”, які на днях узарваў ядзерную ракету пад Северадзвінскам. Там некалькі чалавек загінулі, цяпер адсяляюць вёскі з-за радыяцыі і насельніцтва скупае ў аптэках ёд. Глядзелі серыял “Чарнобыль”?..

Астравецкая АЭС – гэта не праект Лукашэнкі. Гэта праект Пуціна, які ў апошнія гады палохае свет ядзерным апакаліпсісам. Калі вы яшчэ не здрыгануліся з гэтай нагоды – зараз самы час і самае месца.

Тое, пра што мы з вамі гаворым – гэта не толькі энэргетыка. Гэта стратэгічная ідэя расійскага Генеральнага штаба – размясціць каля самай мяжы з ЕС, бліжэй да Калінінграда, на накірунку верагоднага удара па Еўропе, атамную электрастанцыю. З аднаго боку, перашкодзіць энэргетычнай сінхранізацыі Літвы, Латвіі і Эстоніі з ЕС, з другога – стварыць ядзерную пагрозу на гэтым стыку. З 2010 да 2013 года Расія збіралася пабудаваць для гэтых мэтаў Калінінградскую або Балтыйскую АЭС. У 2013 годзе Пуцін знайшоў іншы варыянт: паабяцаў Лукашэнку 10 мільярдаў долараў, каб “Росатам” пабудаваў АЭС у Астраўцы. У тым жа 2013-ым Пуцін замарозіў будаўніцтва пад Калінінградам.

Давайце цяпер паглядзім, што гэта за месца такое, Астравец.

Яшчэ ў 1990-ыя на замову з Масквы, для патрэбаў эканомікі СССР рыхтаваліся будаваць Беларускую АЭС, і Акадэмія навук БССР ацаніла дзясяткі патэнцыйных пляцовак для будаўніцтва. Вядучыя акадэмікі паставілі свае подпісы пад вынікамі даследвання. А вынікі такія: самая кепская для будаўніцтва АЭС пляцоўка – Астравецкая. Стаіць на разломах зямной кары. Былі землятрусы. Каля яе – магільнік сібірскай язвы.

Пасля Чарнобыля праект Беларускай АЭС, канечне, быў адкладзены. Але вось праз 25 гадоў Пуціну і яго генералам спатрэбілася ядзерная станцыя на мяжы з ЕС. І што вы думаеце, усплывае праект АЭС у Астраўцы. На самай кепскай пляцоўцы!

У Беларусь вятры пераважна з Балтыкі. Калі штосьці здараецца ў Астраўцы, да Мінску воблака даходзіць за некалькі гадзінаў. Вільня – 45 кіламетраў па прамой. 10 кіламетраў да мяжы з ЕС. У Беларусі пра гэта з фактамі ў руках распавядае прафесар Георгій Лепін. Але Лукашэнка Лепіна не слухае. Ён слухае Пуціна.

У 2013 годзе пачалі будаваць АЭС у Астраўцы. Па-савецку, як і Чарнобыль.

Пастаянныя інцыдэнты. Рабочым рэгулярна не выплочваюць заробак – як яны працуюць, можаце ўявіць. Ужо 5 чалавек на будоўлі загінула, апошні – два тыдні таму. Два разы білі рэактар – адзін раз грохнулі ў слуп на чыгунцы, пакуль перавозілі, другі раз, у ліпені 2016-га, рэактар упаў з вышыні некалькіх метраў. Ядзерны рэактар! Інфармацыю хавалі. Пасля таго як з’явіліся сведчанні, вымушаныя былі прызнаць праблему, мяняць рэактар, замоўчваюць дэталі дагэтуль. Вам гэта нічога не нагадвае?

Незалежныя спецыялісты ў Беларусі, калі пачынаеш гаварыць пра Астравецкую АЭС, задаюцца пытаннем: навошта гэта Лукашэнку? Навошта псаваць адносіны з Літвой і ЕС? Навошта мяняць расійскі газ на расійскі уран? Навошта палохаць людзей другім Чарнобылем?

Прадаць электрычнасць у ЕС не так проста. Сваёй электраэнэргіі ў Беларусі лішак. Давядзецца зачыняць два гарады, Навалукомль, 13 тысячаў чалавек, і Белазёрск, 12 тысячаў, пабудаваныя для абслугоўвання двух буйнейшых цеплавых электрастанцыяў. Год назад Лукашэнка сам на паседжанні ураду паставіў пытанне рубам: ніхто, кажа, мне не патлумачыў, навошта нам АЭС і як яна ўбудуецца ў энэргетычную сістэму.

У 2018-ым годзе мы правялі шэраг акцыяў супраць АЭС у Астраўцы. Быў масавы Чарнобыльскі шлях у Мінску ў гадавіну Чарнобыля. Распачаўся Астравецкі шлях – планаваліся кожны месяц акцыі ў гарадах ад Мінска да Астраўца. Да Астраўца не дайшлі. Удзельнікаў затрымлівалі прэвентыўна, здымалі з транспарту, судзілі і давалі вялізныя штрафы. Сёлета Чарнобыльскі шлях у Менску наогул быў забаронены, тыя, хто выйшаў, атрымалі штрафы.

Лукашэнка падаўляе любы пратэст у Беларусі супраць Астравецкай АЭС. АЭС Беларусі ня трэба, але пратэставаць супраць яе нельга. Чаму? Масква.

Так для чаго была пабудаваная Аставецкая АЭС? Скрасці частку з 10 мільярдаў расійскага крэдыту? Магчыма, але ж ёсць больш танныя і бяспечныя спосабы, чым ядзерны рэактар у чарнобыльскай краіне. А навошта Пуціну, які зараз выкручвае рукі Лукашэнку за любы крэдыт у 400 мільёнаў, даваць на АЭС У Беларусі ў дзясяткі разоў больш? Сапраўдны адказ ведаюць у Крамлі. Астравецкая АЭС – гэта стратэгічны праект Крамля. На Астравецкай АЭС асноўны корпус супрацоўнікаў камплектуюць спецыялістамі з Расеі.

Астравецкая АЭС – гэта расійская ядзерная бомба на мяжы з Еўрапейскім саюзам.

Думаю, спадарства, вы глядзелі серыял “Чарнобыль”. Шмат словаў тут ня трэба. Трэба толькі адно: ясная і выразная пазіцыя беларусаў і Еўрапейскага Саюза: зачыніць АЭС у Астраўцы.

Трэба абясшкодзіць расейскую ядзерную бомбу. Не пустыя пратаколы бяспекі лабістаў з МАГАТЭ, не казкі ад “Росатома”, не гульні з Лукашэнкам, а адзіная і салідарная пазіцыя: зачыніць. Патрэбная еўрапейская салідарнасць з Літвой і народам Беларусі, які не хоча другога Чарнобыля.

Заклікаю ўсіх адказных беларусаў і еўрапейцаў не чакаць, пакуль другі Чарнобыль стане рэальнасцю. Крамлёўскіх вар’ятаў не спыняюць страты ў войнах. Яны рыхтуюць гібрыдную ядзерную вайну. Мы з вамі яшчэ можам ім перашкодзіць. Давайце зробім гэта.


27.08.19 23:10