АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Хрысціянскае адзінства, як па нотах


Памятаю, ішоў я, праваслаўны, у далёкім 2008-ым з грэка-каталіцкай пілігрымкай Віцебск-Полацк. Ад месца забойства мітрапаліта Язафата Кунцэвіча праваслаўнымі віцьбічамі да месца забойства пяці манахаў-базыльянаў праваслаўным Пятром Першым у Сафіі. Лета, кіламетраў па трыццаць зь нечым у дзень.
Іду, малюся, радуюся: пару месяцаў таму выпусьцілі першы "Беларускі хрысьціянскі хіт", сабралі ў адным альбоме такія сьпевы, каб душа разгарнулася, а потым ізноў згарнулася.
Грэка-каталіцкія бацюшкі па адным падыходзяць, папярэджваюць, каб палітычнай агітацыі ня вёў. Вуніяты з усё Беларусі паглядаюць скоса: стромны чэл, сядзеўшы, ды яшчэ праваслаўны. А пілігрымы моляцца і сьпяваюць у мікрафон па чарзе. Кажу, давайце, добры хрысьціянскі хіт вам сьпяю (мо, глядзіш, сэрцы растопяцца). Эээ, кажуць бацюшкі, неее.
На чацьвёрты дзень я трохі павесіў нос. Думаю, нда, схадзіў у пілігрымку. Ну ладна. Малюся: Госпадзе, пакажы ім, што я не чужы.
І вось апошні прыпынак, на ўваходзе ў Полацк, Струньне. Пад'яжджае яшчэ адзін бацюшка, і пакуль ідзе перакус, адчыняе дзьверцу і ўрубае магнітолу на ўсю ваколіцу.
І што вы думаеце? З яго айфона, як той сьпяваў, пераможна гучыць... "Беларускі хрысьціянскі хіт"!
Як вы зразумелі, гэта я да збору сродкаў на беларусізацыю ўсіх цэркваў праз музыку. Мы сабралі ўжо 23%. Яшчэ ня позна падтрымаць! )


30.07.19 20:53