АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

НЯДЗЕЛЯ, 12.00. ЛІСТ ДА ЦЭРКВАЎ


Браты і сёстры!

Шаноўныя вернікі, святары і епіскапы беларускіх хрысціянскіх цэркваў!

Гэтай вясной Беларусь нарэшце прачнулася ад доўгага сну. Тысячы і тысячы людзей па ўсёй краіне выходзяць па нядзелях на цэнтральныя плошчы гарадоў і выстройваюцца ў кіламетровыя чэргі, каб паставіць свой подпіс за перамены. Па-над імі лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі Ісуса Хрыста.

Відавочна, што справа не ў "выбарах", якіх у Беларусі няма, і не ў кандыдатах. Справа ў тым, што прыйшоў час.

Звар'яцелы рэжым арганізаваў масавае заражэнне беларусаў каронавірусам. Замест прыняцця неабходных мераў і спачуванняў сем'ям памерлых правіцель пачаў абвінавачваць іх саміх і медыкаў.

Тых, хто абураўся і патрабаваў ад правіцеля нарэшце сысці – кінулі ў турмы з выкарыстаннем відавочных, нават дэманстратыўных правакацыяў.

У нядзелю 31 мая людзі выйшлі на легальныя пікеты па ўсёй Беларусі, каб выказаць пратэст.

У нядзелю 7 чэрвеня а 12.00 ва ўсіх буйных гарадах зноў пройдуць пікеты свабоды і салідарнасці са зборам подпісаў за перамены. 7 чэрвеня ў праваслаўных і часткі пратэстанцкіх цэркваў – Дзень сашэсця Святога Духа. Свята, якое яшчэ называюць Тройцай, Пяцідзясятніцай ці Сёмухай (па колькасці дзён і тыдняў, якія прайшлі з часу Ўваскрашэння Ісуса Хрыста). У каталікоў 7 чэрвеня сёлета – Дзень Святой Тройцы.

Звяртаюся да прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліта Паўла і архіепіскапа Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы Святаслава Логвіна, да старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і апостальскага візітатара да грэка-каталікоў Беларусі Сергія Гаека, епіскапа Аб'яднанай Царквы Хрысціянаў Веры Евангельскай Сяргея Цвора і епіскапа Саюза Евангельскіх Хрысціянаў-Баптыстаў Леаніда Міховіча, епіскапа Аб'яднання Абшчынаў Хрысціянаў Поўнага Евангелля Леаніда Вараненкі і епіскапа Цэркваў Хрысціянаў Адвентыстаў Сёмага Дня Вячаслава Бучнева, кіраўнікоў Лютаранскай, Рэфармацкай і іншых хрысціянскіх цэркваў у Беларусі - з заклікам падтрымаць праўду, свабоду і справядлівасць у нядзелю а 12.00.

Часта вернікі і святары сыходзяць ад відавочнай патрэбы выступіць у абарону невінаватых, кажучы: "Гэта палітыка."

Нядзеля, 12.00 – гэта не пра палітыку. Гэта пра асновы хрысціянскай веры.

Праўду. Свабоду. Справядлівасць. Салідарнасць.

Калі фальсіфікуюць выбары – гэта ніякая не палітыка. Гэта махлярства, злачынства і беззаконне. Калі кідаюць у турму, збіваюць і катуюць тых, хто кажа праўду – гэта ніякая не палітыка. Гэта грубы гвалт. Калі правіцель абражае, абкрадае і падманвае цэлы народ – гэта не палітыка. Гэта тыранія і прыніжэнне чалавечай годнасці. Калі ў Курапатах ламаюць крыжы – гэта зусім не палітыка. Гэта сатанізм, які мае свае карані ў нераскаяным камунізме.

Крах камунізму ў Польшчы пачаўся тады, калі Папа Рымскі прамовіў перад мільёнамі палякаў: "Няхай сыдзе Дух Святы і абновіць аблічча зямлі. Гэтай зямлі."

Крах камунізму ва Ўсходняй Нямеччыне пачаўся тады, калі звычайны евангельскі пастар з Лейпцыгу арганізаваў малітву за свабоду і запрасіў збірацца на яе ўсіх. Штотыднёвыя сустрэчы ператварыліся ў масавыя маніфестацыі, і праз некалькі тыдняў рэжым рухнуў разам з Берлінскай сцяной.

Крах камунізму ў Румыніі пачаўся з таго, што сям'ю вугорскага святара ў Трансільваніі выселілі са свайго дома – а ён сабраў вернікаў і маліўся за перамены.

Таму, дарагія мітрапаліты, епіскапы, бацюшкі, ксяндзы і пастары.

Хопіць маўчаць. Беларускі народ, які падымаецца, хоча пачуць ваша слова. Божае слова. Калі вы зараз змаўчыце – камяні загалосяць.

Запрашайце вернікаў пасля ранішніх нядзельных набажэнстваў – у масках, з сацыяльнай дыстанцыяй – на дазволеныя пікеты свабоды і салідарнасці.

І няхай у Дзень Святога Духа Бог прыдзе ў Беларусь. З летнім веяннем ціхага ветру. І адновіць аблічча зямлі. Гэтай зямлі.

Жыве Беларусь – з Богам!

З павагай і надзеяй – Павел Севярынец, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

05.06.20 10:30

Павел Севярынец